У кастрычніку 1929 г. быў створаны Баранавіцкі павятовы музей, які сёння называецца – Баранавіцкі краязнаўчы музей. Яму – 90 гадоў.
У пачатку 1929 г. адміністрацыя Баранавіцкага павета прыняла рашэнне аб арганізацыі выстаўкі, якая б адлюстроўвала жыццё павета, эканамічны і культурны стан горада і рэгіёна. Краязнаўца Леанард Турскі, прафесар адной з баранавіцкіх гімназіяў, прапанаваў стварыць замест часовай выстаўкі публічны музей з карціннай галерэяй пры ім. Яго падтрымаў Рэгіянальны Камітэт. Музей складаўся з трох асноўных аддзелаў: прыроды, этнаграфіі і гісторыі, пададдзела кніг. Пасля ўз’яднання з БССР ён стаў абласным музеем выяўленчага мастацтва. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны музей не быў эвакуяваны. Тут праходзілі мастацкія выстаўкі, адна з якіх – «Маладая Беларусь», дзе дэманстраваліся творы баранавіцкіх, навагрудскіх, мінскіх ды іншых мастакоў (былі карціны М. Сеўрука «Кудзельніца» і «Беларускі селянін», А. Шымановіча «Беларуская дзяўчына» і «Вясковыя дзяўчаты»). Акупанты вывезлі 1 716 каштоўных экспанатаў (сярод іх палотны Я. Матэйкі, Рэмбранта, Жэрыко, калекцыя старажытных японскіх вазаў і інш.). Музей фактычна перастаў існаваць. Па вайне адзіны ўцалелы музей на тэрыторыі вобласці – Слонімскі – у 1947 г. быў пераўтвораны ў Баранавіцкі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. 30 мая 1952 г. выканкам абласнога Савета прыняў пастанову «Аб пераводзе абласнога гісторыка-краязнаўчага музея з г. Слоніма ў г. Баранавічы» (адначасова аднавіў сваю дзейнасць і Слонімскі музей – у Баранавічы былі перавезеныя толькі тыя экспанаты, што не мелі дачынення да гісторыі Слонімскага раёна). 22 лютага 1953 г. была адкрытая першая пасляваенная экспазіцыя. 9 красавіка 1954 г. у сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці музей атрымаў сучасную назву.
З 1960 г. музей размяшчаецца ў гістарычным будынку пачатку ХХ ст. на былой Марыінскай вул. (цяпер – Савецкай). У 1984 г. на той ж вуліцы было выдзеленае памяшканне пад выставачную залу музея.
Асноўны фонд музея складаюць больш за 40 тысячаў адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – больш за 18 тысячаў адзінак. Экспазіцыя размешчаная ў 7-і залах і мае 3 раздзелы: «Прырода Баранавіцкага краю», «Гісторыя Баранавіцкага краю», «Баранавічы. Горад, у якім мы жывем».
У фондах музея захоўваюцца 35 калекцыяў: паштовак з краявідамі Баранавічаў, ручнікоў, нумізматыкі, археалагічных знаходак, побыту і этнаграфіі ды іншыя. У ліку найбольш цікавых экспанатаў 2 арнаты, пашытыя са знакамітых слуцкіх паясоў, Статут Вялікага Княства Літоўскага выдання 1694 г., памятны знак «У гонар першага стрэлу па Басфоры» пад № 2.
ГА «Беларускі фонд культуры» і рэдакцыя «Краязнаўчай газеты» віншуюць Баранавіцкі краязнаўчы музей з паважным юбілеем. Установа, што вырасла з агляднай выстаўкі, перажыла розныя шчаслівыя і трагічныя старонкі амаль векавой гісторыі, мусіць і далей годна прадстаўляць багацце краю, папулярызаваць культурную самабытную спадчыну беларускага народа. Поспехаў і здароўя, моцы і новых адкрыццяў зычым супрацоўнікам установы!