Гісторыя Канфесіі Гісторыя хрысціянскага дойлідства ў вёсцы Дзяніскавічы

Гісторыя хрысціянскага дойлідства ў вёсцы Дзяніскавічы

-

- Рэклама -

21 лістапада праваслаўныя вернікі адзначылі свята Архістратыга Міхаіла. Цяпер у Ганцавіцкім раёне ёсць дзве царквы, асвечаныя ў яго гонар, – у вёсках Нача і Дзяніскавічы. Пра апошняе паселішча і распавядзем.

Першыя дакументальныя звесткі аб царкве ў Дзяніскавічах адносяцца да 1680 г., калі па ініцыятыве ўніяцкага мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага пачалася візітацыя (інспекцыя) цэркваў Навагрудскага (куды адносілася паўночная частка тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна) і Мінскага паветаў. 27 снежня 1680 г. візітатар наведаў уніяцкую царкву Святой Тройцы ў Дзяніскавічах. Служыў там святар Ян Гарбацэвіч. Царква была драўляная, часткова аздобленая абразамі. Меліся друкаванае Евангелле з металічнаю таблічкаю, Апостал друкаваны, Служэбнік, Трэбнік, Паўустаў друкаваны, а таксама адзін звон алтарны – на званіцы. Плябанія складалася з трох чорных хатаў з сенцамі, гумна і хлява. Зямлі – дзве валокі з сенакосамі. У парафію ўваходзілі Дзяніскавічы, Шашкі, Еськавічы, 240 чалавек. Раней прыходам кіраваў айцец Рыгор Гарбацэвіч, якога ад гэтай царквы цалкам адхілілі з-за розных значных праступкаў. На жаль, высветліць з гэтага дакумента, калі была пабудаваная царква, немагчыма.

Наступная візітація адбылася толькі ў 1696 г. Святаром у Дзяніскавічах па сваім дзядзьку Яну Гарбацэвічу быў ужо айцец Іосіф Лазавіцкі. Парафія была тая ж, што і ў 1680 г.

На 1837 г. у Дзяніскавічах мелася ўніяцкая царква Святых Пятра і Паўла, да якой адносілася прыпісная капліца ў Ізбіцкім Лесе (Бары). Прыхаджанаў – 743 чалавекі, зямлі царкоўнай – 3 валокі і 10 моргаў (71,2 га).

У 1839 г., пасля Полацкага сабору, на якім было прынятае рашэнне аб ліквідаванні ўніяцтва ў краі, царква ў Дзяніскавічах, відавочна, была пераведзеная ў праваслаўе.

З Кліравай ведамасці за 1865 г. вядома, што Петра-Паўлаўская царква ў Дзяніскавічах пабудаваная ў 1842 г. (далей пойдуць розначытанні наконт года пабудовы) на грошы памешчыка князя Льва Радзівіла. Будынак храма драўляны з такой жа званіцаю; з-за дрэннага даху ён у многіх месцах моцна працякаў, і царкве патрабаваўся рамонт.

Бліжэйшыя цэрквы знаходзіліся ў Круговічах за 7 вёрстаў (7,7 км) – Георгіеўская царква, у Лактышах за 12 вёрстаў (13,2 км) – Мікалаеўская. У Ізбіцкім (Узбійскім, Ізбійскім) Бары знаходзілася прыпісная царква ў гонар Успення Найсвятой Багародзіцы.

Святаром служыў 69-гадовы Людвіг Іаанавіч Гарбацэвіч. У 1828 г. ён скончыў Жыровіцкае епархіяльнае вучылішча і прызначаны ў Агарэвіцкую Свята-Ушэсцкую царкву. 20 снежня 1845 г., па скасаванні Агарэвіцкага прыхода з-за малалікасці і далучэння яго да Круговіцкага, быў пераведзены да Дзяніскавіцкай Петра-Паўлаўскай царквы.

Дзячком быў 46-гадовы Фама Кандрацьевіч Сушчынскі, які навучаўся ў Слуцкім Траецкім манастыры; да Дзяніскавіцкай царквы пераведзены ў 1856  г. Заштатнымі святарамі служылі родныя браты настаяцеля прыхода – 54-гадовы Фелікс Іаанавіч і 53-гадовы Макарый Іаанавіч Гарбацэвічы. За старасту пры царкве працаваў мясцовы 22-гадовы селянін Васіль Стэфанавіч Глеб.

Паводле Памятнай кніжкі за 1871 г. Петра-Паўлаўскай царкве патрабаваўся рамонт, да яе прыпісалі новую царкву ў Ізбіцкім Бары. У прыход уваходзілі сяло Дзяніскавічы і вёскі Яськовічы (менавіта так былі названыя Еськавічы) і Бучы (магчыма, тут маецца на ўвазе суседняя Будча, дзе храм на той час хутчэй за ўсё не меў святара).

З Памятнай кніжкі 1901 г. вядома, што Петра-Паўлаўскую царкву пабудавалі ў 1786 г. (яшчэ адна лічба). У склад прыхода ўваходзілі Дзяніскавічы і Еськавічы; налічваў 886 чалавек мужчынскага полу і 828 – жаночага. Прычт складаўся са святара Іаана Вернікоўскага, які скончыў Мінскую духоўную семінарыю, меў набедранік, а таксама псаломшчыка Васіля Мігая, выпускніка Мінскага духоўнага вучылішча. Пры царкве дзейнічала прыходская школа, пабудаваная ў 1884 г. За загадчыка і законавучыцеля ў 1901 г. быў мясцовы святар, а месца настаўніка было вакантным.

На пачатку ХХ ст. у Дзяніскавічах адбыўся вялікі пажар, у выніку якога згарэла большая частка вёскі, у т.л. – царква. Амаль адразу ж пачаліся працы па яе аднаўленні. Лес на будаўніцтва выдзеліў адзін з князёў Радзівілаў. Дзяніскаўцы бясплатна пілавалі лес, тралявалі, вазілі на сваіх конях бярвенні на тартак. Галоўныя ж працы выконвалі прыезджыя, якія далёка славіліся сваім майстэрствам у цяслярнай, сталярнай справе і ў разьбе па дрэве. Царква будавалася па лякалах Петра-Паўлаўскай (Троіцкай) царквы ў вёсцы Востраў Ляхавіцкага раёна. Новазбудаваную праваслаўную святыню асвяцілі ў гонар Святога Архангела Міхаіла.Dzianiskaviczy_01З Кліравай ведамасці 1931 г. вядома, што новую Свята-Міхайлаўскую царкву пабудавалі ў 1908 – 1909 гг. за сродкі прыхаджанаў і сінода. Драўляная на каменным падмурку; званіца з чатырмя званамі аб’яднаная з царквою. Пасад асвечаны ў гонар Стрэчання. Штат складаўся са святара і псаломшчыка.

3 кастрычніка 1944 г. выканаўца абавязкаў благачыннага Лунінецкай акругі і павета Пінскай вобласці протаіерэй Кіпрыян Сямёнавіч Дылеўскі, настаяцель Дзяніскавіцкай царквы протаіерэй Іаан Міхайлавіч Вернікоўскі з удзелам эксперта Савы Цімафеевіча Долмата на падставе прадпісання Палескага часовага Епархіяльнага ўпраўлення ад 30 жніўня 1944 г. склалі акт «Аб шкодзе, прынесенай нямецка-фашысцкімі захопнікамі». У ім сказана, што 17 лютага 1944 г. пад час бою ў Дзяніскавічах царква і дом псаломшчыка апынуліся ў цэнтры абстрэлу і згарэлі. Вось што ўспамінаў ўдзельнік тых падзеяў ветэран партызанскай брыгады імя Панамарэнкі артылерыст Юрый Сяргеевіч Мінянкоў: «Паступіў загад высунуць гармату бліжэй да Дзяніскавічаў, каб прыцэльна знішчыць станкавыя кулямёты, што былі ўстаноўленыя на званіцы царквы… Выскачыўшы на гравійку, мы патрапілі пад кулямёты са званіцы, але застаялыя коні хутка даімчалі гармату да новай пазіцыі. Стукнулі некалькімі бранябойна-запальнымі снарадамі па царкве… Так, змушаны я сёння адкрыта сказаць перад Богам, перад праваслаўным народам, што царкву ў Дзяніскавічах разбіла мая гармата…».

У сакавіку 1947 г. у Дзяніскавічах быў малітоўны дом. Служыў у ім быў усё той жа Іаан Міхайлавіч Вернікоўскі, а псаломшчыкам – Рыгор Аляксеевіч Сукач. Прыхаджанаў у Дзяніскавічах налічвалася 1 008 чалавек мужчынскага полу і 1 017 – жаночага, а ў Еськавічах – 576 мужчынаў, 555 – жанчынаў.

19 верасня 1949 г. Будчанская царква стала прыпісной да Дзяніскавіцкага прыхода, а 4 мая 1950 г. настаяцель Дзяніскавіцкай царквы протаіерэй І. Вернікоўскі па слабасці здароўя і па ўзросце звольніўся ў пазаштат.

У 1962 г. у Дзяніскавічах зноў здарыўся вялікі пажар, які знішчыў шмат дамоў, у т.л. і дом святара, дзе праходзілі набажэнствы. Вёска больш чым на 30 гадоў засталася без царквы. Праваслаўныя вернікі наведвалі царкву ў Вялікіх Круговічах, адзіную на той час дзейную ў Ганцавіцкім раёне.

Больш за пятнаццаць гадоў Свята-Міхайлаўская царква ў Дзяніскавічах часова размяшчалася ў прыстасаваным для гэтага будынку былога магазіна, які райспажыўсаюз бясплатна перадаў мясцовым праваслаўным вернікам.

Dzianiskaviczy_02У 2008 г. па ініцыятыве праваслаўных вернікаў вёскі на чале з мясцовым святаром іерэем Іаанам Пашкевічам пачаліся працы па аднаўленні хрысціянскай святыні. Было вызначанае месца для пабудовы новага храма. У лістападзе 2009 г. закладзены падмурак памерам 8х16 метраў; 9 кастрычніка 2010 г. у прысутнасці архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана адбылося асвячэнне і закладка першага каменя ў падмурак. 1 чэрвеня 2013 г. новазбудаваная царква асвечаная як Свята-Міхайлаўская.

У артыкуле прыведзеныя асноўныя звесткі аб хрысціянскім дойлідстве ў Дзяніскавічах, многія дадзеныя з архіўных дакументаў не трапілі ў яго. Але могуць стаць матэрыялам асобнага раздзела ў кнізе «Хрысціянскія святыні Ганцавіччыны».

 Віталь ГЕРАСІМЕНЯ, галоўны захвальнік фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея

(Цалкам артыкул надрукаваны ў № 44 “Краязнаўчай газеты”)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам