Вось яно, тое дрэва, што сваімі лістамі ад подыху ветру нібы спявала вясёлую веснавую песню. А цяпер на ім ні кары, ні лісточка, ды і не толькі яно адно стала хворым – цэлыя лясы болей не шапочуць лісцем…
Валянціна Смольнікава прытулілася да голага ствала, і слязінка пацякла па яе шчацэ. Узгадала, як пасля той чарнобыльскай вясны вырашыла дапамагаць дзецям, берагчы прыроду: яна ж доктар Буда-Кашалёўскай раённай бальніцы. А на Гомельшчыну пасля аварыі шмат падала таго бруднага пылу.Чытаць далей…
Чорны пыл Чарнобыля.
Зямелька мая чорная,
Вёскі мае чарней чорнага.
Валянціна Фёдараўна ўзялася аб’ядноўваць людзей у фонд «Дапаможам дзецям Чарнобыля». Яе падтрымалі людзі, чые сэрцы таксама балелі за дзетак: старшыня ветэранскай арганізацыі Любоў Родава, доктар Людміла Лукашова, бухгалтар Ганна Бандаровіч, дачка В. Смольнікавай Святлана Красікава і іншыя. Яны заснавалі фонд, каб дапамагчы не толькі дзецям, але і дарослым. Вольга Янчанка стварала базу звестак тых людзей, каму ў першую чаргу была патрэбная дапамога. Валянціна Карнеева і Людміла Валчкова збіралі адзенне для жыхароў адселеных вёсак – а іх было 23. На сходзе кожнаму валанцёру В. Смольнікава вызначыла пэўную вёску: Ліпа, Забалацце, Харошаўка, Усход, Лугінічы, бо адразу ахапіць усё было складана.
І пайшлі па вёсках неабыякавыя да бяды людзі, а В. Смольнікава – яна ж педыятр! – да дзяцей. Дзе падвязуць на машыне, але ў асноўным – пешшу ў гумовых чобатах, у непагадзь, па гразі… Яе чакалі, радаваліся яе прыходу: дапамога была патрэбная, сваіх сілаў не хапала. Дапамагалі добраахвотнікі з Германіі, яны адпраўлялі медыцынскі інвентар, адзенне, пасцельную бялізну, а дзецям – цукеркі, цацкі, сшыткі, алоўкі. А потым група людзей, якую ўзначальваў Георг Ціцын (ён былы вайсковец, вывучаў рускую мову), наведала Буда-Кашалёва, дзе вызначылі, што патрэбна першачаргова. Пазней дзяцей з Буда-Кашалёва прымалі ў Германіі на аздараўленне.
Чарнобыль стаў бядою для людзей Беларусі, бядою для яе багатай прыроды і прыгожых краявідаў. Але дзякуй такім людзем, як доктар В. Смольнікава і яе паплечнікі, якія не разводзілі рукамі, а дапамагалі і дапамагаюць словам і справай. Яны, звычайныя настаўнікі, дактары, бухгалтары, і цяпер працягваюць сваю добрую справу, перадаюць нашчадкам любоў да людзей і да роднага краю.
На жаль, на Беларусь ды беларусаў асеў злавесны пыл Чарнобыля, але ўпэўнены – яго змыюць цёплыя дожджыкі ды намаганні неабыякавых людзей. Няхай жа нашая краіна больш не зведае такой навалы, а лісты на дрэвах хай спяваюць сваю вясёлую шапаткую песню.
Мікола КОТАЎ, пазаштатны карэспандэнт
Фота Клары КЛІМАВАЙ