«Жыў сабе адзін вельмі здатны паляшук. Многа ён хадзіў па свету, мо на сем міль у акрузе, многа ўсялякага дзіва бачыў. Дзівіліся людзі, як яго галава зносіць, як яно там месьціцца. Разумны быў і да ўсяго здатны…»
Сёлета 25 кастрычніка ў рамках раённага агляду-конкурсу «Мой родны край – мая гісторыя жывая» слуцкая гарадская бібліятэка-філіял № 2 з мэтай папулярызацыі краязнаўчай літаратуры, захавання сваёй гісторыі, зберажэння памяці аб далёкіх падзеях мінулага, аб знакамітых людзях свайго краю, абуджэння зацікаўленасці і павагі да сваіх вытокаў, да роднай зямлі, далучэння да духоўных каштоўнасцяў правяла этна-краязнаўчы экскурс «Жыў сабе адзін вельмі здатны паляшук», прысвечаны 155-годдзю з дня нараджэння нашага славутага земляка, этнографа, фалькларыста, публіцыста і мовазнаўцы Аляксандра Сержпутоўскага.
Мерапрыемства адбывалася ў этнаграфічнай студыі «Беларуская хатка» Слуцкага гарадскога Цэнтра традыцыйнай культуры. Абсталяванне і атмасфера памяшкання (старажытная драўляная мэбля, печ, прылады працы, саматканыя ручнікі, вышыванкі і да т.п.) далі магчымасць гасцям акунуцца ў глыбіню стагоддзяў, прыслухацца да галасоў далёкіх продкаў, прыгледзецца да плёну працы іх рук і душаў. Менавіта гэтаму духоўнаму набытку папярэднікаў і прысвяціў сваё жыццё Аляксандр Казіміравіч.
Пачалася імпрэза з відэакліпа Алены Ланской «Куточак Беларусі». Слуцкая паэтэса Ганна Міклашэвіч прачытала свой верш «Майму слаўнаму гораду». Увазе прысутных прадставілі слайд-прэзентацыю «Жыў сабе адзін вельмі здатны паляшук», дзе дэманстраваліся фотаздымкі, кнігі, фільмы, відэакліпы аб Сержпутоўскім, гучалі народныя песні таго часу.
Сумесна з гасцямі вядучыя мерапрыемства прайшліся паляшуцкімі дарогамі даследчыка і прасачылі лёсы яго кніг з серыі “Повязь вякоў”.
У выкананні супрацоўнікаў Цэнтра традыцыйнай культуры Святланы Гушчэні і Зінаіды Казак госці паглядзелі інсцэніроўку жыццёвай гісторыі, запісанай у вёсцы Чудзін ад казачніка Данілы Кулагі, якая называецца «Не любіць». Чытачка бібліятэкі Людміла Сасноўская прачытала байку ад знакамітага казачніка таго часу Лявона Лябедзіка «Кальвінскі пост», якую А. Сержпутоўскі запісаў на Случчыне. З. Казак пазнаёміла гасцей з фразеалагічнымі прыказкамі і прымаўкамі са збору знакамітага этнографа.
Аляксандр Казіміравіч запісваў і дзіцячы фальклор – песні-калыханкі, пацешкі-забаўлянкі. Юная ўдзельніца мерапрыемства Віталіна Сакута паказала сцэнку «Дзіцячыя калыханкі». Таксама госці прагледзелі відэазапіс казкі адной з апошніх казачніцаў вёскі Чудзін Матруны Савеня. Вывучаючы і збіраючы фальклор, этнограф не абмінуў увагай і народную песню, таму на мерапрыемстве быў прагледжаны і праслуханы відэазапіс фальклорнай песні гурта з Ганцавіцкага раёна.
На імпрэзу запрасілі зямлячку А. Сержпутоўскага з вёскі Пярэвалакі Раісу Кернажыцкую. Яна сябравала з нашчадкамі этнографа. Раіса Яраславаўна расказала аб паходжанні роду Аляксандра Казіміравіча, падзялілася ўспамінамі з дзяцінства і разважаннямі пра тое, аб чым не напісана ў кніжках.
Людміла СВІРЭПА, бібліятэкарка гарадской бібліятэкі-філіяла № 2, г. Слуцк
(Цалкам артыкул чытайце ў № 31 “Краязнаўчай газеты”)