Слова, якое гучыць моцна…
Сёлета па ўсёй краіне святкуецца 500-годдзе Бібліі, надрукаванай Францыскам Скарынам. Значнасць гэтай падзеі для лёсу нашай Бацькаўшчыны складана пераацаніць. Пэўныя пастулаты са Святога Пісьма ўвайшлі ў той час у заканадаўства нашай дзяржавы, а ўся краіна перажыла вялікі ўздым як у духоўным, так і ў эканамічным плане.
Памятаючы пра гэта, некалькі евангельскіх цэркваў Гомеля аб’ядналі свае намаганні ў падрыхтоўцы да святкавання юбілею, на які запрасілі ўсіх жыхароў горада. Урачыстыя вечарыны адбыліся з 17 па 19 лістапада ў Цэнтры інклюзіўнай культуры.Чытаць далей…
Арганізатары падрыхтавалі шмат цікавага. Так, на адкрыцці ўсе ахвочыя мелі ўнікальную магчымасць надрукаваць сабе старонку з Бібліі так, як гэта рабіў сам Скарына. Увесь час працавала выстаўка старых асобнікаў Бібліі, а таксама сучаснай хрысціянскай літаратуры.
У праграме акрамя спазнаваўчых лекцыяў на гістарычную і біблійную тэматыку былі запланаваныя выступы харавых і вакальна-інструментальных музычных калектываў, удзел хрысціянскага аркестра народных інструментаў. У суботу аматарская тэатральная моладзевая суполка прапанавала спектакль «СЛОВА, якое гучыць моцна…».
На памяць пра ўдзел у свяце можна было зрабіць фатаздымак у адмысловай фотазоне ў вобразе самога доктара Францыска.
500-годдзе беларускай Бібліі – гэта куды больш, чым проста дата, звязаная з кнігадрукаваннем, лічаць арганізатары. Таму і запрасілі гамяльчанаў разам адсвяткаваць знакавую падзею ды яшчэ раз асэнсаваць той унёсак, які зрабіла Біблія для развіцця нашай краіны ў мінулым, а таксама паразважаць пра яе значэнне ў сённяшні час.