Гісторыя Канфесіі Не застацца па-за Кармою…

Не застацца па-за Кармою…

-

- Рэклама -

30 красавіка 1998 г. вызначэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы да ліку мясцовашанаваных святых прылічаны протаіерэй Іаан Гашкевіч (Іаан Кармянскі). 31 мая 1998 г. святы праведны Іаан Кармянскі быў уведзены ў Сабор Беларускіх святых. Паходзіць з роду Гашкевічаў, які даў першага консула Расійскай імперыі ў Японіі Іосіфа Гашкевіча, складальніка рускамоўных дапаможнікаў па вывучэнні японскай мовы (некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што быў стрыечным братам святога праведнага Іаана Кармянскага, але верагодней – даводзіўся яму дзядзькам).

Нарадзіўся І. Гашкевіч у сям’і святара ўначы на 20 кастрычніка 1837 г. і быў ахрышчаны ў гонар апостала Іаана Багаслова.

Ужо з чатырох гадоў дапамагаў бацьку ў храме і маліўся. У служэнні бачыў і сваё прызначэнне. У 1859 г., пасля заканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі, яго накіроўваюць законавучыцелем у вёску Агародня (цяпер Добрушскі раён), а 24 лютага 1862 г. адбываецца хіратонія І. Гашкевіча ў іерэя, і ён атрымлівае накіраванне на сваё першае месца служэння — у царкву Нараджэння Багародзіцы вёскі Шарсцін Рагачоўскага павета (цяпер Веткаўскі раён), дзе ў малітвах і пастырскай дзейнасці  прайшлі 14 гадоў яго служэння. Пасля 1876 г. айцец Іаан пераводзіцца ў храм Перанясення мошчаў свяціцеля Мікалая вёскі Агародня, на радзіму жонкі,  дзе ў поўнай меры раскрываюцца ягоныя духоўныя сілы. Храм робіцца для яго месцам малітоўнага подзвігу. У новым прыходзе святар прыкладаў шмат сілаў дзеля добраўпарадкавання храма і царкоўных збудаванняў. Сваёй жа ўласнасці ён ніколі не меў. Да скону дзён жыў сціпла ў старэнькай хатцы, крытай саломай.

Пры жыцці айца Іаана выдзялялі духоўная любоў і высокі духоўны аўтарытэт. І пайшлі да святара простыя людзі, знаходзячы ў праведніка мір, супакой турботным сэрцам. Каб адчуць у храме Божую любасць, да дабрадзейнага бацюшкі на богаслужэнні пачалі прыходзіць людзі з бліжэйшых вёсак. Многім ён дапамагаў парадаю, малітваю і справаю, часта паўтараючы словы апостала Іакава: «Вера без справаў мёртвая». Да самай смерці айцец Іаан нязменна дапамагаў удовам і сіротам. Удаве, у якой загінуў муж пад час Першай сусветнай вайны і засталося пяць сіротаў, бацюшка аддаў сваю карову. Другой беднай удаве Мар’і сказаў: «Бог дабраславіць, бяры дровы, грэй печ дзеткам, каб не замерзлі».

Запаведзь пра любоў да Бога і блізкага айцец Іаан выканаў усім сваім жыццём. Гэта адзначалі і прыхаджане храма, у якім ён быў настаяцелям цягам 36 гадоў, і духоўнае начальства. У 1893 г. ён быў прызначаны духоўным следчым у благачынні і выбраны сябрам Благачыннечай рады. Потым узведзены ў сан протаіерэя, узнагароджаны набедранікам, скуф’ёй, камілаўкай, залатым наперсным крыжам, ордэнам Святой Ганны ІІІ ступені, ордэнам святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра IV ступені. У 1912 г. айцец Іаан выходзіць за штат з прычыны ўзросту (75 гадоў).

Разам з матушкай Марыяй выхаваў сямёра дзяцей; чацвёра сыноў (Сімяон, Іаан, Міхаіл і Платон) сталі святарамі, Ігнацій – псаломшчыкам, дочкі Таццяна і Ганна таксама шмат працавалі ў храме.

За руплівае выкананне пастырскіх абавязкаў, любоў да людзей, лагоднасць, пакорлівасць, малітоўны подзвіг звычайны вясковы шматдзетны бацюшка атрымаў ад Духа Святога дары ацаленняў, цудатварэнняў і празорлівасці. Аднойчы, пад час служэння ў храме, бацюшка ўбачыў над прастолам вялікі крыж. Свайму сыну святару Іаану ён сказаў: «Да цябе ў храм прыйдзе Маці Божая, пасля яе наведвання храм абязлюдзіць». І гэта адбылося ў 1930-я гг., праз 20 гадоў пасля смерці бацюшкі. Многія помняць, як зайшла ў храм Жанчына, апранутая незвычайна для тых мясцінаў, і падышла да чашы без споведзі. Усе стаялі як зачараваныя, некаторыя бачылі вакол Жанчыны юнакоў у белых апратках. Святар узгадаў словы бацькі, забраў з храма антымінс (святая хуста, на якой здзяйсняецца літургія), а неўзабаве храм закрылі. Айца Іаана-малодшага адправілі ў ссылку.

Бацюшка не дажыў да кастрычніцкай рэвалюцыі, але прадказаў яе. Зямное жыццё айца І. Гашкевіча скончылася ўвосень 1917 г. У дзень скону бацюшкі (паводле ягонага прадказання) быў ясны пагодны дзень. На трэці дзень пасля смерці пры зборы духавенства акругі і мноства народа протаіерэй Іаан быў пахаваны з правага боку каля алтара царквы, дзе служыў.

У 1950-х гг. храм быў спалены, а на ягоным месцы былі збудаваныя футбольнае поле і танцавальная пляцоўка, пахаванні святароў (айца Іаана і яго сына айца Міхаіла) былі зруйнаваны і страчаны. У ліпені 1991 г. цудоўным чынам былі здабытыя нятленныя мошчы протаіерэя Іаана Гашкевіча і з глыбокай пашанай перанесеныя ў храм Пакрова Найсвятой Багародзіцы вёскі Карма Добрушскага раёна, захаваныя каля алтара гэтага храма.  9 верасня 1997 г.  мошчы былі ўзнятыя з-пад спуду і змешчаныя ў Свята-Пакроўскім храме ў рацы з левага боку ад алтара. Адмыслова створаная камісія засведчыла нятленне мошчаў праведнага ўгодніка Божага. 8 жніўня 2000 г. вызначэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы было вырашана заснаваць пры Свята-Пакроўскім прыходзе жаночы манастыр у гонар святога праведнага Іаана Кармянскага і даць яму назоў Свята-Іаанаўскі Кармянскі жаночы манастыр.

Вывучэннем біяграфіі святога Іаана Кармянскага займаецца паэтка, журналістка Анжаліна Дабравольская  (Ангеліна). Прапануем чытачам «Краязнаўчай газеты» ўрывак з яе паэмы «Вандроўка да святога Іаана Кармянскага».

Падрыхтаваў Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам