Мерапрыемствы Новы фестываль для пажылых дюдзей

Новы фестываль для пажылых дюдзей

-

- Рэклама -

Стваральны ўзрост – час для Мудрасці Продкаў

 У Шатландыі ёсць свята, якое ад 2012 г. штогод збірае тысячы ўдзельнікаў – «Luminate». Прысвячаецца яно людзям сталага веку.

Сёлета падобнае свята вырашылі правесці ў Беларусі. Паводле задумы ініцыятараў – сяброў аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» – людзі сталага веку будуць збірацца, каб паказаць адно адному ды ўсім ахвочым, што і ў паважным ды паважаным узросце можна і трэба марыць, планаваць, ствараць і самарэалізоўвацца. Перафразуючы вядомы выраз – ёсць жыццё на пенсіі! Падтрымалі ініцыятыву Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, міністэрствы працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Назоў новаму святу абралі – «Крэатыўны ўзрост». Акурат і азначае – ініцыятыўны, стваральны, энергічны.

Першыя мерапрыемствы адбыліся адначасова ў сямі аграсядзібах па ўсёй краіне. Людзей сталага веку, якія сабраліся падзяліцца сваімі ўмельствамі і жыццёвай бадзёрасцю, у нядзельны дзень 23 верасня можна было пабачыць у аграсядзібах «Верас», «Равновесие», «Люкжино», «Кролова хата», «Палескія традыцыі», «Лебёдка», «Серая шейка».

Акурат на святкаванне ў апошнюю завітаў і наш карэспандэнт.

Аграсядзіба месціцца на ўскраіне вёскі Палыкавічы, што за 2 км ад Магілёва. Яе стварылі Сяргей і Святлана Маханьковы. Як пабачылі госці, назоў невыпадковы – у гаспадарцы ёсць качкі, што плаваюць у немалой сажалцы, а таксама куры, фазаны, цэсаркі, паўліны.

У адкрыцці «Крэатыўнага ўзросту» ў «Серой шейке» ўзялі ўдзел супрацоўнікі Магілёўскага аблвыканкама і таварыства Чырвонага Крыжа. Прадстаўніца «Адпа­чынку ў вёсцы» Алена Ветрава ў сваім выступленні перадала прывітанне ад шат­ландскага «Luminate»; дырэктар фестывалю Анне Галлачар накіравала ў Бела­русь пісьмо, дзе адзначаецца: «Насельніцтва Шатландыі старэе, і з 2012 г. наш фес­тываль прадэманстраваў важнасць таго, каб пажылыя людзі мелі мажлівасць браць удзел у сумеснай творчай дзейнасці. Мы ведаем, што такія магчымасці спры­яюць паляпшэнню здароўя і дабрабыту людзей, яднаюць пакаленні і змян­шаюць адчуванне самоты. Мы хочам, каб пажылыя людзі Шатландыі жылі паўна­кроў­ным жыццём як найдаўжэй, і творчасць з’яўляецца вельмі важным склад­ні­кам. Вядома, насельніцтва старэе ва ўсім свеце, таму я з захапленнем падтрым­лі­ваю вашыя планы правядзення новага фестывалю. І спадзявалася далучыцца да вас, наведаць фестываль, таму вельмі шкада, што мой працоўны графік не да­зволіў гэтага зрабіць. Але з нецярплівасцю чакаю вынікі, каб даведацца, як усё атрымалася».

Пасля афіцыйнай часткі пачаліся канцэртныя выступы і праца на тэматыч­ных пляцоўках. На сцэне над вадою цягам некалькіх гадзінаў выступілі калекты­вы і асобныя выканаўцы з розных раёнаў Магілёўшчыны, валанцёры Чырвога Кры­жа і раённых цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, удзельнікі самадзейных калектываў. А на паляне за сажалкай можна было пабачыць, чым жыхары Магілёўшчыны займаюцца на пенсіі, як ажыццяўляюць прыказку «года – не беда», навучыцца нечаму новаму. У «Літаратурнай гасцёўні» рэй вяла Анаста­сія Кананкова, старшыня валанцёрскага атрада «Милосердие». 82-гадовая жан­чына чытала свае вершы і прадстаўляла творчасць землякоў. Арыгінальныя вы­рабы прывезла Галіна Барысенка – незвычаныя букеты, дзе кветкі – гэта адмыс­лова складзеныя восеньскія лісты, а колеры іх – колеры восеньскага лістападу. А Людміла Краўцова распавяла, што іх суполка працуе не толькі з людзьмі сталага веку, але кантактуе і ладзіць імпрэзы з моладдзю, студэнтамі. Супольна ладзяцца святкаванні і традыцыйныя народныя святы.

Апроч гэтага наведнікі паспрабавалі засвоіць практыкаванні для вачэй паводле Жданава, дыхальную гімнастыку паводле Стрэльнікавай, а таксама наведаць розныя майстар-класы (напрыклад, па вязанні кручком у тэхніцы амігурумі, пляценні з бісеру, квілінгу, стварэнні брошак у стылі «боха»…). А «Бабуліна скрыня» адкрыла цікаўным свае таяміцы – легенды і мясцовыя гісторыі. Супрацоўнікі «Белаграпрамбанка» прапанавалі навучыцца карыстацца інтэрнэт-банкінгам ды іншымі навінкамі ў грашовай справе.

Імпрэза была шматгадзінная, прасторы хапала, свежае паветра спры­я­ла нагульванню апетыту… Таму аграсядзібы Магілёўшчыны прапанавалі ўдзель­нікам і гасцям свята прысмакі. Гаспадар «Серой шейки» С. Маханькоў згатаваў шурпу. Частаваў і прыгаворваў: «Ешце, усё свежае, сваё. Баранчык яшчэ ўчора вунь там бегаў!» Аляксандр Князеў з аграсядзібы «У Князева в Любуже» прывёз вялізны казан – у ім на ўсіх наварыў сапраўднай юшкі.

Па сканчэнні за сяброўскім чаяваннем адбылося падвядзенне вынікаў. Вы­снова ж была адзінагалосная – свята варта працягваць, зрабіць традыцыйным, надаваць больш увагі рэкламе, каб прыязджала больш наведнікаў. А ваш карэс­пандэнт мяркуе, што на такіх мерапрыемствах варта задзейнічаць і традыцыйнае разуменне ролі сталых і старых людзей. Мудрасць, жыццёвы досвед, уменні, ра­мёст­вы, казкі, песні, паданні – бабулі і дзядулі перадавалі іх унукам і праўнукам. Яны былі перадатчыкамі спадчыны ад сваіх продкаў да наступных пакаленняў. На жаль, на першым фэсце «Крэатыўны ўзрост» гэта было мала задзейнічана. Бо мусіць быць повязь пакаленняў. І каштоўнасць не толькі ў тым, што бабуля запроста карыстаецца смартфонам, а дзядуля – адмысловец у найсучасных мо­ла­дзевых танцах. Не перайманне мелодыяў і рытмаў суседніх эстрадаў, не бяз­думнае ўсмоктванне прышлага каштоўнае. Неабходныя захаванне Мудрасці Прод­каў, перадача Спадчыны Наступнікам. І фестываль стваральнага ўзросту зайграе новымі фарбамі, а моладзь будзе спасцігаць роднае ад родных.

Уладзімір ПУЧЫНСКІ, фота аўтара

Мінск – Палыкавічы – Мінск

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам