Гісторыя Канфесіі Мой род – мая радзіма

Мой род – мая радзіма

-

- Рэклама -

Летапіс царквы і род святароў

 «Ёсць кнігі, прачытаўшы якія, задумваешся: а што зрабіў ты?» – гэтак пачаў чарговую сутрэчу з цыкла прэзентацыяў краязнаўчай літаратуры ў своеасаблівай «краязнаўчай гасцёўні» галоўны рэдактар нашай газеты Уладзімір Гілеп. А таксама згадаў выпадак са свайго жыцця – з часоў ваеннага маленства, калі ў 1942 годзе яго пахрысцілі разам з вялікаю групаю дзетак (казалі старэйшыя, што вандроўныя манахі-місіянеры з Жыровіцкага манастыра). Той выпадак забыўся, бо па вайне падобныя ўчынкі не ўхваляліся савецкаю ўладаю (асабліва, калі бацька – вайсковец, камуніст). Але колькі гадоў таму пры выпадковай сустрэчы Уладзіміру Аляксандравічу пра тое нагадала адна з ахрышчаных тады дзяўчынак… Хто яны былі, адкуль? Даследчыца Лідзія Кулажанка мяркуе, што гэта маглі быць вядомыя місіянеры архімандрыт Серафім (Шахмуць) са святаром Рыгорам (Кударэнкам).

Сапраўды, невялікае паводле аб’ёму і накладу выданне – багатае на звесткі, на фактуру, дае шмат матэрыялу для роздуму. Кніга «Летапіс Іаана-Прадцечанскай царквы сяла Блячын Мінскай епархіі Слуцкага павета» выйшла летась накладам усяго 100 асобнікаў. Ініцыятарамі выдання сталі Музей гісторыі Клеччыны, краязнаўца, музейшчык Андрэй Блінец, дапамаглі ім супрацоўнікі выдавецтва мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Л. Кулажанка і Уладзімір Кулажанка. Прысвечанае выданне светлай памяці краязнаўцы Мікалая Георгіевіча Хільтова (1941 – 2016).Чытаць далей…

Нашыя сталыя чытачы, мабыць, памятаюць артыкулы сп. Блінца пра царкву ў сяле Блячын (цяпер гэта вёска Садовая ў Клецкім раёне), а таксама артыкулы сп. Хільтова пра род праваслаўных святароў Хільтовых, які быў пароднены з маці Максіма Багдановіча і з акадэмікам Яўхімам Карскім. Іншым жа прапануем пагартаць падшыўку нашай газеты за 2015 г.

Blaczyn_01 Blaczyn_02 Blaczyn_03На сустрэчу ў гасцінны Музей Максіма Багдановіча 30 сакавіка завіталі тыя, хто спрычыніўся да выдання кнігі, зацікаўленыя ў вывучэнні царкоўнай гісторыі Беларусі, а таксама родныя М. Хільтова.

Агульную танальнасць сустрэчы задала песня Сяргея Новіка-Пеюна «Не гудзе зялёная дуброва», што прагучала перад пачаткам. Ёсць у ёй жыцце­сцвяр­джальны фінал, што пасля ўсіх нягодаў «загудзе нам новая дуброва ў новай славе, велічы, красе». Так і свядомасць людская адраджае памяць пра хрысціянскі і грамадзянскі подзвіг святароў Хільтовых, як адраджаецца і старадаўні храм у Блячыне/Садовай. (Дарэчы, на вокладцы кнігі змешчаны малюнак Блячынскай царквы, зроблены Сяргеем Міхайлавічам у 1926 годзе.)

Даследчыца Л. Кулажанка распавяла аб гісторыі стварэння кнігі. Рэч у тым, што ў маі 1867 года быў прыняты Указ Мінскай духоўнай кансісторыі аб увядзенні царкоўных летапісаў. Былі распрацаваныя адпаведныя Правілы, згодна з якімі вызначаўся прыкладны змест і структура царкоўнага летапісу. У кожным жа рэгіёне летапісанне мела свае асаблівасці, адлюстроўвала факты і падзеі мясцовага царкоўнага і грамадскага жыцця. Так менавіта прыходскае духавенства станавілася гісторыкамі сваіх прыходаў. І ў летапісах знаходзілі адлюстраванне звесткі пра стыхійныя бедствы, адметныя для рэгіёна падзеі. У гістарычнай частцы ў адвольнай форме падаваліся гісторыя прыхода, да пачатку летапісання; зазвычай прыводзіліся звесткі пра заснаванне храма, яго фундатараў, пра мясцовашанаваныя святыні і падобнае. Былі і апісанні вёсак, што ўваходзілі ў прыход, прыпісных цэркваў і капліцаў. У другой, асноўнай летапіснай, частцы звесткі выкладаліся адпаведна структуры летапісу, па гадах. Апроч іншага тут фіксаваліся стасункі з дзяржаўнымі і царкоўнымі ўладамі, прастольныя святы, змены ў царкоўным актыве. У раздзеле «Аб прытчы» падаваліся біяграфічныя звесткі святароў і царкоўнаслужыцеляў; раздзел «Аб прыходзе і прыхаджанах» апісваў стан і змены рэлігійна-маральнага стану жыхароў, іх стаўленне да Царквы. Шмат увагі надавалася ўплыву на прыхаджанаў значных гістарычных падзеяў (прыкладам, руска-японскай вайны, рэвалюцыяў 1905 – 1907 і 1917 гадоў, польскай і нямецкай акупацыяў). У раздзеле «Аб прыродных з’явах» апісваліся значныя прыродныя і астранамічныя з’явы, ураджай, кошты на асноўныя прадукты харчавання; апошні раздзел «Агульныя звесткі» меў статыстыку па нараджальнасці і смяротнасці, колькасці вянчанняў і адпяванняў. Як бачым, царкоўныя летапісы – каштоўная крыніца па краязнаўстве.

Летапіс Блячынскай царквы, зазначыла спн. Кулажанка, быў ледзьве не страчаны. У Музеі гісторыі Клеччыны захавалася толькі фотакопія (і тое, пачынаецца з 1903 года). Даследчыца заклікала прысутных па магчымасці пацікавіцца летапісамі цэркваў тых мясцінаў, адкуль паходзяць яны або продкі.

У сувязі з гэтым Анатоль Бутэвіч зазначыў, што варта заняцца вывучэннем ацалелых летапісаў і іх зборам у адпаведных месцах: раённыя краязнаўчыя музеі, архівы епархіяў і пад.

Суправаджалася сустрэча фрагментамі радыёперадачы «Святло душы» (вядучая журналістка Людміла Мікатовіч) і перадачы Белтэлерадыёкампаніі, БТ-1 і ВоенТВ «Крестный путь». Прысутныя пачулі М. Хільтова, Валянціну Гаховіч, А. Блінца, пабачылі дакументальную рэканструкцыю падзеяў Вялікай пятніцы 1944 года, калі былі арыштаваныя айцы Мікалай і Георгій Хільтовы, пазнаёміліся з лістамі С. Новіка-Пеюна, які стаўся адных з апошніх, хто бачыў святароў і іх матушак жывымі ў канцлагеры Калдычэва.

Па сканчэнні імпрэзы ўдава М. Хільтова, Ала Мар’янаўна, шчыра падзякавала арганізатарам і выдаўцам за памяць пра яе мужа і ягоных продкаў, за расповед пра гісторыю царквы, што знітавалася з людскімі лёсамі. І ўвогуле ўся імпрэза адсылае да яшчэ аднае рубрыкі нашай газеты – «Будзем памятаць мы…». …будуць помніць і нас – каб не згубіцца ў бураломнай віхуры часу.

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ, фота аўтара

 Ад рэдакцыі. Наперадзе – новыя сустрэчы з краязнаўцамі і іх выданнямі. Наступная – у маі. Сачыце за абвесткамі ў газеце і на сайце, а таксама завітвайце на імпрэзы.

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам