Гісторыя Агратурызм 500-годдзя Беларускага Кнігадруку

500-годдзя Беларускага Кнігадруку

-

- Рэклама -

Годна адсвяткуем юбілей першай друкаванай беларускай кнігі

 Мяркую, на свеце мала краінаў, чыё нацыянальнае кнігадрукаванне наліч­вае 500 гадоў. Беларусь у ліку гэтых нешматлікіх паўтысячагадовых сёлетніх юбіляраў.

500 гадоў таму, 6 жніўня 1517 года, наш слынны на ўсю Еўропу першадрукар Францыск Скарына з Полацка, які сёння можа зусім справядліва называцца горадам беларускай дзяржаўнасці, другой беларускай сталіцай – як расійскі Санкт-Пецярбург, напрыклад, альбо польскі Кракаў, надрукаваў у чэшскай Празе першую кнігу на тадышняй беларускай мове. Кніга гэтая — «Псалтыр». Адразу неабходна зазначыць, што кнігі свае Скарына друкаваў кірылічным шрыфтам, а гэта было далёка не традыцыйным у тагачаснай Еўропе. З гэтага факта можна зрабіць выснову, для каго стараўся Скарына, каму адрасаваў свае выданні. Вядома ж, тым людзям, якія ў сваім жыцці паслугоўваліся кірылічным алфавітам. Гэта значыць, людзям і нашай зямлі, беларускай. А скарыстанне беларускай мовы пацвярджае гэты факт.

Праўда, неабходна таксама згадзіцца, што беларуская мова не была чужой і для іншых земляў і краінаў. Згадайма хоць бы такі красамоўны факт, як шырокае ўжыванне ў еўрапейскай юрыдычнай практыцы «Статута Вялікага Княства Літоў­скага», які таксама быў створаны на тадышняй беларускай мове. Трэцяе выданне Статута, ажыццёўленае Львом Сапегам у 1588 годзе, пражыло 252 гады да поў­най яго адмены ў 1840-м. Ды Скарына ўсё ж быў першым, хто друкаваў кнігі для паспалітых людзей, якія належалі найперш да праваслаўнай плыні хрыс­ціян­ства і карысталіся кірылічным шрыфтам. Пра гэта сказаў сам Скарына, назваўшы свае выданні «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из слав­ного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению».Чытаць далей…

Я назваў толькі адну адметнасць Скарынавага кнігадрукавання. А іх жа нашмат больш. Значыць, больш і загадак у жыцці і творчасці нашага слыннага першадрукара і, як падае сённяшні дзед-усёвед інтэрнэт, філосафа-гуманіста, пісьменніка, грамадскага дзеяча, прадпрымальніка і вучонага-медыка, пераклад­чыка на беларускую мову кніг Бібліі. Мяне асабіста здзіўляе тое, якой інтэнсіў­нас­ці і рознабаковасці павінна была быць дзейнасць Скарыны, каб за тры гады пера­класці і выдаць, да таго ж з ілюстрацыямі і ўласнымі тэкставымі ўстаўкамі, сваімі каментарыямі, 23 (дваццаць тры!) кнігі Бібліі. Сапраўдны подзвіг, ды яшчэ тады, ка­лі і блізка не было сённяшніх тэхнічных кнігавыдавецкіх магчымасцяў. А кнігі ж зробленыя з густам, дыхтоўна, у іх укладзеная душа, што робіць іх несмяротнымі да гэтага часу.

Шмат загадкавага і нераскрытага, недадаследаванага ў пазнейшым жыцці і дзейнасці Скарыны, у тым ліку ў Вільні і Маскве. На сённяшні дзень невядомыя нават дакладны час яго нараджэння і смерці, месца пахавання.

Зыходзячы з апошняга, у мінулым годзе ўзнікла грамадская ініцыятыва неабыякавых людзей, якія вырашылі грунтоўна заняцца архіўнымі пошукамі даку­ментаў, здольных праліць святло на гэтыя абставіны і найперш дапамагчы вы­свет­ліць год смерці і адшукаць месца Скарынавага пахавання. Гэтую ініцыятыву актыўна падтрымлівае Беларускі фонд культуры. Ужо адбыліся кантакты з па­соль­ствамі Чэхіі ў Беларусі і Беларусі ў Чэхіі, маецца падтрымка з чэшскага боку, нашага Міністэрства замежных справаў. Значыць, не ўсё безнадзейна. Калі ста­рац­ца, калі шукаць, калі даследаваць, то могуць стаць вядомымі і невядомыя пакуль факты і абставіны жыцця Скарыны. У сёлетні юбілейны год гэта асабліва важна.

Як важна і тое, што нам неабходна і далей ушаноўваць памяць перша­дру­кара. У нашай краіне, за яе межамі. У сувязі з гэтым Беларускі фонд культуры і Грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны звярнуліся да ўладных органаў нашай краіны з прапановай надаць імя Францыска Скарыны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дарэчы, многія нацыянальныя бібліятэкі ў былых савецкіх рэспубліках і краінах Еўропы носяць імёны выбітных дзяржаўных, грамадскіх, навуковых і куль­турных дзечаў. Так што падобная практыка не навінка, ёю варта скарыстацца і нам. Для юбілейнага года гэта станецца вартым і годным падарункам. А біблія­тэ­ка, каля якой стаіць помнік Скарыну, дзе захоўваюцца ягоныя выданні і многія ста­ра­друкі, будзе яшчэ больш вабнай для наведвання не толькі чытачамі, а і турыстамі з Беларусі і замежных краінаў.

Ну, а да чытачоў нашай з вамі «Краязнаўчай газеты», да ўсіх неабыякавых даследчыкаў беларускай гісторыі, да нястомных краязнаўцаў я звяртаюся з пра­пановай выказаць свае меркаванні наконт больш шырокага ўшанавання памяці Скарыны, папулярызацыі і вывучэння яго жыцця і дзейнасці. Давайце агульнымі намаганнямі і ініцыятывамі на месцах зробім сёлетні год сапраўды святочным. Не часта ж нам выпадалі 500-гадовыя юбілеі. А разам з паўсюдным святкаваннем мо і цікавасць, любоў, павага і патрэба да беларускай друкаванай кнігі, да бела­рускага слова памацнеюць, набудуць новых прыхільнікаў і шанавальнікаў.

 Анатоль БУТЭВІЧ, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам