Гісторыя Пераемнікі Як наладзіць краязнаўчую працу ў школе

Як наладзіць краязнаўчую працу ў школе

-

- Рэклама -

Краязнаўчы гурток: з досведу працы

 Старажытнагрэчаская мудрасць заклікае: «Спасцігні сябе», каб зразумець сутнасць свету. Аднак прайсці гэты цяжкі шлях немагчыма без усведамлення іншай ісціны: «Спазнай свой край», каб зразумець, хто ты ёсць.

Усведамленне сувязі чалавека з роднай старонкай, Бацькаўшчынай – гэта першы крок на шляху да патрыятычнага выхавання моладзі і крыніца невычэрпнага натхнення. Адным з найважнейшых элементаў у гэтай цяжкай працы з’яўляецца краязнаўства – усебаковае вывучэнне пэўнай тэрыторыі.

Сёння мы жывем ва ўмовах адкрытасці свету, калі здараюцца выпадкі, што дзеці больш ведаюць суседнія краіны і іх помнікі культуры, чым уласны край і яго гістарычную спадчыну, якая ўспрымаецца праз зняважлівыя ацэначныя крытэрыі. Краязнаўства ставіць на мэце зняць заслону з вачэй маладога пакалення і паказаць, што ёсць чым ганарыцца і ў нас, ёсць што паглядзець, што расказаць.

Краязнаўства – перш практычная дысцыпліна, што асабліва моцна выяўляецца ў такой яго арганізацыйнай форме, як школьнае краязнаўства. Мінімум заняткаў у класе і максімум «у полі» – адзін з ключавых яго пунктаў. Знайсці што паглядзець і што паказаць ёсць заўсёды. Гэта можа быць як вялізны валун, невялічкі лясок побач з вёскай, закінуты хутар, сажалка або возера… Фактычна абмежаванняў у гэтым плане няма, паколькі любы з элементаў ландшафту мясцовасці, яе прыроднага асяроддзя, помнік матэрыяльнай і духоўнай культуры дазваляе паглыбіць веды пра край. Але, на маю думку, тут галоўнае не толькі веды. Перажыванні, пачуцці, эмоцыі – вось тое, што часам нават больш каштоўнае. Менавіта гэта застанецца з маладым чалавекам, у той час як факты хутчэй за ўсё выветрацца з яго памяці.

Асноўнай формай арганізацыі краязнаўчай працы ў школе з’яўляецца гурток, які дазваляе ў найбольш папулярных формах вырашаць важныя выхаваўча-педагагічныя задачы.

На базе Верцялішкаўскай СШ Гродзенскага раёна дзейнічае гурток «Юныя краязнаўцы». Мы здзейснілі больш двух дзясяткаў паходаў па нашым краі, выязджалі ў Ваўкавыск і Мінск. Нашае гартаванне яшчэ ідзе, але ўжо маем пэўны вопыт працы, якім з радасцю падзелімся з усімі неабыякавымі, для карысці развіцця краязнаўчага руху ў Рэспубліцы Беларусь.

Парады па арганізацыі і дзейнасці краязнаўчага гуртка:

1. Будзьце сябрам сваім вучням. Гурток – гэта не класны калектыў, а асаблівая форма карпарацыі, у якой дзеці павінны адчуваць сябе вальней, чым у школе. Гэта з’яўляецца для іх адным з найважных стымулаў. У той жа час варта падтрымліваць сярод гурткоўцаў разуменне вашай асобы як настаўніка і аўтарытэта.

2. Будзьце сумленнымі з дзецьмі. Не варта займацца справай, якая вам не па душы. Дзеці гэта адразу адчуваюць. А зацікавіць, пры гэтым самому быць незацікаўленым, немагчыма.

Працэс жа ўзнікнення зацікаўленасці – вельмі складаны для разумення і мяжуе з такой катэгорыяй, як апантанасць. Але без яе наяўнасці ў асяродку гурткоўцаў нельга ператварыць іх у суполку і разлічваць на якія-кольвек значныя вынікі.

3. Адзін з важных прынцыпаў гуртка: не абцяжарваць дзяцей лішкамі інфармацыі. Галоўнае – гэта тое, што яны змогуць пабачыць на ўласныя вочы, дакрануцца, адчуць.

(…)

8. Няхай удзел у гуртку стане стымулам, пазнакаю ў школе, выдзяляе дзяцей з ліку іншых. Але памятайце, што ўсё пабачанае ў паходзе дзеці распавядаюць сваім бацькам і сябрам. Гэта можа быць як карысцю для гуртка, так характарызаваць яго з адмоўнага боку. Таму ўважліва падыходзьце да сваёй дзейнасці.

Напрыклад, шэраг вандровак мы здзейснілі па аб’ектах, якія характарызуюць сучасную цывілізацыю з адмоўнага боку, – звалках, кар’ерах. Былі нават на ачышчальных прыстасаваннях, каб паказаць адзін з бакоў цывілізаванага грамадства, няхай і не такога прыемнага на пах. Ведайце, заўсёды будуць тыя, хто крытычна ставіцца да такіх пунктаў, але кіруйцеся мэтамі, якія ставіце перад сабой і не адступайце перад імі. Спасціжэнне роднага краю немагчымае без ведання яго заганаў.

9. Кантактуйце з бацькамі. Не адмаўляйцеся ад прапанаванай дапамогі, у той жа час не імкніцеся залежаць ад яе.

Так, аднойчы зімой адзін з вучняў прапанаваў свайму бацьку разам з намі на ўласным аўто звазіць удзельнікаў гуртка на форт № 4 Гродзенскай крэпасці. У выніку на дзвюх машынах атрымалася выехаць разам з 8-ю дзецьмі.

10. Для правядзення маршрутаў вандровак карыстайцеся дапамогай як саміх дзяцей, мясцовых жыхароў, так і старых картаў ды інтэрнэту. Перш за ўсё сэрвісамі Гугл-карты, Яндэкс-карты. Адзначце для сябе ўмоўнае кола ў 5-7 км вакол населенага пункта, з якога плануеце ажыццявіць вандроўку, і знайдзіце тое, што вартае ўвагі. І няхай гэта будуць не рэшткі крэпасці або форта, або кар’ер, а толькі невялічкі лясок побач з суседняй вёсачкай. У той жа час знайдзіце аргументы для таго, каб яго наведаць. Таксама праглядзіце сведчанні або дакументы, што маюцца ў свабодным доступе, прысвечаныя пунктам, праз якія праходзіць ваш маршрут.

Напрыклад, на паўночны ўсход ад Верцялішак ёсць невялічкая вёска з вельмі паказальнай назвай – Пілюкі, пра якую ў рэестры каралеўскіх пушчаў за 1637 год знайшоў інфармацыю з прозвішчамі асочнікаў, якія жылі тут. Шэраг тых прозвішчаў сустракаецца і сёння (рэестр, як і зборнікі розных архіўных камісіяў часоў Расійскай імперыі, можна свабодна спампаваць).

Гэта можа быць таксама паход на радзіму якога-небудзь вядомага земляка. Да ліку іх адносіцца наш паход у вёску Рыдзялі, дзе нарадзіўся вядомы беларускі грамадскі дзеяч, праваслаўны святар Аляксандр Коўш, расстраляны фашыстамі ў 1943 годзе за дапамогу яўрэям.

11. Выкарыстоўвайце спартыўныя гульні для адпачынку пад час вандровак. Напрыклад, футбол або валейбол.

12. Рэкламуйце сваю дзейнасць і ўдзел гурткоўцаў у ёй. З гэтай мэтай можна стварыць сайт або блог на бясплатных платформах, старонку ў сацыяльнай сетцы і дазволіць гурткоўцам удзельнічаць у яе напаўненні. Фатаграфуйце! Для чаго таксама выкарыстоўвайце дапамогу ўдзельнікаў суполкі.

13. Выкарыстоўвайце любыя сродкі, якія могуць стымуляваць дзяцей на новыя адкрыцці. Магчыма, у вашай школе або населеным пункце ёсць музей. Гэта сапраўдны памочнік.

Спасціжэнне роднага краю вядзе да фармавання ўласнай пазіцыі, фармавання грамадзянскай адказнасці і ператварэння маладога чалавека ў патрыёта сваёй краіны. Краязнаўчы гурток – гэта форма супольнасці, што дазваляе з найбольшай аддачай працаваць у гэтым рэчышчы.

 Васіль ГЕРАСІМЧЫК

Фота са старонкі Васіля Герасімчыка ў Фэйсбуку

(Цалкам артыкул надрукаваны ў №№ 11 і 12 “Краязнаўчай газеты”)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам