Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым чытачам, што летась у кастрычніку намаганнямі Франца Жылкі на месцы сядзібы фотамастака быў адкрыты памятны знак, аб чым нашае выданне пісала ў № 27 – «КГ».)
Б. Булгак жыве ў Варшаве. У яго ёсць два сыны. Малодшы – журналіст, фатаграфуе. Богдан перыядычна бывае ў Беларусі, у асноўным наведвае Навагрудчыну, дзе нарадзіўся яго знакаміты дзед, Мінск. Вёску Пярэсеку ўпершыню наведаў некалькі гадоў таму. Сюды яго запрасіў Франц Жылка, жыхар вёскі, апантаны ідэяй вярнуць імя вядомага фатографа ў Пярэсеку, бо менавіта тут Я. Булгак зрабіў свае першыя фатаграфіі, сфармаваўся як фатограф.
Богдан меўся прыехаць у Пярэсеку на адкрыццё мемарыяльнага знака ў гонар Я. Булгака, але, на вялікі жаль, не змог. І вось ён зноў завітаў на радзіму продкаў. Найперш схадзіў да мемарыяльнага знака, паглядзеў, як добраўпарадкавалі муры дзедавай сядзібы. Бачна, што Богдан удзячны людзям, якія клапоцяцца аб захаванні імя Я. Булгака. Пра перамены ў вёсцы гаворыць амаль са слязьмі на вачах: «Цяпер Булгак вярнуўся ў Пярэсеку». Богдан вельмі падобны да свайго дзеда, тыя ж рысы твару, тая ж сівізна, ахайныя вусы і барада…
«Мы тутэйшыя»
З ім з Варшавы прыехала Іаана Пухальская – вядомы польскі гісторык і мастацтвазнаўца, аўтар кніг. Іаана сваячка Я. Булгака, карані яе сям’і таксама на навагрудскай зямлі. Як ім пачуваецца ў Беларусі?
«Мы тутэйшыя», – кажа Богдан. Іаана ў сваю чаргу прызнаецца: «Кожны раз, калі я перасякаю мяжу і апынаюся ў Беларусі, звычайна кажу, што нарэшце я дома. У мяне ў сэрцы батарэйка, якая зараджаецца ў Беларусі». Богдан і Іаана імкнуцца як мага дакладней перадаць сваё ўнутранае адчуванне Радзімы, і нарэшце Іаана згадвае вядомы выраз Адама Міцкевіча, з якім была добра знаёмая яе сям’я. Паэт казаў пра сваё паходжанне па нараджэнні – «літвін, польскай нацыянальнасці» або «маю польскую нацыянальнасць, але ў мяне ўсё літвінскае». Так і госці з Варшавы, хоць і польскай нацыянальнасці, алё ў іх усё літвінскае, беларускае.
Больш за 100 выставак за жыццё
Вядома, мяне і Франца Баляслававіча найперш цікавіць, якім чалавекам быў Я. Булгак. Унук адзначае, што гэта быў мастак вялікага фармату.
– Дзед бачыў тое, на што іншы ніколі б не звярнуў увагі. Фатаграфія цалкам паглынула яго. Ён не пераставаў вучыцца, удасканальвацца. Да сёння мяне здзіўляе, як хутка ён асвоіў фотаапарат. Тэхніка з’явілася ў доме ў 1905 годзе, а ў 1906-м у дзеда ўжо адбылася першая выстаўка. Хутка яго выстаўкі пачалі ладзіцца і за мяжой, за ўсё жыццё іх было больш за 100 амаль на ўсіх кантынентах.
Прыдумаў назву «фатаграфіка»
Першым настаўнікам Я. Булгака быў Гуга Эрфурт, адзін з самых вялікіх прафесіяналаў таго часу ў галіне фатаграфіі.
– Дзед вучыўся ў Эрфурта ў Саксоніі, – расказвае Богдан. – І першая фатаграфія, якую ён там зрабіў, – возера, лодка і прыгожы туман. Затым быў Парыж. Там ён атрымаў веды пра фатаграфію больш тэхнічнага характару. Але для дзеда фатаграфія ў першую чаргу была мастацтвам. Ён нават прыдумаў назву для мастацкай фатаграфіі – фатаграфіка. Больш за ўсё дзед любіў фатаграфаваць прыроду. Таксама здымаў людзей, горад. У яго ёсць шэраг фатаграфічных серыяў, прысвечаных гарадской архітэктуры. Можна сказаць, што ён працягваў справу Напалеона Орды, майстра архітэктурнага пейзажу.
– Булгак вучыўся фатаграфіі ў Германіі, Францыі. А ці ведаў ён нямецкую і французскую мовы?
– Ведаў. У яго была класічная адукацыя, ён таксама валодаў лацінай, грэчаскай мовай, рускай.
Тройчы фатаграфаваў Вільню
Булгак быў вядомым фотадакументалістам. Унук расказаў, што дзед тройчы адфатаграфаваў амаль што кожны каменьчык Вільні. Першы раз зазняў усе архітэктурныя помнікі горада ў 1910 годзе, калі быў прызначаны на пасаду гарадскога фатографа Вільні. Гэтае месца яму ўдалося атрымаць па пратэкцыі Фердынанда Рушчыца. Другі раз поўную інвентарызацыю архітэктурных помнікаў Вільні Я. Булгак зрабіў у пачатку Другой сусветнай вайны, калі горад адышоў да СССР. Фатаграфіі замаўляла Чырвоная Армія. Ну а трэці раз Булгак фатаграфаваў Вільню, ужо калі прыйшлі немцы, па іх загадзе. Вільня, паводле словаў Б. Булгака, адзіны горад, які прайшоў такую поўную інвентарызацыю помнікаў.
На кватэры Булгака сустракалася польскае Супраціўленне
– Тое, што дзед рабіў фатаграфіі горада для немцаў, паставіла сям’ю ў цяжкае становішча. Людзі неадназначна ўспрымалі супрацоўніцтва дзеда з акупантамі. Супраць гэтых стасункаў таксама выступала бабуля. Два яе браты ваявалі ў польскім Супраціўленні. Гэтая старонка біяграфіі дзеда мяне вельмі непакоіла. І вось у 2002 годзе я натрапіў на артыкул у часопісе пра польскае Супраціўленне, у якім чорным па белым было напісана, што ў кватэры дзеда прайшла першая сустрэча польскай арганізацыі Супраціўлення. Пазней дзед дапамагаў перапраўляць інфармацыю пра польскі нацыянальны рух у Лондан. І ён не сказаў пра гэты факт нават свайму сыну, майму бацьку, які памёр у 1977 годзе, так нічога і не даведаўшыся.
Пра сяброўства з Рушчыцам
– Цеснае сяброўства звязвала дзеда з Ф. Рушчыцам прыкладна 20 гадоў. Рушчыц дапамог дзеду ўладкавацца ў Вільні, прапанаваў месца гарадскога фатографа. Таксама Рушчыц стварыў кафедру фатаграфіі на сваім факультэце мастацтва і запрасіў туды дзеда. Яны мелі падобны погляд на мастацтва. Думаю, што спачатку іх знаёмства было павярхоўным. Але, магчыма, Рушчыц заўважыў дзеда як мастак мастака.
Булгака ніколі не было дома
– Дзеда ніколі не было дома. Ён не сядзеў на месцы, заўсёды перамяшчаўся. Здымаў зруйнаваныя вайной польскія гарады (Булгакі ўцяклі з Вільні ў Варшаву ў канцы вайны. – Аўт.). У яго нават была выстаўка «Варшава пасля смяротнага прысуду». Разам са здымкамі руінаў размяшчаліся здымкі горада даваеннага часу, якія дзед таксама рабіў у свой час. Потым нават альбомы выдаваліся з фатаграфіямі таго, што было і што стала.
Мне казалі за тыдзень, што дзед вяртаецца з камандзіроўкі. І я лічыў дні. Калі ён прыязджаў, у хаце была сапраўдная буза. Усе стараліся дапамагаць яму. Добра памятаю, як у памяшканнях нашай кватэры сохлі на дратах фатаграфіі. Дзед быў дома некалькі дзён і зноў ад’язджаў. Ён ездзіў адзін ці з маім бацькам. Аднойчы дзед узяў мяне з сабой. Тры ці чатыры разы прыходзіў на адно і тое ж месца, рабіў фатаграфію і заставаўся незадаволеным – шукаў лепшае святло. Адзін раз дазволіў мне быць у цёмным пакоі. Дзед быў скрупулёзны і вельмі патрабавальны да сябе і да вучняў. У яго лабараторыі не было месца дэмакратыі (смяецца).
Пра бабулю
– Ганна Булгак была жанчынай з жорсткім характарам. Адукаваная. Вельмі ўражлівая, паэтка ў душы. Напэўна, яны з дзедам інтэлектуальна пасавалі адно адному. Бабуля памерла ў 1944 годзе. Доўгі час хварэла, таму выглядала старэй за свой узрост. У дзеда ёсць здымак, як Ганна стаіць у акне. На вуліцу там пазірае вельмі старая жанчына…
Януш Богдан вучыў музыцы вясковых дзяцей
– Мой бацька пэўны час дапамагаў дзеду. Нават меў свае выстаўкі і ўзнагароды, але душа яго ляжала да музыкі. Ён скончыў кансерваторыю, быў кампазітарам. У Беларусі я выпадкова даведаўся, што тата вучыў вясковых дзяцей музыцы. Яго вучні нават зрабілі музычную кар’еру, гралі ў аркестрах.
У пажары згарэлі 15 тысячаў негатываў і другая кніга ўспамінаў
– Дзед пастаянна вяртаўся да сваіх вытокаў, гэта вельмі блізкія для яго месцы. Настальгію па Беларусі ён апісаў у сваёй кнізе ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў». Пад час вайны пісаў яе працяг. Але ў 1943 годзе ў Вільні адбыўся вялікі пажар. У тым ліку гарэў касцёл Святога Юрыя, да якога прымыкаў наш дом. Тады за 20 хвілінаў згарэлі багатая дзедава бібліятэка, больш за 15 тысячаў арыгіналаў негатываў фатаграфіяў і другая частка ўспамінаў. Больш да іх ён не вяртаўся.
Святлана ВАШЧЫЛА, фота аўтара
(Паводле газеты «Прысталічча»)