Вынікі падведзеныя – перамаглі і тыя, хто застаўся без узнагародаў
Конкурс «Славутыя імёны маёй малой радзімы», што быў абвешчаны летась ГА «Беларускі фонд культуры» і рэдакцыямі газет «Звязда» і «Краязнаўчая газета», скончыўся, гэтым летам былі падведзеныя вынікі. У склад журы ўвайшлі галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» (старшыня журы) Уладзімір Гілеп, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар часопіса «Нёман» (цяпер галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва»; намеснік старшыні) Аляксей Чарота, намеснік старшыні ГА «БФК», пісьменнік Анатоль Бутэвіч, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Алена Мальчэўская, намеснік галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Пучынскі.
Напачатку – некалькі фактаў пра ўдзельнікаў. Было даслана амаль 30 разнастайных працаў – выдадзеныя і рукапісныя кнігі, артыкулы ў беларускіх газетах і часопісах, буклеты, а таксама – шэраг артыкулаў, што друкаваліся ў нашай газеце пад рубрыкай «На конкурс “Славутыя імёны маёй малой радзімы”». Было прынятае рашэнне падзяліць прадстаўленыя працы на дзве намінацыі: аўтарскія працы і працы калектыўныя (накіраваныя на конкурс ад імя арганізацыяў і ўстановаў).
29 кастрычніка ў будынку Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь арганізатары сумесна з музеем правялі ўрачыстасць узнагароджання пераможцаў.
Найлепшымі ў намінацыі калектыўных працаў сталі:
Дзітвянская сярэдняя школа з працаю «Браніслаў Круглы – майстра скрыпкі, музыкант і калекцыянер, або Лідскі Страдзівары ХХ стагоддзя» (аўтары – вучні 11-га класа Рэната Пятрушчык і Вераніка Лабко, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Стасюлевіч);
Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка – краязнаўчы бібліяграфічны праект «Краязнавец з вялікай літары» (аб дырэктары музея Аляксеі Мартынаве);
Пятровіцкая сельская бібліятэка Смалявіцкага раёна і сярэдняя школа № 43 г. Мінска – даследаванне «Скарбніца Пятровіцкай зямлі».
Найлепшымі ў намінацыі аўтарскіх працаў сталі:
Таццяна Канапацкая, г. Лунінец – за серыю кніг «Лунінецкая памяць»;
Святлана Кошур, г. Карэлічы – за серыю публікацыяў у «Краязнаўчай газеце», прысвечаных знакамітым асобам Карэліччыны;
Іван Лапо, г. Клімавічы – за праект кнігі, прысвечанай ударніцы калгаса «Кастрычнік» Клімавіцкага раёна, маці сямі дзяцей – падпольшчыкаў і франтавікоў, Яфіміі Хрыстафораўне Чаркасавай.
Шэраг намінантаў калектыўных праектаў атрымалі спецыяльныя дыпломы:
Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А. Макаёнка за праект «Ганаровыя і славутыя грамадзяне горада Гродна»;
Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя В. Праскурава за даследаванне і яго вынікі пад назваю «Вартыя памяці людской…»;
Свірскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Мядзельскага раёна за праект «Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, дыктар беларускага радыё Сідзельнікава Т.Ф.» (матэрыялы для друку педагога школы Веры Шукела);
Іказненская бібліятэка Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна (бібліятэкар Ірына Лясюк), «Бесстрашная стрелка» (аб піянерцы-героі Вялікай Айчыннай вайны Клаўдзіі Апалінараўне Шынкевіч).
Заахвочвальныя дыпломы атрымалі аўтары індывідуальных працаў:
Аляксандр Свірыд (г. Ганцавічы) за кнігу «Тропинка школьная моя»;
Аляксандр Адамковіч за кнігу «Германавічы, Зорка (Сініца), ваколіцы (да 1939 г.)» выдання Таварыства беларускай культуры ў Літве;
Наталля Грэчная (г. Івацэвічы) за даследаванне і публікацыю ў «Краязнаўчай газеце» матэрыялу «Спадчына адной вёскі на Івацэвіччыне»;
Марыя Слівец, Святлана Дзікун (Любанскі раён) за даследаванне і публікацыю ў «Краязнаўчай газеце» матэрыялу «Ён наша гордасць і слава»;
Тамара Круталевіч (г. Беразіно) за даследаванне і публікацыю матэрыялу «Хроніка бярэзінскіх вёсак» у «Краязнаўчай газеце»;
Францішак Жылка (Мінскі раён) за шэраг кніг, прысвечаных ураджэнцам Гродзеншчыны і Міншчыны, падрыхтоўку да друку ўспамінаў Фэлікса Жылкі і Анатоля Шчучкі;
Уладзіслаў Ляскоўскі (г.п. Шаркаўшчына), за збор матэрыялаў, апрацоўку і падрыхтоўку да друку кнігі «Гістарычная хроніка Шаркаўшчыны і наваколля»;
Кліменцій Кожан (в. Германавічы Шаркаўшчынскага раёна) за шэраг публікацыяў у нацыянальных выданнях пра ўраджэнцаў Шаркаўшчынскага раёна.
Варта адзначыць таксама, што многія ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды не за адну працу (і гэта бачна нават па вышэй пададзенай сухой статыстыцы). Прыкладам, журналістка Т. Канапацкая, пенсіянер У. Ляскоўскі, бібліятэкары Т. Круталевіч і М. Слівец назбіралі багата матэрыялаў пра дзясяткі сваіх землякоў, якія пакінулі значны след у гісторыі не толькі свайго рэгіёна, журналіст І. Лапо мае ў запасе некалькі падрыхтаваных кніг, якія чакаюць выдання. Прадпрымальнік Ф. Жылка цягам апошніх гадоў адрэстаўраваў і запусціў у м. Жодзішкі Смаргонскага раёна стары вадзяны млын, стварыў у ім Музей хлеба (першы і пакуль адзіны ў краіне), абладзіў месца сядзібы выдатнага фатографа Яна Булгака і на свае сродкі ўсталяваў памятны знак, прысвечаны творцу. Цешыць таксама, што сярод удзельнікаў ёсць моладзь, студэнты, якія даследуюць мінуўшчыну сваёй зямлі, адна з іх – Н. Грэчная. Зрэшты, пра кожнага з намінантаў (як пра пераможцаў, так і пра тых, хто застаўся без узнагародаў) можна сказаць добрыя словы. Уласна, перамаглі ўсе, бо кожны ўдзельнік, рыхтуючы сваю працу на суд журы, больш даведаўся пра свае мясціны, пра славутых землякоў, а значыць – узбагаціўся духоўна.