Гісторыя Прыклад, варты пераймання

Прыклад, варты пераймання

-

- Рэклама -

Пад кронаю ліпы, з чырванню дуба

Віленскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, «бацька польскай фата­гра­фіі», этнограф, фалькларыст – гэ­та пра Яна Булгака. Але ўсё ж яго творчасць лічыцца часткай супольнай куль­турнай спадчыны трох краінаў – Беларусі, Літвы і Польшчы. Нарадзіўся творца ў маёнтку непадалёк вёскі Асташын на Навагрудчыне 6 кастрычніка 1876 года. У 1897-м у Вільні скончыў класічную гімназію, паступіў на факультэт філасофіі Яге­лон­скага ўніверсітэта ў Кракаве, але з-за недахопу сродкаў праз два гады мусіў пакі­нуць вучобу. Да 1912 года стала жыў у вёсцы Пярэсека Мінскага павета, дзе знаходзіўся маёнтак, які атрымаў у спадчыну ад маці. У жніўні 1901 года ажаніўся з Ганнай Хаціскай. Праз пяць гадоў нарадзіўся яго адзіны сын Януш. Бадай што застаўся б ён у шэрагу тысячаў абывацеляў, «звычайных насельнікаў краю», калі б не выпа­дак. Жонцы падаравалі просценькі фотаапарат. І ў 1905 годзе Я. Булгак зрабіў пер­шыя свае фотаздымкі. Напачатку парадамі дапамагаў навагрудскі фатограф Ба­ляс­лаў Ігнаці Дамейка. А ў 1908 годзе стварыў сваю фоталабараторыю ў сядзібе Пярэсецы. У той жа год дэбютаваў і атрымаў галоўную ўзнагароду на фотакон­кур­се рэдакцыі «Ілюстраванага жыцця» (штотыднёвы дадатак да «Літоўскага кур’ера»). І далей яго жыццё было звязанае з фатаграфіяй.

Пераважная частка яго творчасці звязаная з Вільняй і Віленшчынай, ён таксама дакументаваў помнікі і пейзажы іншых частак тагачаснай Польшчы. Большасць ка­лекцыі зробленая ў 1912 – 1915 гадах, але нават пад час нямецкай акупацыі ў Дру­гую сусветную вайну фатаграфаваць не пераставаў. У віленскім доме Я. Булгака на плошчы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тыс. фотаздымкаў, з іх прыкладна 6 тыс. – Віль­ні і Віленшчыны. Калекцыя амаль цалкам згарэла ў 1944 годзе. У 1915 годзе выйшаў альбом у 6-і тамах «Літва ў здымках Яна Булгака», дзе змешчана больш за 270 здымкаў: Навагрудак, Мір, Нясвіж, Свіцязь, Крэва, Вілейка, Трокі. Тут да месца згадаць Напалеона Орду: калі навукоўцы, ды і не толькі, хочуць пабачыць, як выгля­далі маёнткі, касцёлы і цэрквы на нашых землях у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, то абавязкова звяртаюцца як да літаграфіяў і малюнкаў Н. Орды, так і да здымкаў Я. Булгака. У 1919 – 1939 гадах фотамайстар кіраваў фатаграфічнай лабараторыяй пры факуль­тэце мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Памёр у 1950 годзе, пахаваны ў Варшаве на могілках Старыя Павонзкі.

Piaresieka_01Такім чынам, у Беларусі некалькі месцаў, звязаных з творчасцю выбітнага фота­майстра. Былому маёнтку Пярэсека, сённяшняй вёсцы Пярэсека ў Мінскім раёне не­падалёк Самахвалавічаў, пашанцавала. Акурат на чарговыя ўгодкі Я. Булгака на месцы былой сядзібы адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага знака. По­бач з рэшткамі падмурка сядзібнага дома Я. Булгака размясціўся 14-тонны валун, на якім змешчаная дошка з надпісам, што тут размяшчалася першая фотала­бара­то­рыя майстра (скульптар Валерый Калясінскі).

Piaresieka_03Добрую справу ініцыяваў і прафінансаваў прадпрымальнік Францішак Жылка. У Пярэсецы ён пабудаваў свой дом – на аснове дома, дзе жыла сястра маці яго жонкі. Ад яе і даведаўся пра знакамітага «суседа».

– Калі я пачаў прыязджаць сюды, – згадвае Францішак Баляслававіч, – тут ужо не было пабудоваў. Можна было здагадацца, што засталіся падмуркі, але – ужо за­рослыя кустоўем і дрэвамі, пакрытыя тоўстым слоем дзёрну. Родзічка распавядала, што раней карысталася «панскім» склепам. Паціху пачаў высвятляць, што за асоба валодала маёнткам, як тут было сто гадоў таму. І ўзнікла ідэя добраўпарадкаваць месца, неяк пазначыць яго, ушанаваць Я. Булгака. На шчасце, пайшлі насустрач у Міханавіцкім сельскім Савеце, дапамагалі і некаторыя аднавяскоўцы.

Piaresieka_02Аднавяскоўцы дапамаглі і з перавозкаю валуна.

– Даведаўся, што ў Ракаве на падворку аднаго чалавека ёсць камень акурат такі вялікі, якой вялікай асобаю быў Ян Булгак, – працягвае Францішак Баляслававіч. – Не адразу гаспадар пагадзіўся аддаць. Хаця камень і ў нечым замінаў яму (даво­дзі­лася абворваць вакол яго), але ж – і быў своеасабліваю тамтэйшай адмет­нас­цю. Вяселлі, вандроўнікі абавязкова завітвалі ў двор, каб сфатаграфавацца. Ды я, ві­даць, знайшоў патрэбныя словы і пераканаў, што валун неабходны ў Пярэ­се­цы, каб ушанаваць выдатную Асобу. Але ж патрэбна перавезці. З дзвюх спробаў нічога не атрымалася. Тады падключыліся мае суседзі – Ірына і Дзмітрый, якія тут нарадзіліся, маюць сваю фірму. З іх дапамогаю валун пераехаў настала сюды.

Зноў – выпадкі? Вырашайце самі. Толькі рапавядаю так падрабязна дзеля таго, каб звярнуць увагу чытачоў: у Беларусі нямала выдатных месцаў, многія заня­па­лыя, дзе нават і мясцовы люд не ведае (або ведае мала), чым жылі іх продкі, хто рупіўся там дзеля росквіту краю. Не паўсюль паспявае дзяржава пазна­чыць адметнасць шыльдаю ці памятным каменем, а тым больш – няшмат сён­ня людзей, якія маюць магчымасць ці жаданне хаця б мінімальнымі намаганнямі ды сродкамі парупіцца, каб увекавечыць месца, асобу, падзею. Пярэсецы і Я. Бул­га­ку пашанцавала неверагодна! І радуе, што мясцовыя ўлады ініцыятыву падтры­ма­лі – на карце Міншчыны з’явілася новая кропка не толькі для турыстычных маршру­таў.

Хаця асаблівай рэкламы пра ўрачастасць адкрыцця знака не было, хаця свята адбывалася не ў Мінску ці адносна вялікім паселішчы, хаця надвор’е не надта спрыяла (хмары, вецер, холад), – але сабралася чалавек сто: сябры і суседзі Ф. Жылкі, навукоўцы, музыкі, прадпрымальнікі, журналісты, сябры ГА «Згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства» ды інш.

Распачалася ўрачыстасць пад старою ліпай, што засталася ад колішняга парку Булгакаў. Выступілі фальклорныя калектывы «Крупіцкія музыкі» і «Матуліна хата». Далей вядучы Мікола Котаў зычна выгукнуў: «Запаліце свечкі ў памяць аб Яну Булгаку!». Не ўсе язычкі полымя на ветры гарэлі доўга – як не ўся спадчына ў бурным ХХ стагоддзі захавалася да нашых дзён. Гучалі песні на беларускай, польскай і рускай мовах, а потым усе перамясціліся да каменя. Коратка пра ідэю ўшанаваць памяць Я. Булгака і яе рэалізацыю распавёў Ф. Жылка. Права адкрыць камень з мемарыяльнай дошкаю было дадзенае скульптару В. Калясінскаму.

Piaresieka_04Далей выступілі госці – прафесар Леанід Лыч, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, паэтка, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч, старшыня Міханавіцкага сельсавета Святлана Давальцава, кіраўнік Згуртавання нашчадкаў шляхты і дваранства Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі, краязнаўца і перакладчыца з польскай мовы Таццяна Канапацкая. Усе яны казалі пра значнасць асобы фотамастака Я. Булгака, пра неабходнасць ушаноўваць падобныя месцы, пра рупнасць фундатара Ф. Жылкі. А сябры Мінскага Сходу нашчадкаў шляхты і дваранства ўручылі В. Калясінскаму і Ф. Жылку свае ўзнагароды.

Скончылася свята пасадкаю Жылкам і Давальцавай дрэва. Акурат – на замену старадаўняй ліпе падрасце велічны чырвоналісты дуб. Потым ахвочыя змаглі пахадзіць па сядзібе прадпрымальніка, якую той засадзіў з вялікім густам і любоўю.

Уладзімір ПУЧЫНСКІ, фота аўтара

 Ад рэдакцыі. Карыстаючыся нагодаю, выказваем словы шчырай удзячнасці Францішку Баляслававічу, які не застаўся ўбаку ад праблемаў БФК і «Краязнаўчай газеты» і некалькі разоў выдаткоўваў немалыя грашовыя сродкі на падтрымку выдання.

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам