Гісторыя Пераемнікі З гісторыі нацыянальнага школьніцтва

З гісторыі нацыянальнага школьніцтва

-

- Рэклама -

Язэп Шнаркевіч – стваральнік Нясвіжскай беларускай гімназіі

 Язэп Канстанцінавіч Шнаркевіч. Гэты настаўнік і культурна-асветны дзеяч не трапляе ў катэгорыю забытых або невядомых дзеячаў. Біяграфічны артыкул пра яго змешчаны не толькі ў нясвіжскай раённай кнізе «Памяць», але і ў 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». У перыядычных выданнях друкаваліся яго ўспаміны. Але, як мне падаецца, пакуль не была зробленая спроба асвятліць жыццё гэтага чалавека, акцэнтаваўшы ўвагу менавіта на «нясвіжскім перыядзе». Да таго ж, некаторыя факты, прыведзеныя ў вышэйзгаданых даведках, патрабуюць удакладнення.

Я. Шнаркевіч нарадзіўся 10 (22) чэрвеня 1888 г. у вёсцы Саская Ліпка недалёка ад Нясвіжа, у сялянскай сям’і[1]. Пра бацькоў і сваякоў звестак няма, але чытаючы ўспаміны, можна зрабіць выснову, што сям’я была вялікая: аўтар згадвае дваіх сясцёр і братоў. Па ўзроўні дабрабыту Шнаркевічы хутчэй належалі да сярэдняга, чым да заможнага сялянства. Можна меркаваць, што менавіта Язэпу бацькі вырашылі даць найбольш добрую, наколькі гэта было для іх магчыма, адукацыю. З улікам, што ў Саскай Ліпцы не было нават пачатковай школы, азы навукі хлопчык мог спасцігаць або ў Вялікай Ліпе, або ў Квачах, дзе дзейнічалі школы граматы. Дакладна вядома, што пазней ён вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у 1907 г.

Малады настаўнік адпрацаваў адзін год у в. Вялікае Сяло Рубяжэвіцкай воласці Мінскага павета, а потым, з 1908 да 1913 г., выкладаў рускую мову і геаметрыю ў Гомельскай чыгуначнай школе.

З 1913 па 1916 г. Я. Шнаркевіч вучыўся ў Магілёўскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння якога быў мабілізаваны ў войска. Служба праходзіла ў запасным палку, потым была рэвалюцыя і курсы тэлеграфістаў у Бабруйску. Менавіта пасля лютаўскай рэвалюцыі Шнаркевіч далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, удзельнічаў у з’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні. А ў студзені 1918 г., дэмабілізаваўшыся з войска, атрымаў накіраванне на працу ў адну з беларускіх школ Мінска. Праўда, гэтую школу яшчэ належала стварыць.

Па тым часе школы з беларускай мовай выкладання былі нечым новым. І не ўсе ўспрымалі іх, як належнае. Многія лічылі, што школа якраз павінна «дапамагчы» пазбавіцца сваёй мовы і перайсці на «культурную» – рускую ці польскую. А тут усё было наадварот. Пазней настаўнік згадваў свайго першага вучня, які прыйшоў запісвацца ў беларускую школу Мінска. «Быў гэта зусім малы хлопец гадоў васьмі, сын нейкага рабочага, зусім яшчэ няграматны, белагаловы, з белым дзіцячым тварам, на якім свяціліся ясныя сінія вочкі. Звалі яго Андрэем Андрэевым. Не зважаючы на вялікую адлегласць, холад, снежныя заносы, агульны неспакой з прычыны акупацыі, гэты вучань быў адным з самых акуратных і пільных. Як я пасля даведаўся, бацька яго пасылаў свядома ў беларускую школу, сваю родную». Нягледзячы на цяжкасці, у школе набралася каля 60 вучняў.

Увосень 1919 г., ужо пры польскай акупацыі, Я. Шнаркевіч стаў выкладчыкам беларусазнаўства ў вышэйшай пачатковай школе Мінска, а неўзабаве ўзначаліў яе і цалкам беларусізаваў. Адзін з вучняў згадваў, як моцна адрозніваўся гэты настаўнік ад выкладчыкаў старой загартоўкі: «чалавек гадоў пад трыцаць, хадзіў у высокіх ботах і кароткім кажушку. Пачаў ён з таго, што нашае, сваё, нічым не горшае за чужое, а часам нават і лепшае. Так, ён тлумачыў, што вось звычайны кажух лепш за паліто, сшытае з фабрычнага матэрыялу… Праз некаторы час настаўнік раздаў кожнаму з нас па тры кнігі: граматыку Тарашкевіча, “Родныя зьявы” Коласа і “Дыямэнты беларускай паэзіі”. Апавяданні Коласа былі прымітыўныя, але такія блізкія, такія сардэчныя… Здаецца, з гэтага пачалося захапленне беларускаю літаратурай, якая ў той час была такою слабенькай…». Вучня, які пакінуў гэтыя ўспаміны, звалі Мікалай Улашчык – у далейшым ён стане выдатным гісторыкам, доктарам навук. А свайго настаўніка будзе памятаць і праз паўстагоддзя. У 1966 г. напіша яму ліст і дашле сваю манаграфію «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. у Літ­ве і Заходняй Беларусі», зазначыўшы, што ў ёй «…знаходзіцца нейкая частка і Вашай працы».

Намаганнямі Я. Шнаркевіча і яго калегаў (А. Данілевіча, Т. Грыба, С. Рак-Міхайлоўскага) у 1919 г. у Мінску дзейнічалі 10 беларускіх школ, у якіх было 1 113 вучняў і 42 настаўнікі. Адначасова з педагагічнай дзейнасцю Я. Шнаркевіч узначальваў «Беларускі вучыцельскі саюз», адной з галоўных мэтаў якога была ма­тэрыяльная падтрымка настаўнікаў. Ужо тады давялося ўступаць у канфлікты з польскай адміністрацыяй, якая ўсяляк замінала беларускаму школьніцтву.

На пачатку жніўня 1920 г. Я. Шнаркевіч стаў адным з кіраўнікоў беларускага аддзела народнага камісарыята асветы ССРБ. А восенню таго ж года накіраваўся ў Заходнюю Беларусь, якая ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы, для разгортвання там культурна-асветніцкай дзейнасці. Матывы гэтага пераезду да канца не зразумелыя. Паводле адной з версіяў, бальшавіцкае кіраўніцтва проста вымусіла Шнаркевіча, які быў сябрам партыі беларускіх эсэраў, пакінуць Савецкую Беларусь. Так ці іначай, напрыканцы 1920 г. ён апынуўся ў родным Нясвіжы і стаў працаваць выкладчыкам у прыватнай жаночай гімназіі. Дырэктарам гэтай установы быў Кандрат Шчансновіч. Менавіта ён узначальваў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ў перыяд, калі там вучыўся Шнаркевіч. Цяпер былы вучань і настаўнік працавалі разам. У паразуменні са Шчансновічам колішні семінарыст пачаў рабіць першыя крокі па беларусізацыі гімназіі.

Польскія ўлады непрыхільна ставіліся да развіцця беларускага школьніцтва. У Навагрудскім ваяводстве, у склад якога ўваходзіў Нясвіж, закрыццё беларускіх школ было прадугледжана спецыяльным цыркулярам ад 18 верасня 1921 г. Беларускую мову забаранялася вывучаць не толькі як асноўны прадмет, але і як дадатковы. Тым не менш, у прыватных навучальных установаў была пэўная альтэрнатыва. Рускамоўныя гімназіі маглі пераходзіць або на мясцовую мову навучання (г.зн. на беларускую) або на польскую. У апошнім выпадку яны атрымлівалі разнастайную падтрымку і набывалі правы дзяржаўных школ, у першым – іх чакаў доўгі шлях змагання за права існавання. Менавіта першым шляхам вырашылі ісці Я. Шнаркевіч і яго паплечнікі. Летам 1921 г. Юрый Жаўняркевіч атрымаў канцэсію (дазвол) на набор вучняў у 1-ы і 2-і коэдукацыйныя (змяшаныя) класы гімназіі з беларускай мовай навучання. Кіраўніком гэтых класаў стаў Я. Шнаркевіч, кіраўніком рускамоўных класаў (з 3-га па 8-ы) заставаўся К. Шчансновіч. Камплектаванне беларускіх класаў ішло з вялікімі цяжкасцямі. Сюды было забаронена прымаць дзяцей іншых нацыянальнасцяў, а таксама беларусаў каталіцкага веравызнання. Вельмі непрыхільна паставіліся да «канкурэнтаў» і кіраўнікі рускай мужчынскай гімназіі. Усё гэта прывяло да таго, што ў 1-ы клас запісалася толькі 8 вучняў, а ў 2-і – 10.

У верасні, калі павінны былі пачацца заняткі, польскія ўлады падрыхтавалі яшчэ адзін «сюрпрыз». На другі дзень прыёмных экзаменаў павятовы стараста Ежы Чарноцкі рэквізаваў будынак жаночай гімназіі, у якім перад пачаткам навучальнага года быў зроблены рамонт. Увесь інвентар быў выкінуты на вуліцу. Намаганні вярнуць будынак, звароты да старасты, навагрудскага ваяводы, у міністэрствы асветы і ўнутраных справаў, поспеху не мелі. Заняткі давялося пачынаць у двух невялікіх пакоях на прыватнай кватэры адной з настаўніцаў. З-за малой плошчы памяшкання яны праходзілі ў тры змены і ў вялікай цеснаце. Улады разлічвалі, што сутыкнуўшыся з такімі цяжкасцямі, гімназія сама сабой будзе вымушаная спыніць дзейнасць. Але сваё важкае слова сказалі нясвіжане, якія прадаставілі ўласныя дамы на Альбянскай вуліцы для размяшчэння школы. Ветэрынарны фельчар Апанас Вітушка выдзеліў тры пакоі для заняткаў 5 – 8 класаў, Нікадзім Дылеўскі – пакой для 3 класа, а Міхаіл Кулакоўскі – два пакоі для беларускіх класаў і пры гэтым цалкам адмовіўся ад аплаты.

Класы былі невялікія, кожны меў асобны пакой, заняткі ішлі ў дзве змены. Гэта было выклікана тым, што кіраўнік беларускай плыні Я. Шнаркевіч адзін выкладаў усе агульнаадукацыйныя прадметы, а ў старэйшых класах гімназіі вёў яшчэ беларускую мову, спевы і фізкультуру. Нямецкую мову выкладала Ніна Шчансновіч, польскую – Я. Смоліч, Закон Божы – Васіль Валасовіч, праваслаўны святар з вёскі Лань. Падручнікаў не хапала, таму настаўнікі хутка асвоілі лекцыйны метад выкладання, а вучні прызвычаіліся пісаць падрабязныя канспекты.

Да цяжкіх умоваў працы дадавалася не найлепшае матэрыяльнае становішча настаўнікаў. Гімназія была прыватнай і магла існаваць толькі за кошт аплаты бацькамі вучобы сваіх дзяцей. А паколькі вучняў было мала, і тыя з незаможных сем’яў, то часта замест грошай даводзілася задавольвацца натуральнай аплатай у выглядзе прадуктаў, дроваў і г.д. Да таго ж гімназія працавала ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з боку рускай і польскіх школаў. Гэта вымагала ад настаўнікаў трымаць высокі ўзровень.

У такіх умовах прайшоў першы навучальны год. З нагоды яго завяршэння была зладжаная вечарына; сабралася шмат народа з горада і навакольных вёсак. Вучні адыгралі п’есу «Чорт і баба», чыталі вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Францішкі Багушэвіча, хор у нацыянальных касцюмах выканаў народныя песні. Вечарына прайшла з вялікім поспехам і аказала значнае маральнае ўздзеянне на грамадства. Беларускае насельніцтва Нясвіжа і ваколіцаў, убачыўшы поспехі гімназіі, пачало ставіцца да яе з большым даверам.

 Андрэй БЛІНЕЦ, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж»

(Далей артыкул чытайце ў №№ 16 і 17 “Краязнаўчай газеты”)


[1] Аляксандра Гесь падае ў якасці года нараджэння 1886 г.

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам