Толькі Нача – не іначай!
У вусных і пісьмовых тэкстах адна вёска ў Ганцавіцкім раёне фігуруе пад дзвюма формамі назвы – Нача і Нач. Апошняя найбольш уласцівая польскамоўнаму і рускагамоўнаму дыскурсам. Яны паслядоўна навязваюць такі варыянт, які апошнім часам пачаў пранікаць у афіцыйныя выданні. Як жа будзе правільна?
Каб высветліць дакладную назву вёскі, давялося звярнуцца да навуковай літаратуры, у прыватнасці, да «Краткого топонимического словаря Белоруссии» (аўтар – В. Жучкевіч; Мінск, 1974. Стар. 252 – 253). І вось што дазнаўся.
Нача – назва рэк. На іх ёсць старыя аднайменныя паселішчы, у тым ліку ў Ганцавіцкім раёне. Вучоныя мяркуюць пра балтыйскае паходжанне назвы, магчыма, ад словаў са значэннем «спець», «пладародны», «прадуктыўны». Верагодна, гэтыя месцы былі першапачатковымі асяродкамі земляробства. Выяўляецца і сувязь са старабеларускім «нача» (пачатак). Цяпер гэтае слова ўжываецца параўнаўча рэдка: нача – першы сноп пры зажынках, заначаць – зрабіць пачын.
Прычым назвы «Нач» у грунтоўным і кампетэнтным слоўніку няма. І па-беларуску, і па-руску назва аднолькавая – Нача. Але некаторым яна, відаць, не падабаецца і яны вельмі вольна абыходзяцца з назвай геаграфічнага пункта.
А завяршу гэты своеасаблівы лікбез на лірычнай ноце – вершам Аляксея Галаскока, які дзякуючы жонцы-начанцы палюбіў гэтую вёску, як сваю родную.
Анатоль КРУГАВЕЦ