Рэгіён Што можа краязнаўца. А два рупліўцы?

Што можа краязнаўца. А два рупліўцы?

-

- Рэклама -

Чарговая сустрэча з цыкла імпрэзаў, што ладзяць БФК і «Краязнаўчая газета», адбылася ў самым пачатку сакавіка і была прысвечаная адразу двум раёнам – Рагачоўскаму і Жлобінскаму. Такое яднанне тлумачыцца проста: некалі гэта быў адзін Рагачоўскі павет.

Краязнаўцы, якія стала займаюцца вывучэннем сваіх мясцінаў, ведаюць, што адміністрацыйнае дзяленне нашых земляў у розныя часы змянялася. Таму часамі патрэбнае яднанне даследчыкаў з розных раёнаў, каб вывучаць агульную ў многім мінуўшчыну. Яскравы пры­клад такой супрацы – нядаўнія госці «краязнаўчай гасцёўні» фонду культуры. Журналіст Мікалай Шуканаў жыве ў Жлобіне, працуе ў раённай газеце «Новы дзень», рабочы Аляксандр Патапаў – у Рагачове. Асноўныя зацікаўленні абодвух – тапаніміка і жыццё хрысціянскіх абшчынаў цягам некалькіх апошніх стагоддзяў. Яны бадай адзіныя ў краіне, хто збірае звесткі пра «ката­комб­ні­каў» – праваслаўных хрысціянаў, якія паводле сваіх перакананняў не прызналі ўладу маскоўскага патрыярха пасля 1920 – 1930 гадоў, жылі сваімі абшчы­на­мі, маліліся Богу ў сваіх малітоўных дамах, а таксама – хаваліся ад уладаў (прычым, як простыя вернікі, гэтак і святары, царкоўныя іерархі). Нешта з гэтага ведаюць чытачы нашай газеты (прыкладам, у №39 за 2013 год мы дру­кавалі артыкул Мікалая Васільевіча «“Катакомбны шлях” іераманаха Мелхі­са­дэ­ка», распавядалі пра кнігу Аляксандра Фёдаравіча «Вытокі станаўлення Права­слаўя і іншых рэлігійных абшчын на Рагачоўшчыне – 2», што выйшла ў Рагачове ў 2009 годзе накладам 150 асобнікаў).

Але нагодаю для сустрэчы стаў выхад дзвюх новых кніг, аўтар якіх М. Шу­канаў: «За всё – слава Богу» (якая мае падзагаловак «Записки краеведа») і «Довск и Старый Кривск: летопись времени» (яна – у суаўтарстве з А. Патапавым).

SzukanauPatapau_01SzukanauPatapau_02У першую сабраныя артыкулы, што журналіст і краязнаўца друкаваў у дзясятку беларускіх рэгіянальных і агульнанацыянальных газет («Новы дзень», «Свабоднае слова», «Краязнаўчая газета», «Царкоўнае слова», «Літаратура і мастацтва» ды інш.), а таксама ў часопісах і зборніках Беларусі і Расіі. Ён суаўтар кнігі «Памяць. Жлобінскі раён», сябра Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі (як і А. Патапаў). Другая кніга – своеасаблівы летапіс дзвюх суседніх вёсак на Рагачоўшчыне. Дарэчы, хаця выданні маюць рускамоўныя назвы, артыкулы ў іх змешчаныя як па-руску, так і па-беларуску.

SzukanauPatapau_04Адкрыў сустрэчу старшыня БФК, галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» Ула­дзімір Гілеп, які пазнаёміў прысутных з гасцямі, коратка спыніўся на бія­гра­фічных звестках кожнага, выказаў сваё стаўленне да таго, шгто яны робяць.

– Краязнаўцы – гэта сённяшнія летапісцы. Яны часамі запаўняюць пра­белы ў даследаваннях прафесійных гісторыкаў, – зазначыў ён. – І плён працы Шуканава і Патапава добра бачны ў публікацыях, у тым ліку – у «Краязнаўчай газеце».

Дарэчы, у сябе на радзіме яны частыя госці на розных мерапрыемствах, сустрэчах у школах ды бібліятэках. Што, варта зазначыць, бывае ў розных раёнах не паўсюдна.

Далей слова мелі госці.

М. Шуканаў пачаў выступ з расповеду пра лёс аднаго з старэйшых сама­дзейных мастакоў Жлобіншчыны, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Кан­стан­ціна Міцкевіча. Аказваецца, ягоны бацька Міхаіл Карлавіч – стрыечны брат класіка беларускай літаратуры, вядомага як Якуб Колас. Першая сустрэ­ча журналіста з мастаком адбылася ў 1995 годзе пад час персанальнай вы­стаў­кі ў Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Дасціпны даследчык заці­кавіўся, ці няма супадзення ў прозвішчы, і пачуў пра кроўныя сувязі з класікам. Потым былі іншыя сустрэчы, роспыты; у выніку з’явіліся публікацыі ў газетах «Новы дзень» і «Наша слова». Звярнуўся краязнаўца і ў Літаратурны музей Якуба Коласа. Там адказалі, што пра Міхаіла Карлавіча ім вядома, а вось пра ягоных нашчадкаў яны дагэтуль не ведалі, і жлобінскі Міцкевіч стаўся прыемнаю нечаканкай. І гэта толькі адзін невялікі прыклад, калі неабыякавы краязнаўца можа адкрыць навуковай грамадскасці новыя факты.

Далей Мікалай Васільевіч распавядаў пра свае пошукі ў галіне царкоў­на­га краязнаўства, пра гісторыю праваслаўных храмаў у Доўску і Старым Крыў­ску, пра пакуль невялікую гісторыю Жлобінскага Свята-Траецкага сабора, пра цікавосткі Свержанскай пушчы і вёскі Свержань, што ў Рагачоўскім раёне. Апош­нія некалькі гадоў ён з рагачоўскім калегам займаецца гісторыяй мяс­цовай царквы Народзінаў Багародзіцы, пабудаванай у 1864 годзе, закрытай у 1930-я гады, зноў адкрытай пад час нямецка-фашысцкай акупацыі, па вайне зноў закрытай і з таго часу стаіць безгаспадарчая, разбураецца… Кажуць, хаця сцены яшчэ стаяць, наўрад ці магчымае аднаўленне. Ды й ад некалі шматлюднага мястэчка Свержань (да 1917 года было тут больш за 1100 жыхароў) засталося ў вёсцы ўсяго 17 чалавек. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў былую святыню пераўтварылі ў звалку. І краязнаўцы дапа­маглі храму не толькі «словам» (шукалі звесткі, фатаграфавалі тое, што за­ста­лося, запісвалі ўспаміны, друкавалі артыкулы пра вёску і яе гісторыю) – яны з дапамогаю неабыякавых людзей правялі тут «суботнік» – расчысцілі тэры­то­рыю, добраўпарадкавалі месца. Працавалі мясцовыя жыхары і дачнікі, вуч­ні школы, а таксама ўнук А. Патапава 4-класнік Дзяніс. Праз нейкі час края­знаўцы надумалі добраўпарадкаваць святую крынічку, што б’е непадалёк вёс­кі. І ў жніўні 2015 года была асвечаная адноўленая Свята-Траецкая крынічка, вядомая аж з XVIII стагоддзя. Цяпер да яе прыходзяць і прыязджаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і людзі з іншых раёнаў.

Аляксандр Фёдаравіч кажа: «Мы не спыняемся на гэтым. З’явілася ідэя адрадзіць у Свержані Траецкі кірмаш. І летась у чэрвені прайшоў першы кірмаш. Сёлета плануем зладзіць другі. Карыстаючыся нагодаю, запрашаю прысутных у госці, да свержанскай Свята-Траецкай крынічкі, на кірмаш. Цяпер я збіраю матэрыялы для новай кнігі, прысвечанай гэтым мясцінам. І чым болей “раскручваю” тэму, тым на болей цікавых фактаў выходжу».

Зайшла пад час сустрэчы гаворка на амаль невядомую тэму – да нядаў­няга часу бадай забароненую. Савецка-фінляндская вайна (якую яшчэ называлі «кампаніяй»). Так сталася, што багата ўраджэнцаў Рагачоўскага раёна брала ў ёй удзел. Цяпер іх нашчадкі шукаюць звесткі пра сваіх родных, цікавяцца, ці прод­каў можна лічыць ветэранамі… «У нас больш за сотню імёнаў тых, хто пайшоў на фінляндскую з Рагачоўшчыны, – кажуць края­знаў­цы. – І пра кожнага з іх павінны ведаць людзі, як ведаюць пра ўдзельнікаў іншых войнаў».

SzukanauPatapau_03Цікавым было выступленне і Аляксандра Клімовіча, які родам з Бабруйска. Нагадаем, ён – герой нядаўняй публікацыі М. Шуканава ў нашай газеце, знайшоў карту Рагачова. Павандраваў багата па свеце, цяпер ён вярнуўся на радзіму і таксама захапіўся даўніною роднага горада. Ягоныя расповеды былі прыязна сустрэтыя прысутнымі. А культуролаг Аляксей Шалахоўскі пад час сустрэчы згадаў іншага нараджэнца Жлобіншчыны – літаратуразнаўцу, пісьменніка, даследчыка Уладзіміра Содаля (які нарадзіўся ў вёсцы Мормаль, дзе нейкі час настаўнічаў М. Шуканаў). Родныя і сябры сёлета плануюць правесці вечарыну памяці даследчыка, выдаць кнігу ўспамінаў пра У. Содаля.

Словы ўдзячнасці Мікалаю Васільевічу выказала дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. Рэч у тым, што краязнаўца частку знойдзеных матэрыялаў перадаў у гэтую ўстанову. Зрэшты, не толькі сюды. Ён і Аляксандр Фёдаравіч перадалі свае матэрыялы з асабістых збораў у Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей, Рагачоўскі музей Народнай славы, Лоеўскі музей «Бітва за Дняпро», Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, бібліятэку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Гомельскі Свята-Мікалаеўскі мужчынскі манастыр, Казіміраўскі Свята-Успенскі жаночы манастыр ды іншыя ўстановы. Як і казалі напачатку – дасціпны краязнаўца можа дадаць не адну старонку ў гісторыю роднага краю, у кнігу, якую пішуць і прафесійныя гісторыкі, і ахвярныя, самаадданыя рупліўцы розных прафесіяў. Яны дапаўняюць працу адно аднаго.

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ, фота аўтара

 Ад рэдакцыі. Наступная сустрэча «краязнаўчай гасцёўні» мяркуецца 30 сакавіка і будзе прысвечаная кнізе «Летапіс Іаана-Прадцечанскай царквы сяла Блячын Мінскай епархіі Слуцккага павета». Выданне створанае ў памяць краязнаўцы Мікалая Хільтова, які залетась пайшоў з жыцця. Нагадаем, што ў «Краязнаўчай газеце» друкаваліся ягоныя расповеды пра род праваслаўных святароў Хільтовых, пра гісторыю блячынскага прыхода, пра лёс педагога, паэта, кампазітара, вязня канцлагераў некалькіх таталітарных рэжымаў Сяргея Новіка-Пеюна. Такім чынам, тут да месца прыгадаць і яшчэ адну рубрыку нашае газеты: «Будзем памятаць мы…».

Пачатак запланаваны на 16 гадзінаў, чакаем усіх у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Папярэднi артыкулДаследчыкі Асіповіччыны
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам