Гісторыя Канфесіі Прыцягальная сіла ўрочышча Ізбійскі Бор

Прыцягальная сіла ўрочышча Ізбійскі Бор

-

- Рэклама -

На сённяшні дзень урочышча Ізбійскі Бор з’яўляецца ці не самым папулярным турыстычна-паломніцкім месцам на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Сюды што­дзень прыязджаюць людзі не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з-за межаў на­шай краіны, а на вялікія праваслаўныя святы іх колькасць павялічваецца ў дзясяткі разоў.

Сам Ізбійскі Бор (сустракаюцца і іншыя варыянты напісання – Ізбіцкі, Узбійскі) – лясное ўрочышча, што знаходзіцца поруч з аўтамабільнай дарогаю паміж вёскамі Будча і Дзяніскавічы, і ўжо цягам некалькіх стагоддзяў лічыцца сапраўдным свя­тым месцам. Аб Ізбійскім Бары напісана дастаткова шмат артыкулаў, пры тым для іх напісання ў ход пераважна ішлі разнастайныя «легенды» і «паданні». У гэтай пуб­лікацыі мы таксама раскажам пра святое месца, але за аснову возьмем вартыя даверу архіўныя і літаратурныя крыніцы.

Першапачаткова тут знаходзілася ўніяцкая капліца, аб чым сведчыць Пратакол генеральнай візітацыі (інспекцыі) Дзяніскавіцкай уніяцкай царквы Клецкага дэка­на­та, які датуецца 5 лютым 1784 года: «Капліца ў пушчы, якая называецца “на Ізбій­скім Бары”, знаходзіцца за мілю ад парафіяльнай царквы. Пад тытулам Успення Найсвяцейшай Дзевы. Ніякіх абавязкаў для святара і наданняў (на ўтрыманне гэ­тай капліцы) не мае. Пастаўленая ў незапамятныя часы. Зрубленая з кругляка ў вуглы. Накрытая дранкай. З адным купалам, на якім жалезны крыж. Дзверы да яе на жалезных завесах з навясным замком, жалезнымі зашчапкай і прабоем. Пад­лога і столь з дошак. Тры вакны простага шкла зробленыя з дрэва. Вялікі алтар за пафарбаванымі разбярскай работы Царскімі Варотамі. У ім абраз Найсвяцейшай Дзевы, перад якім прастол сталярнай работы, накрыты ручнікамі і на якім адна пара драўляных падсвечнікаў».

Дакладная дата пабудовы тут хрысціянскай святыні невядомая, можна мерка­ваць, што гэта першая палова XVIII стагоддзя. Рэч у тым, што ў Пратаколе гене­ральнай візітацыі 1680 года на тэрыторыі прыходаў Дзяніскавіцкай і іншых нава­кольных цэркваў ніякіх капліцаў у лясных урочышчах не адзначана. Да таго ж ме­на­віта ў XVIII стагоддзі ўніяцкая царква актывізавала змаганне з існаваннем і функ­цыянаваннем разнастайных «святых месцаў» – рэшткаў язычніцкіх культаў, што карысталіся асаблівай папулярнасцю ў сялянаў-палешукоў. Каб прыстасаваць такое «святое месца» ў Ізбійскім Бары пад патрэбы хрысціянскага культу, тут і была збудаваная капліца.

На 1837 год тут усё яшчэ была ўніяцкая капліца, што была прыпісаная да Дзя­ніскавіцкай царквы Святых Пятра і Паўла. У 1839 годзе пасля Полацкага сабора, на якім было прынятае рашэнне аб ліквідаванні ўніяцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, хутчэй за ўсё, царква ў Дзяніскавічах разам з капліцаю ў Ізбійскім Бары была пераведзеная ў праваслаўе.

З Кліравай ведамасці за 1865 год становіцца вядома, што: «У Ізбійскім Бары зна­ходзілася прыпісная царква ў гонар Успення Найсвятой Багародзіцы. Пабуда­ваная яна была ў 1861 годзе (верагодна, вялася перабудова пад каноны права­слаў­най святыні. – В.Г.) з дазволу Мінскай духоўнай кансісторыі намаганнямі мяс­цовага святара Людвіга Гарбацэвіча і царкоўнага старасты Герасіма Глеба. Буды­нак царквы ў Ізбіцкім Бары быў драўляны, без званіцы. Начынне было ў дастат­ко­вай колькасці. Ад самастойнай царквы знаходзілася за 6 вёрстаў (6,4 км)».

У Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі на 1879 год прыводзяцца дастат­кова падрабязныя звесткі: «Да гэтай Дзяніскавіцкай царквы прыналежыць прыпі­са­ная, размешчаная ў Ізбіцкім Бары Успенская драўляная царква, у якой знаходзіцца мясцова шануемы абраз Найсвятой Багародзіцы, пісаны на драўлянай дошцы, па­меры якога ў даўжыню адзін аршын (71 см), а ў шырыню 12 вяршкоў (54 см). Па­вод­ле мясцовага, вельмі старажытнага (хаця і няяснага) падання, абраз гэты явіў­ся ў сонным бачанні аднаму з набожных сялянаў на тым месцы, дзе сёння знахо­дзіцца царква, і абвясціў, што з гэтага часу ён будзе апекаваць над усімі, хто будзе да яго звяртацца. Для ўшанавання гэтага абраза сцякаецца значная колькасць бага­мольцаў, асабліва ў дзень Успення Найсвятой Багародзіцы, у які паступае даходу на карысць царквы 30 – 35 рублёў і на карысць прычту 70 – 90 рублёў».

У Кліравай ведамасці за 1931 год прадстаўленая інфармацыя, што прыпісная да самастойнай прыходскай Дзяніскавіцкай моцная царква пабудаваная ў 1923 (!) годзе (цікава, што змусіла вернікаў будаваць новую царкву?).

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам