-

- Рэклама -

Каляндарная сістэма Беларусі ў часы Скарыны[1]

 Скарынава «Падарожная кніжка»

 Хоць Скарынаў каляндар мае ўсе прыкметы самастойнага кніжнага выдання – загаловачны аркуш, сваю нумарацыю старонак, а пры канцы й свой, з выходнымі дадзенымі, каляфон, ды хоць ён і пашыраўся як выданне асобнае, але ягоным прызначэннем было таксама быць і складоваю часткай большае кнігі-зборніка – «Падарожнае кніжкі». Для цэласці гэтае кнігі Скарынаў каляндар быў вельмі важны сваімі практычнымі каляндарна-астранамічнымі інфармацыямі. З імі «Падарожная кніжка», бясспрэчна, магла шмат лепш служыць вызначанаму ёй рэдактарам-выдаўцом заданню: быць не толькі падручным малітоўнікам, але й штодзённым рэлігійна-каляндарным даведнікам і практычным дараднікам далёкаму ад свайго дому й свае царквы праваслаўнаму падарожнаму.

Дзеля прынятага тады ў Беларусі – ды і ўва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім – вераснёвага пачатку новага года, і ў Скарынавым календары год не пачынаецца ад 1 студзеня, але чатыры месяцы раней – ад 1 верасня. Вось дзеля гэтага свае інфармацыі пра святы кожнага года Скарына ў сваёй «Паскаліі» пачынае заўсёды з свята «Рожство Христове», з Калядаў, як першага важнага свята пачатага новага года.Чытаць далей…

Сама назва «Падарожная» паказвае на вызначанае рэдактарам-выдаўцом практычна-ўжытковае прызначэнне кнігі. Што ж да зместу, дык у ёй, апрача «Псалтыра», дадзены падбор найбольш неабходных праваслаўнаму ў штодзённым карыстаньні малітваў і рэлігійных спеваў, з дадаткам царкоўна-рэлігійных ды каляндарна-астранамічных інфармацыяў.

I сваім прызначэннем, і зместам, і малым фарматам Скарынава «Падарожная кніжка» аналагічная да падобных «падарожных» кнігаў Захаду Еўропы тае пары, падарожных «брэвіяроў», якія па-лацінску папулярна называліся liber viaticus – «падарожная кніжка». Выяўна за прыкладам гэтых малітоўнікаў падарожных і доктар Скарына даў сваёй кнізе й малы кішанёвы фармат, і самую назву «Подорожная книжка». Кніжак з падобнаю назваю не знала тады ні бацькаўшчына доктара Скарыны, ні іншыя славянскія праваслаўныя краі.

 Скарынаў каляндар

 Пятая й апошняя частка «Падарожнай кніжкі», «Последование», змяшчае Скарынаў каляндар. На першым аркушы, у рамцы складзенай з дрэварытных заставіцаў, чырвоным колерам надрукаваны загаловак. Складаецца «Последование» з дзвюх частак: «Святцаў» і «Паскаліі».

Графічнае аздабленне календара складаецца з дрэварытных ініцыялаў і заставіцаў з белым рысункам на чорным фоне.

Ініцыялаў у календары чатыры, рознае велічыні й рознага рысунку. У календары 17 водціскаў дрэварытных заставіцаў з расліннакветачным арнаментам адзінаццаці розных рысункаў. На іх васількі, макі, разэты, лісты. На некаторых ёсць рыбы, а на аднэй – людская галоўка.

Апрача асноўнага зместу «Святцаў» – паказання святаў і святых на кожны дзень года – ёсць у іх і інфармацыі астранамічнага характару. Угары левае старонкі развароту, пад назваю месяца, дадзеная, звычайна ў трох радках, даведка пра лік дзён у гэтым месяцы, пра знакі задыяка, пра даўжыню дня й ночы на пачатку месяца.

У тэксце «Святцаў» кожнага месяца, пасля адпаведнага дня, дадзеная інфармацыя пра пераход сонца ў іншае сузор’е задыяка. Прыкладам, пасля 9 лютага ўстаўлены радок: «Того дня солнце входить в рибы». Раз або й два разы ў месяц, між радкамі святцаў пададзеная інфармацыя пра даўжыню дня й ночы ды заўсёды ў той дзень месяца, калі гэтая даўжыня вымяраецца роўным лікам гадзінаў, без мінутаў. Прыкладам 25 сакавіка: «День имать годин 13 а нощ 11».

 Скарынавы назвы месяцаў

 Індаеўрапейскія мовы – славянскія, германскія, раманскія – не захавалі слядоў існавання старавечных, у дагістарычную пару яшчэ паўсталых, супольных назваў месяцаў. З гэтага вынікае, што ў пару індаеўрапейскае супольнасці памесячнага падзелу года прашчуры індаеўрапейцаў не зналі. Назвы гэтыя з’явіліся ў часы пазнейшыя ды ў кожнай з індаеўрапейскіх моўных групаў незалежна. Старыя народныя назвы месяцаў славянскіх народаў зраджаюць ужо рысы супольнасці іхнага паходжання.

Нічога няведама, ці ды як дзялілі год на месяцы ў дагістарычную пару пра­шчуры беларусаў ды й іншых славянаў. Ведама аднак жа, што побач назваў для чатырох пораў года – вясны, лета, восені, зімы – мелі яны ўжо й назвы для азна­чэння меншых сезонных адрэзкаў часу ў залежнасці ад кліматычных зменаў у го­дзе ды звязаных з імі зменаў у прыродзе ці залежнае ад гэтага людское дзей­нас­ці. Гэта можна бачыць у назвах месяцаў лістапад, снежань, студзень, сакавік ды іншых. Гэткімі назвамі спачатку, відавочна, азначаліся не лікам дзён строга азна­ча­ныя адрэзкі часу, як цяперашнія каляндарныя месяцы, але толькі прыблізны час дадзенае з’явы, падобна, як і цяпер, побач назваў каляндарных месяцаў ужы­ва­юцца й назвы для часу рознае дзейнасці: касавіца, жніво, сяўба ды падобныя.

Калі быў заведзены падзел года на месяцы з строга азначаным для іх часам ды лікам дзён для кожнага, некаторыя з ранейшых назваў сезоннага толькі характару замацаваліся за паасобнымі месяцамі. У мове беларускай, а таксама ў мовах украінскай, польскай, чэшскай народныя славянскія назвы месяцаў былі перанятыя ў мову літаратурную. У літаратурнай мове рускай, балгарскай, сербскай, славацкай, славенскай былі перанятыя не назвы месяцаў народныя, але лацінскага паходжання царкоўнакніжныя.

Народныя назвы месяцаў славянскія сведчаць пра тое, што паўсталі яны яшчэ перад тым, як земляробства стала галоўным людскім заняткам. З назваў месяцаў беларускіх толькі жнівень ды кастрычнік адбіваюць час земляробскае працы. Красавік жа, ліпень ды верасень азначаюць важны для пчаляроў час красавання.

Бальшыня ж назваў перадаюць кліматычныя асаблівасці дадзенае пары года: снежань, студзень, люты, або звязаныя з імі змены ў прыродзе – сакавік, травень, лістапад.

Вітаўт ТУМАШ

(Далей чытайце ў №№ 9 — 10 “Краязнаўчай газеты”)



[1] Працяг тэмы. Пачатак у №№ 5 – 6. Захаваныя некаторыя асаблівасці лексікі аўтара.

Папярэднi артыкулМой род – мая радзіма
Наступны артыкулПамяць пра ваеннае ліхалецце
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам