Гісторыя «Любіце Беларусь» – дэвіз святкавання

«Любіце Беларусь» – дэвіз святкавання

-

- Рэклама -

Вясна падаравала сёлета ў нядзелю 25 сакавіка сонечны ясны дзень. Што надало дадатковай урачыстасці. У розных гарадах краіны (Гродне, Брэсце, Слуцку, Баранавічах, Глыбокім, Шаркаўшчыне ды іншых) прайшлі разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзначылі юбілейную дату і землякі за межамі. Прапануем коратка прайсціся некаторымі адрасамі святочных імпрэзаў.

Варта нагадаць, што сёлета ў студзені кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава зазначыла, што «калі гэтае святкаванне неабходнае грамадству, то, значыць, будзем разам, сумеснымі дзеяннямі і планамі рэалізоўваць усё гэта». Да юбілею абвяшчэння дзяржавы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрытая выстаўка «1918: БНР – Ідэя. Край. Дзяржава (Крок да Незалежнасці)», выстаўкі да гэтай падзеі адбыліся ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры; у НАН Беларусі прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «БНР у гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці»; Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдаў грунтоўны том «БНР – крок да незалежнасці».

З нагоды юбілею Рэспублікі ў беларускай сталіцы непадалёк ад Літаратурнага музея Янкі Купалы з’явіўся памятны знак, прысвечаны братам Антону і Івану Луцкевічам – валун з адпаведнай шыльдаю з’явіўся на месцы, дзе стаялі дамы Луцкевічаў. Устаноўку прафінансаваў Мінскі гарвыканкам. Ёсць меркаванне, што неўзабаве з’явіцца мемарыяльная дошка на будынку па вул. Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 г. на світанку была прынятая Трэцяя Устаўная грамата да народаў Беларусі.

25 сакавіка ў мінскім архікафедральным касцёле Найсвятой Панны Марыі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся за Беларусь і назваў стагоддзе БНР святам дабравешчання беларускай незалежнасці (нагадаем, што ў гэты дзень каталікі адначалі святы Дабравешчання і Уваходу Хрыста ў Іерусалім).

Цэнтрам сталічных мерапрыемстваў стала Траецкая горка, пляцоўка перад тэатрам оперы і балета. Тут цягам 6 гадзінаў доўжылася самая масавая імпрэза. Адметнасць яе ў тым, што арганізацыяй займаліся не дзяржаўныя структуры, не палітычныя партыі і рухі, не знакавыя грамадскія асобы – урачысты сход і канцэрт «Свята Незалежнасці» зладзілі грамадзяне, арганізатары культурніцкіх імпрэзаў, блогеры. Галоўным рухавіком стала культурніцкая ініцыятыва «Арт-Сядзіба», кіраўнік якой Павел Белавус зазначыў, што непасрэдна ў падрыхтоўцы і правядзенні было задзейнічана блізу паўтысячы чалавек. Сярод партнёраў і фундатараў – інтэрнэт-партал «TUT.BY», мэблевая кампанія «Цесляры», крама «Мой модны кут», крама беларускага адзення і сувеніраў «Symbal.by», краўдфаўндынгавая пляцоўка «Талака», «Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым», адукацыйны цэнтр «Крочым разам!»; генеральны партнёр – інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН».

Minsk100_04Перад оперным тэатрам на дзень паўстаў своеасаблівы горад. На цэнтральным пляцы была сцэна, непадалёк намёт інфацэнтра. Алеі тэатральнага сквера сталі вуліцамі. На адной размясціліся рамеснікі і кірмаш, на іншай – кропкі з харчаваннем. Вуліца БНР была аддадзеная грамадскім рухам і палітычным партыям, дзе можна было падрабязней пазнаёміцца з іх ініцыятывамі, прыярытэтамі, мэтамі. Асобны «квартал» быў аддадзены дзецям – тут адбываліся конкурсы, гульні, майстар-класы, іншыя цікавосткі. Быў прадугледжаны на свяце і адмысловы намёт «Маці і дзіця», дзе можна было пераапрануць немаўля, пакарміць, пагрэць ежу.

Minsk100_02Афіцыйную частку вялі знакамітая вядучая народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, з чыім голасам цягам дзесяцігоддзяў асацыяваліся беларускія радыё і тэлебачанне, і паэт, тэлевядучы Усевалад Сцебурака. Слова мелі розныя людзі – святары, літаратары, журналісты, палітыкі, ініцыятары грамадскіх рухаў, дэпутаты парламента…

Кранальным стала зачытванне Трэцяй Устаўной граматы да народаў Беларусі. На сцэну з тэкстам выйшлі лідары партыяў і па чарзе зачытвалі фрагменты з яе. Разам з імі ўрачыстасць і велічнасць моманту адчувалі тысячы людзей, якія сабраліся на свята. На момант магло падацца, што ўсе перанесліся ў Менск 1918 г., калі нараджалася маладая дзяржава.

Сярод выступоўцаў былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алена Анісім, прадстаўнікі хрысціянскіх канфесіяў, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, гісторык Валянцін Голубеў, кіраўнік «БелаПАН», паэт Алесь Ліпай, кіраўнік партала «TUT.BY» Юрый Зісер, лідары палітычных партыяў і рухаў Рыгор Кастусёў, Анатоль Лябедзька, Юрый Губарэвіч ды іншыя. З. Бандарэнка зачытала адкрыты ліст да ўдзельнікаў святкаванняў пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алесіевіч, якая, на жаль, не змагла ўласна прысутнічаць з-за хваробы. Выступоўцы адзначалі важнасць абвяшчэння ў 1918-м незалежнасці Беларусі, пасля чаго стала магчымым стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі, выказвалі задавальненне, што нашыя продкі скарысталі гістарычную магчымасць займець сваю нацыянальную дзяржаву.

– Беларусы не раз маглі знікнуць у бездані імперыі. Два стагоддзі вынішчалася ўсё беларускае. Каралеўская Польшча і Маскоўскае княства бязлітасна перамолвалі беларускую культуру, – адзначыла С. Алексіевіч. – Вядомы польскі палітычны дзеяч Раман Дмоўскі яшчэ ў пачатку XX стагоддзя адгукаўся пра беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў як пра «палякаў ніжэйшага гатунку», а Сталін рабіў з беларусаў рускіх. Крывавыя рэпрэсіі на беларускай зямлі адбываліся пастаянна, пачынаючы з кастрычніцкага перавароту і да смерці Сталіна ў 1953-м. Тыя, хто вырас у СССР, нічога не ведалі пра Беларускую Народную Рэспубліку, а калі ведалі, то гаварылі пра гэта шэптам. Мы выраслі з мінулага. Нас прымушалі любіць чужое мінулае. Ужо вырасла маладое пакаленне, якое ведае і любіць сваё мінулае, гатовае за яго змагацца. Свабода – жорсткая рэч, яна патрабуе веры і годнасці, дысцыпліны і высакароднасці. Мы з вамі пішам гісторыю сваёй свабоды.

Вялікі канцэрт амаль да змяркання вялі артысты Юлія Шаўчук і Аляксей Сапрыкін. Выступілі гурты «Amaroka», «Мутнаевока», «Akute», «Dzieciuki», а таксама Ігар Варашкевіч (лідар гурта «Крама»), Кася Камоцкая, Адэля Вольская ды іншыя. Неаднаразова на сцэну выходзіў мужчынскі хор «Headspring», які выконваў песні, што сталі гімнамі. І падпяваў шматтысячны хор тых, хто сабраўся на свята. Самы вялікі «Спеўны сход» правёў музыка С. Доўгушаў.

Свята на Траецкай горцы ў Мінску скончылася, але святочныя імпрэзы будуць працягвацца цягам года.

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Фота аўтара і Наталі КУПРЭВІЧ

Свята на радзіме Івана Серады

 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ад­значылі і ў Баранавічах. Свят­каванне ў парку імя 30-год­дзя УЛКСМ зла­дзілі ўдзель­нікі руху «За свабоду». Тым, хто за­вітаў на свята, гісторык Ігар Мель­нікаў рас­павёў пра па­дзеі стогадовай даў­ніны, у тэматычнай фота­зоне можна было сфата­графавацца, таксама працаваў кірмаш рамесных вырабаў.

Baranaviczy_02 Baranaviczy_01Амаль у той жа час у Дзіцячай музычнай школе мастац­тваў ла­дзілася ўрачыстая ім­прэза, пад­рых­таваная ўдзель­нікамі Таварыс­тва беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Да барана­вічанаў пры­ехаў з Мінска гісторык Анатоль Сідарэвіч, які змястоўна і цікава рас­казаў пра дні, што па­пярэд­нічалі аб­вяшчэнню Трэцяй Устаўной граматы, і пра першага старшыню Рады БНР Івана Сераду – ура­джэнца вёскі За­дзвея Нава­грудскага павета (цяпер у Барана­віцкім раёне). А. Сідарэвіч па­шкадаваў, што да­гэтуль у За­дзвеі не ад­ноў­леная прыходская царква Казан­скай іконы Маці Божай, у якой служыў бацька І. Серады. І нават памят­нага знака, які б па­казваў, хто ў гэтых мяс­цінах нара­дзіўся, няма.

Некалькі песняў пра­спявалі Зміцер Бар­тосік і Фёдар Жы­валеўскі, якія таксама за­віталі з Мінска, а барана­віцкія паэты Алесь Белы і Алесь Корнеў пра­чыталі свае вершы. Ад­мысловую музычную праграму пад­рых­тавалі вы­ха­ванцы Дзіцячай музыч­най школы мас­тац­тваў і на­вучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага музыч­нага кале­джа. Скон­чылася ім­прэза ўрачыстымі словамі гімна «Магутны Божа».

 Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота Таццяны МАЛЕЖ і Александра ЧОРНАГА, «Intexpress»

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам