Гісторыя Пераемнікі Назвы, што кажуць самі за сябе 

Назвы, што кажуць самі за сябе 

-

- Рэклама -

«Трапіць у Карэю і Кітай на школьным аўтобусе! Нейкая бязглуздзіца!» – скажа­це вы. Якія Кітай і Карэя на нашай Гродзеншчыне, а тым больш на зямлі Крамяніц­кай. Так думалі і мы, калі ўпершыню пачулі гэты выраз. А потым даведаліся: Карэя і Кітай – гэта назвы вуліцаў у вёсках Самаравічы і Падбалоцце. Нашыя продкі былі та­кімі кемлівымі і назіральнымі, што ўмелі жывым словам даць назву пэў­най мясцінцы ці ўзгорку. Гэта нашая радзіма, і з маленства мы ведаем, як назы­ва­ецца луг каля ракі, поле, на якім працуюць нашыя бацькі, сцяжынка, па якой мы сотню разоў бегалі ў лес. Усё мае сваю назву. І назва кожнай мясцінкі «гаваркая», за­па­мінальная, адметная. Калі карыстацца навуковай мовай, то гэта называецца мік­ратапонім. Калі ведаць яго, можам беспамылкова трапіць у любое месца: пабы­ваць у Карэі і прагуляцца па Кітаі…

Мы ўжо многа гадоў займаемся вывучэннем скарбаў роднага куточка: дасле­да­валі этымалогію паходжання прозвішчаў, мянушак, славутасцяў мясцовасці, збіра­лі звесткі пра вядомых землякоў. А вось вывучэннем «гаваркіх» назваў навакольных вёсак яшчэ не займаліся. Актуальнасць тэмы відавочная: змяняюцца пакаленні, сці­раюцца з памяці розныя прадметы, што выходзяць з ужытку, а назвы застаюц­ца, «гавораць», у іх, як у люстэрку, адбіваецца нашая гісторыя, пляцецца вянок памяці аб мінулым, ушаноўваюцца нашыя продкі.

Этымалогія паходжання, асаблівасці і спосаб утварэння мясцовых словаў-назваў

Аналізуючы назвы, што сустракаюцца ў навакольных вёсках, мы зразумелі, што некаторыя з іх паходзяць ад імёнаў ці прозвішчаў гаспадароў – 5; ад удакладнення ўмоваў працы, дзейнасці ці адпачынку чалавека – 11, наяўнасці прыродных дароў ці знаходжання пэўнага геаграфічнага помніка прыроды – 10, а пераважная большасць – ад успаміну аб нейкіх падзеях – 14.

У асноўным мікратапонімы простыя (складаюцца з аднаго слова), састаўных знайшлі толькі адзін: Зайцаў Топаль. Большасць назваў мае форму ніякага роду: Гарэлішча, Малінавае, Адказное, Жукава, Дзіравае, Павешана, трэць назваў жано­чага роду: Сценка, Калішняўка, Васілёўшчына, Свіслач, Карэя і інш. Некалькі на­зваў мужчынскага роду ці ўжываюцца ў форме множнага ліку: Тапалёк, Хутар, Парк, Могліцы, Балотцы, Лозы. Цікава, што гэта аднаслоўныя назвы, а словазлу­чэн­няў тыпу назоўнік + прыметнік толькі адно – Зайцаў Топаль. Пры гэтым любая назва ў свядомасці местачкоўцаў настолькі трывалая, што няма неабходнасці гаварыць, што гэта поле ці вуліца: усё зразумела без каментарыяў.

Заўважылі мы адрозненне і ў стылявой афарбоўцы мясцовых назваў. Асабліва пяшчотна, з памяншальна-ласкальным адценнем гучаць Тапалёк, Сценка, Веська, Касцёлка; іранічна і здзекліва Свінава, Дзіравае, Кітай; з болем і адчаем вымаўля­юц­ца Слёзнае, Гарэлішча, Галгофа, Павешана, Бубнішча, Адказное. Частка вёскі была названая Кітай таму, што менавіта тут жылі бедныя шматдзетныя сем’і (8-10 дзяцей) простага сацыяльнага статусу, якім не заўсёды хапала ежы, адзення. На­зва ўрочышча Схрон мае рускае паходжанне ад дзеяслова «схорониться», месца далёка за вёскай Крамяніца, дзе падземны ход з касцёла выходзіў на паверхню і ўтвараў вялікае сховішча.

Успамін пра гістарычнае мінулае краю і ўшанаванне памяці продкаў гучыць у найменнях Двор, Касцёлка, Парк, Бяркозава, Свіслач, Жукава, БАМ, Навасёлы, Ду­баўе. Касцёлкай называюць местачкоўцы частку Крамяніцы, размешчаную непадалёк касцёла Св. Юрыя, помніка архітэктуры XVI – XVII стагоддзяў, а край­няя вуліца гэтай вёскі носіць назву Рыбаччына, бо многа соцень гадоў таму тут стаялі хаткі рыбакоў і на вялікіх кірмашах гандлявалі рыбай, каб не псаваць паветра ў цэнтры мястэчка.

З усіх мікратапонімаў 8 невытворных словаў: Парк, Двор, Вострава, Кітай і інш., астатнія – вытворныя: Слёзнае, Гарэлае, Свінава і г.д. Паводле спосабаў утварэн­ня мікратапонімаў вылучаецца суфіксальны. Пры дапамозе суфікса -н- утварыліся Слёзнае, Адказное; суфікса -ішч- Гарэлішча, Бубнішча; суфікса -шчын- Гладкаў­шчы­на, Васілёўшчына; суфіксаў -ав-, -ёв- Свінава, Бяркозава, Жукава, Лісава, Ма­лінава, Брылёва; суфікса -к- Сценка, Гандлёўка, Калішняўка, Веська, Касцёлка, Ко­панка. Адзінкавыя назвы ўтвораныя пры дапамозе суфіксаў -ц-, -іц-, -ан-, -ын-, -ёк-, -нік-: Балотцы, Могліцы, Павешана, Рыбаччына, Тапалёк, Кальнік. Адзінкавая на­зва вуліцы БАМ – абрэвіяцыя, Навасёлы – асноваскладанне, Схрон – нуль­су­фік­сальны спосаб.

Больш поўную інфармацыю пра мікратапонімы мы прапануем атрымаць у складзеным слоўніку, дзе падаем іх у алфавітным парадку з тлумачэннямі.

Тлумачальны слоўнік мікратапонімаў вёскі Вейшычы

Адказное, н. Частка неўрадлівага панскага поля, надзел на якім выдзяляўся па­рабкам-п’яніцам гаспадаром Банцкевічам, каб пакараць чалавека і прымусіць працаваць дарэмна там, дзе нічога не расло. Намучыліся некалі парабкі на гэтым Адказным.

Бубнішча, н. Узгорак сярод балота за дзве вярсты ад вёскі, на якім нічога не расло, нават зелле (ад слова бубен). Тут, на Бубнішчы, нічога ніколі не расло і не будзе расці.

Бяркозава, н. Урочышча непадалёк вёскі, дзе ў ХІХ стагоддзі жыў ляснік па прозвішчы Бяркоз, які служыў блізу 50-і гадоў у пана з маёнтка Войневічы. Доўгі час успаміналі мы Бяркоза добрым словам.

Васілёўшчына, ж. Поле, падараванае панам Банцкевічам свайму конюху Васілю за шматгадовую адданую службу, але карыстаўся ім гаспадар нядоўга, памёр у сталым узросце; а вось сын, таксама Васіль, меў яго ва ўласнасці аж да ўтварэння калгаса. Цяпер соткі будуць адмераны ў Васілёўшчыне.

Гарэлішча, н. Вуліца на ўскрайку вёскі, якая ў час пажару перад вайной выгарала датла. Гаспадары спрабавалі адбудаваць яе, але пажары знішчалі яе яшчэ некалькі разоў. На Гарэлішчы кожны год першымі зацвітаюць слівы.

Двор, м. Фундамент і слупы ад панскага маёнтка пана Банцкевіча. Даедзеце да Двара, а там рукой падаць да вёскі.

Дубаўе, н. Урочышча за вёскай, дзе калісьці па загадзе пана Банцкевіча былі высаджаныя сотні дубоў; потым, у часы калектывізацыі, яны былі высечаныя для патрэбаў калгаса, а месца атрымала назву Дубаўе. Дык гэта ж я ў Дубаўе сабралася набраць зёлкаў.

Жукава, н. Балота за паўтары вярсты ад вёскі, дзе калісьці стаяў хутар Жука Вікенція. Бяжы, сынок, да бацькі ў Жукава, дапамажы каровы прыгнаць дахаты.

Калішняўка, ж. Поле непадалёк вёскі, каля чыгункі, дзе немцы ў часы вайны згру­жалі матэрыялы для будаўніцтва станцыі (паходзіць ад дыялектнага слова «ка­лішнявы» ў значэнні «даўнейшы»). Доўга ўзрывалі немцы ўсё, што ляжала ў Каліш­няўцы.

Лозы. Урочышча, дзе знаходзіліся вялікія зараснікі лазы, якую вяскоўцы выка­рыс­тоўвалі для розных патрэбаў. Сёлета каля Лозаў грыбоў вельмі многа высыпала.

Павешана, н. Урочышча ў лесе за вёскай, дзе ў розныя часы (цягам прыкладна двухсот гадоў) на старым дубе знаходзілі мерцвякоў. Людзі заканчвалі жыццё са­ма­губствам па невядомых прычынах. Мінай, дзеткі, гэтае месца, не трывож душы.

Сценка, ж. Поле, якое аддзяляла панскія надзелы, бо на ім жыта расло, як сцяна. Я Сценкай да касцёла хутка забягу.

Свінава, н. Узгорак, дзе з паўстагоддзя таму была свінаферма, цяпер толькі рэшткі збудавання. Цяпер у Свінава ніхто не ходзіць, хоць ягад там у лесе многа.

 

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам