Гісторыя Агратурызм 135-годдзе Якуба Коласа

135-годдзе Якуба Коласа

-

- Рэклама -

Цікавы Колас, або Малавядомае пра вядомага

 3 лістапада споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, акадэміка, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа). Мы са школьнай пары ведаем яго творы, можам працытаваць геніяльныя радкі «Мой родны кут, як ты мне мілы…». Але так мала ведаем пра прыватнае жыццё паэта – з яго памкненнямі, учынкамі, цікавымі падрабязнасцямі біяграфіі. Пісьменніка і грамадскага дзеяча Якуба Коласа, паводле ўстановак, належала паказваць выключна ў парадным абліччы. Асабістае жыццё дзяржаўнага чалавека, а тым болей пэўныя слабасці, не павінныя былі цікавіць шараговага чытача. Гэта, маўляў, зніжала б веліч народнага песняра, абясцэньвала б яго творы. А між тым цікавыя звесткі, эпізоды і ўспаміны пра Якуба Коласа выразна раскрываюць рысы яго характару як чалавека і як пісьменніка ў іх арганічнай сувязі. Паўстае жывая фігура геніяльнага класіка нацыянальнай літаратуры і разам з тым – простага, чулага чалавека, гатовага адгукнуцца на чужое гора, прыйсці на дапамогу. Якуб Колас выношваў жаданне напісаць кнігу «Пра сябе і пра час», бо яму хацелася, каб яго ўспрымалі не як «настаўніка нацыі», а як звычайнага чалавека без хрэстаматыйнай, глянцавай параднасці аблічча. На жаль, яму так і не ўдалося ажыццявіць сваю запаветную мару – напісаць грунтоўную аўтабіяграфію.Чытаць далей…

Паказальна, што месячнік «Літаратурныя каласавіны на Бярэзіншчыне» ў нашых бібліятэках адкрыў цыкл гадзінаў інфармацыі «Цікавы Колас», «Малавядомае пра вядомага», «10 фактаў біяграфіі класіка», «Купала і Колас: 10 падабенстваў». Зусім не дзеля таго, каб задаволіць, магчыма, мяшчанскую цікаўнасць асобных чытачоў, а каб паказаць менавіта чалавечыя рухі ягонай душы. Важна нефармальна прадставіць сучаснікам Якуба Коласа ў сям’і, за пісьмовым сталом, на адпачынку, з малавядомых фактаў, эпізодаў, падрабязнасцяў біяграфіі скласці мазаіку яго жыцця і творчасці.

Канстанцін Міхайлавіч – народны паэт Беларусі Якуб Колас – меў каля 40 псеўданімаў. Часам можна пачуць жарт: Якуб Колас – гэта псеўданім Янкі Купалы. Вельмі шмат падабенстваў у іх біяграфіях. Абодва народныя паэты, нарадзіліся ў адзін год, жонкі абодвух былі настаўніцамі аднаго года нараджэння. Абодва прыйшлі ў літаратуру ў пачатку ХХ ст., побач пахаваныя на Вайсковых могілках у Мінску. У 1937 г. абодва ледзь не сталі ахвярамі рэпрэсіяў. Абодва да вайны жылі ў Мінску, любілі гуляць у шахматы. Першая сустрэча Купалы і Коласа адбылася 105 гадоў таму на хутары Смольня каля вёскі Мікалаеўшчына, што ў Мінскай вобласці. Там, у хаце дзядзькі Антося, Якуб Колас гасцінна сустракаў Янку Купалу, які прыйшоў на хутар пешшу ад Стоўбцаў уздоўж Нёмана.

Нарадзіўся Якуб Колас у беднай сялянскай сям’і. Жартаваў, што ў яго багацця, як у шляхецкага жаніха – венік-дзяркач, лес і зямля пад пазногцямі. Вядомы пісьменнік жыў у горадзе, але заўжды заставаўся прыхільнікам сялянскіх распарадкаў: уставаў рана, каля 6 гадзінаў раніцы, рана клаўся спаць: паміж 9 і 10 гадзінамі вечара. Доўгі час Міцкевічы здымалі кватэру з пячным ацяпленнем па вуліцы Старажоўскай у Мінску. Якуб Колас заўсёды зранку калоў дровы, паліў у печы, выбіраў попел. Любіў чысціць і падмятаць двор, прыбіраць снег. Неяк накіраваўся на рынак, каб купіць дроваў. І стаў сведкам таго, што ў вясковай дзяўчынкі «нейкі злыдзень украў грошы». Пашкадаваў няшчаснае дзяўчо і аддаў ёй усё, што было ў яго кішэні. Першая хата, якую пабудаваў Якуб Колас у 1928 г., стаяла там, дзе сёння парк імя Максіма Горкага. Потым, да 70-годдзя паэта, быў узведзены для яго сям’і дом, дзе цяпер літаратурны музей. Прачытаў недзе ў дакументах ХV ст., што ў Беларусі сеялі жыта і ячмень адначасова, пасля яравы ячмень скошвалі, і жыта давала добры ўраджай. Дапытлівы пісьменнік з сялянскімі каранямі сеяў жыта на клумбе, праводзіў доследы. Сям’я Міцкевічаў трымала карову, якая зімой жыла ў горадзе, а на лета яе адпраўлялі ў вёску: гналі некалькі кіламетраў з Мінска на хутар. Дачы Якуб Колас не меў, шукаў лецішча ў навакольных вёсках – спачатку ў Масюкоўшчыне, Ждановічах, а потым аблюбаваў пухавіцкія мясціны. Стоўбцы і Мікалаеўшчына былі на той час польскімі землямі, там засталіся родныя і блізкія людзі, там памерла маці.

Якуб Колас быў заўзятым грыбніком, а пухавіцкія лясы былі ўраджайныя на грыбы. Разам з сынам неяк сабралі 539 баравікоў. Сушылі да пуда белых грыбоў. Якуб Колас прывозіў дары лесу ў Мінск, раздаваў сябрам і знаёмым. Неяк Якуб Колас прысутнічаў на пленуме абкама партыі з абмеркаваннем пытанняў нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў. Слухаў уважліва даклады. У час перапынку, жартуючы, сказаў: «Калі вырашыце арганізаваць грыбное міністэрства, то зрабіце мяне міністрам!»

Ён і рыбаком быў выдатным. Летнія вакацыі праводзіў у Пухавіцкім раёне: вёсках Беразянка, Загібелька, Балачанка. Ляшчоў цягаў больш за кілаграм. Пасля ўдзелу ў міжнародным антыфашысцкім кангрэсе пісьменнікаў у Парыжы Якуб Колас напісаў:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе,

То Загібелька, браце, лепш.

Грыбоў няма ў Булонскім лесе,

А ў Сене хоць бы адзін лешч.

Якуб Колас часта рыбачыў на рацэ Талька. Паводле ўспамінаў паэта Антона Бялевіча, які працаваў карэспандэнтам Пухавіцкай раённай газеты: «Прыехаў у камандзіроўку ў калгас. Гарачыня, пайшлі купацца. Падступіліся да берага і ўбачылі дзядзьку ў капелюшы, які сядзеў з вудамі. Ён пачаў нам махаць рукамі, каб пайшлі далей і не парушалі цішыні. Ды дзе там! Расчырванелыя дзецюкі распрануліся і кінуліся ў ваду. Рыбак сабраў свае вуды і, незадаволены, пакрочыў дамоў. Потым увечары таварыш сказаў мне: “А ты ўсю рыбу разагнаў Якубу Коласу”. Я ўсклікнуў занепакоены: “Дык гэта быў Якуб Колас? Чаму ты мяне не папярэдзіў?” Я верыў і не верыў: а ці быў гэта паэт? Я думаў пра яго як пра дзівоснага чараўніка, пра казачнага асілка, а ён звычайны чалавек у нейкім аблавухім капелюшы, басаногі. На што таварыш хітравата ўсміхнуўся: “Сапраўдныя рыбакі ў галёшах і макінтошах на рыбалку не ходзяць”».

На хутары Вусце Пухавіцкага раёна надарыўся такі запамінальны выпадак. Пайшоў паэт да свайго добрага знаёмага. Пасядзелі, выпілі вішнёвай настойкі на спірце, а міску «п’яных» вішань ён прынёс дадому, ды ягады прасыпаліся на зямлю. Тут падбег шчанюк і хутка іх падабраў. Пад вечар гаспадыня дома заўважыла, што сабака ляжыць і не варушыцца. Расштурхала яго, а ён ісці не можа – падгінаюцца ногі, падае. Калі разабраліся, у чым справа – вось было смеху!

Якуб Колас меў імянны пісталет, які яму падараваў камандзір партызанскай брыгады «Полымя» Яўген Піліпскіх. Паэт добра страляў з нагана і дробнакаліберкі, але на паляванне не хадзіў. Казаў, што ўсё жывое хоча жыць, і акрамя ваўка і каршуна нельга нікога забіваць.

Якуб Колас добра граў на скрыпцы. Гэтаму ён навучыўся ў настаўніцкай семінарыі. Іграў простыя песні, польку «Лявоніху».

Усхвалявана прайшла сустрэча Якуба Коласа з героем аповесці «Дрыгва» – дзедам Талашом, якога самалётам прывезлі на Вялікую зямлю з глыбокага Палесся, з партызанскай зоны. Было гэта ў гасцініцы «Масква», куды пасялілі Талаша. Яны абняліся і пацалаваліся, як родныя. Якуб Колас з гонарам аглядаў яшчэ даволі моцную каржакаватую фігуру 100-гадовага дзеда. Нават сказаў з гумарам:

– А ну, давай паспрабуем, хто каго перацягне, – і ён зачапіў указальным пальцам за такі ж палец Талаша. – Ого! Дык дзедка яшчэ мацнейшы за мяне! – засмяяўся Колас, калі заўважыў, што той не здаецца.

А дзед жыва адрэгаваў на жарт:

– А што ты думаў, слабакі з фрыцамі б’юцца?

Паспрыяць больш глыбокаму знаёмству з творчасцю пісьменніка ў бібліятэках Бярэзіншчыны дапамогуць акцыі лістапада «Кожнаму наведніку – творы Коласа», «Новае прачытанне твораў класіка» з тэатрам апавяданняў «Адукацыя», «Кірмаш».

 Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ

(Цалкам артыкул чытайце ў № 42 “Краязнаўчай газеты”)

Папярэднi артыкулЯкубу Коласу 135 гадоў
Наступны артыкул135-годдзе Янкі Купалы
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам