Справу Скарыны помняць і працягваюць
Напачатку жніўня мінская царква хрысціянаў веры евангельскай «Божая ласка» і царква «Ян Прадвесьнік» адзначалі 500 гадоў беларускай Бібліі. Гаворцы пра ўнікальную Біблію і ўнікальны дзень яе выдання (няшмат у якіх краінах вядомая дакладная дата надрукавання Бібліі, а Францыск Скарына прадбачліва занатаваў гэта) не зашкодзіў нават дождж, які добра паліваў выступоўцаў і слухачоў.
Чытаць далей…
Пасля расповеду пра тое, як пяць стагоддзяў таму беларусы атрымалі магчымасць чытаць і разумець Слова Божае, на святкаванне завітаў і сам Францыск Скарына, які, праўда, крыху затрымаўся: з-за дажджу «спазнілася брычка з Прагі».
Пад час свята было чым заняцца і дзецям, і дарослым. У імправізаванай друкарні можна было адмысловым чынам зрабіць гравюру з выявай герба Скарыны, ахвочыя маглі ўласнаручна перапісаць урывак з Бібліі, паскладваць пазлы на біблейскія тэмы або сфатаграфавацца ў прыгожых строях XVI стагоддзя.
Цікавым атрымалася невялікае тэатралізаванае прадстаўленне. У дзень адкрыцця Музея Бібліі дзяўчына-наведніца так захапілася перапіскай у сацсетцы, што не заўважыла, як музей зачынілі на ноч. Ажно сабраныя ў адной экспазіцыі статуі першадрукара Скарыны, мецэната Мікалая Радзівіла Чорнага і баптысцкага пастара Лукаша Дзекуць-Малея раптам ажылі і пачалі знаёміцца.
– А вы таксама Біблію перакладаеце? – запыталіся ў дзяўчыны.
– Не, я проста студэнтка…
– Кракаўскага ўніверсітэта?
– Віленскага ўніверсітэта?
– Не, мінскага…
– У Менску ёсць універсітэт?! – Мікалай Радзівіл быў у захапленні. – Не чуў…
– А ў якім семестры ў вас выкладаюць тэалогію? – пацікавіўся Скарына.
– У нас няма такога…
– А ці выкладаюць у вас Закон Божы? – пытае Дзекуць-Малей.
– Не…
– Вы хаця б моліцеся перад заняткамі? – вырашыў расставіць кропкі над «і» Радзівіл.
– Таксама не…
– Чаму вас толькі вучаць там!
– Ну, у нас шмат розных прадметаў. Ва ўніверсітэце мы вывучаем навукі. Пры чым тут малітвы і Слова Божае? У нас не прынята змешваць справы грамадства і царквы.
– Цікава, а як гэта можна атрымаць веды без самага галоўнага? Універсітэт створаны, каб вучыць праўдзе – Божай праўдзе!
– Дарэчы, а які ў вас зараз год? – размова перайшла ў іншае рэчышча.
– 2017-ы, – дзяўчына відавочна радая, што ёй перасталі задаваць дзіўныя пытанні.
– Напэўна ж, кожны беларус цяпер мае Біблію на роднай мове?
– Ну не тое каб кожны…
– Але як жа так? За 500 гадоў не змаглі надрукаваць дастаткова Біблій? – усе тры асветнікі былі нямала здзіўленыя. Але тут у музей увайшла супрацоўніца, і статуі знерухомелі…
Таксама пад час свята можна было ўбачыць цэлую выстаўку Біблій на беларускай мове – ад факсімільнага выдання Скарынавай Бібліі і да выдадзенай сёлета «Малой падарожнай кніжкі. Вэрсія 2.0». Гісторык Андрусь Унучак распавёў:
– Адным з наступнікаў беларускага першадрукара стаў Васіль Цяпінскі, які друкаваў у сваім маёнтку Біблію, карыстаючыся перакладам Скарыны. Ён выдаткаваў на гэта шмат сродкаў, прадаўшы адзін з трох сваіх маёнткаў, чым потым былі вельмі незадаволеныя яго дзеці. Цягам некалькіх стагоддзяў пасля таго, як Рэфармацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім пацярпела паразу, Бібліі на беларускай мове не друкаваліся. Чытаць Слова Божае можна было толькі па-руску ці па-польску. У 1931 годзе баптысцкі пастар Лукаш Дзекуць-Малей з дапамогай Антона Луцкевіча пераклаў і выдаў Новы запавет і Псалтыр. Дзекуць-Малей быў сапраўдным патрыётам, можна сказаць, што ў ягоным жыцці былі тры важныя справы: пропаведзь Слова Божага, пераклад Бібліі і стварэнне школаў. Лёс яго незвычайны: Дзекуць-Малея мусілі расстраляць 22 чэрвеня 1941 года, але не зрабілі гэта, бо пачалася вайна.
Увогуле ж цяпер ёсць тры пераклады ўсёй Бібліі на беларускую мову: у 1973 годзе ў Нью-Ёрку выйшаў пераклад Янкі Станкевіча і Майсея Гітліна, у 2002 годзе з’явіўся пераклад Васіля Сёмухі, а ў 2012-м быў выдадзены пераклад ксяндза Уладзіслава Чарняўскага пад рэдакцыяй пастара Антона Бокуна. Здавалася б, дастаткова шмат зроблена, але:
– Паводле апошняга перапісу ў нашай краіне два з паловай мільёны чалавек размаўляюць па-беларуску, а агульны наклад усіх Біблій на беларускай мове ўсяго 50 тысячаў, – зазначыў А. Унучак.
Вось так і атрымліваецца, што з 2017 года мы мімаволі вяртаемся назад на некалькі стагоддзяў, калі Біблія па-беларуску была дэфіцытам. Каб гэтая прыкрая сітуацыя хоць крыху была выпраўленая, пасля заканчэння свята кожны ахвочы атрымаў перавыдадзеную «Малую падарожную кніжку».
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара