Гісторыя Пераемнікі У краі міфаў

У краі міфаў

-

- Рэклама -

«Краязнаўчая газета» распавядала пра конкурс сачыненняў і малюнкаў «У краі міфаў» вучняў школ Лепельскага раёна, што нядаўна зладзіла Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы». Нагадаем, што ўганараванне прайшло ў студзені. Сёння пачынаем друкаваць некаторыя творы маладых аўтараў, ласкава прадастаўленыя арганізатарамі. Першым змяшчаем сачыненне Анастасіі Закіс з Заслонаўскай СШ, адзначанае Беларусім фондам культуры і «Краязнаўчай газетай».

 Ульянка – русалка з Межыцы

 Багатая наша Беларусь на свае традыцыі і вусную народную творчасць. Колькі цудоўных казак, легендаў і паданняў нясе гісторыя нашай старонкі! Мяне найбольш цікавяць міфічныя вобразы. Калі была ў малодшых класах, пазнаёмілася з беларускай міфалогіяй. Гэты чароўны, загадкавы свет непадобны на грэчаскі ці рымскі. У ім ёсць нешта сваё – адметнае і непаўторнае.

Я жыву ў цудоўным мястэчку Межыца ў Лепельскім раёне. У мінулым стагоддзі тут размяшчаўся вайсковы гарадок. На першы погляд – нічога цікавага няма, але гэта не так. Тут вельмі прыгожая прырода, ды і назва мае сваю гісторыю. Вось што старыя людзі расказваюць.Чытаць далей…

«Было гэта даўным-даўно. Зямлі пуставала шмат. Вось і ездзілі багатыя людзі па краі ды й шукалі больш урадлівыя землі. Калі адзін пан патрапіў у нашыя мясціны, то быў вельмі зачараваны і ўзрадаваны.

– Вось тут і застануся, – сказаў ён сваім прыслужнікам. – Колькі месцаў аб’ехаў, а такой прыгажосці, не бачыў!

Загадаў парабкам сваю тэрыторыю аддзяліць мяжою. Тыя штодня працуюць: капаюць канавы, ставяць агароджу. Пан пройдзе, паглядзіць: яму здаецца, што ўсё мала. Зноў прыслужнікі перакопваюць канавы, перастаўляюць агароджу. І вось задаволіўся пан: тэрыторыя атрымалася вялікая, дня не хопіць, каб абысці ўсю. Назву даў Межыца, каб ніхто не мог парушыць яе межы.

Пабудаваў пан вялікі палац, стайню з камення выклаў, пасадзіў алею з ліпаў і таполяў. Вакол хорама раскінуўся бэз, які кожную вясну ахутваў чароўным водарам усё наваколле. Непадалёк выкапаў сажалку і паставіў там млын.

Зажыў пан вельмі добра. Нарадзілася дачушка Ульянка. Была гэта вельмі прыгожая і вясёлая дзяўчынка. Пасябравала яна з конюхам Васільком. Бацька ёй не дазваляў знацца з конюхам, але дзе ж дзяўчына паслухае: кожны дзень да яго ўпотайкі бегала.

Вось і здарылася тое, чаго баяўся бацька. Пакахалі маладыя адно аднаго.

Бацька, калі даведаўся, вельмі разгневаўся. А неўзабаве знайшоў для сваёй Ульянкі багатага жаніха. З таго часу не знаходзіла дзяўчына сабе месца: збягала ў лес, дзе магла выплакацца і пра гора расказаць бярозцы і каменю, на якім сядзела.

Васілька пан на доўгія гады саслаў у рэкруты. Ульянка яшчэ больш зажурылася і папрасіла бярозку і камень, каб тыя ператварылі яе ў вадзіцу, якая б пабегла ў край, дзе яе каханы. Так і здарылася: на тым месцы з’явілася рачулка, якая з кожным днём станавілася ўсё шырэй і шырэй.

Ульянка прапала. Пан доўга яе шукаў, не мог зразумець, адкуль тут узялася рака, пакуль не паглядзеў у люстра ракі і не пабачыў там вобраз сваёй дачушкі. 3 таго часу ён гэтую раку назваў Ульянкай.

Народ расказвае, што дзяўчына гэта можа паказацца і ў вобразе русалкі. Хто яе ўбачыць, той заўсёды будзе шчаслівы ў каханні».

Вядома, мне не зусім верыцца ў гэта, але вобраз русалкі мяне цікавіць. Я прачытала не адзін твор, дзе апісваюцца гэтыя міфічныя істоты. У адных – яны выключна жаночага полу, вечна маладыя красуні з чароўным і абаяльным абліччам. Яны альбо вырадкі людскіх дачок ці дочкі, праклятыя бацькамі яшчэ ў матчыным чэраве, альбо тыя, хто памерлі нехрышчонымі, загубленыя сваімі маткамі неўзабаве пасля нараджэння (абавязкова ў вадзе), ці ж маладыя тапельніцы, якія скончылі жыццё самагубствам. Русалкі маюць ласкавыя блакітныя вочы, якімі, між іншага, удала прыманьваюць ахвяру; але калі русалка зловіць яе, тыя ж вочы застаюцца нібы шкляныя і нерухомыя, як у нябожчыка. Па далікатным, амаль празрыстым іх целе рассыпаюцца хвалістыя русыя валасы, што растуць ад маленькай галавы да каленяў; у асобных русалак гэтыя валасы хутчэй падобныя да пасмачак зялёнай тонкай асакі.

Вечна вясёлыя, гуллівыя, рагатушкі русалкі не пакідаюць свае вадаёмы і жывуць тут у крышталёвых дамах пад доглядам русальскай царыцы, якую звычайна прыводзіць мясцовы Вадзянік. Могуць заставацца без вады столькі часу, колькі патрэбна для высушвання іх цела і валасоў ад макрэчы, пасля чаго могуць адразу ж пакутліва загінуць. Зрэдку на кароткі час выплываюць на паверхню вады, прысаджваюцца на падводны камень, на бераг, каб заманіць ахвяру ці абтрэсці валасы ад вады… Расчэсваючы іх, напрыклад, цягам гадзіны, русалка можа вычасаць столькі вады, што дастаткова будзе для затаплення цэлай вёскі. Якое б прыгожае жыццё ў русалак ні было, хапае смутку, які яны не могуць заглушыць забавамі. Найперш ім з зайздрасцю даводзіцца глядзець на волю зямных жанчынаў, назіраць за матчынымі ласкамі, якія многім з іх былі незнаёмыя. Не толькі жальба, а найвышэйшая ступень бяссільнай злосці павінна ахапіць істоту русалкі, калі ёй даводзіцца бачыць маладую шчаслівую пару, як тая гуляе па беразе ці плавае ў лодцы. Але найбольш прыгнягае паднявольная сувязь з Вадзяніком, ва ўладаннях якога жывуць і якому падпарадкаваныя яны з тае хвіліны, як трапілі сюды.

Вельмі многа можна пісаць аб гэтых чароўных міфічных істотах. Яны прыцягваюць да сябе сваёй загадкавасцю. Але пры канцы хачу адзначыць: трэба вывучаць свой край, сваю гісторыю. Гэта нам дапаможа больш поўна зразумець жыццё нашых продкаў, іх абрады, традыцыі, характар.

 Анастасія ЗАКІС, вучаніца Заслонаўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам