-

- Рэклама -

Мастак, натхнёны Слонімшчынай

Ля рэчкі, што Пляхоўкаю завецца,

Жыве-цвіце мой родны кут.

І ён навечна ў сэрцы застанецца,

Бо нарадзіўся, вырас тут…

Нядаўна ў Слоніме праходзіла XVII адкрытая раённая навукова-практычная канферэнцыя «Прыступкі да навукі», у якой прынялі ўдзел 170 навучэнцаў Слонімскага, Ваўкавыскага, Мастоўскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага раёнаў. На канферэнцыі працавала 6 секцыяў. Самай вялікай на колькасці прадстаўленых даследаванняў (36 працаў) была секцыя гісторыі, грамадазнаўства і краязнаўства. І гэта невыпадкова, бо гісторыя Радзімы, свайго краю з’яўляецца той глебай, на якой фармуюцца патрыятызм і актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас.

Даследаванне вучаніцы Дзераўноўскага яслі-сада – сярэдняй школы Веранікі Койпаш, адзначанае Дыпломам II ступені, было прысвечанае жыццю і творчасці нашага земляка – мастака Міколы Бушчыка.Чытаць далей…

У паўночна-ўсходняй частцы Слонімшчыны знаходзяцца вёскі Дзераўноўскага сельсавета, якія былі вядомыя яшчэ ў ХV – ХVІ стст. Унікальнасць гэтым мясцінам надаюць помнікі гісторыі і культуры, якіх тут больш за 20. Даведацца пра іх можна ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі Дзераўноўскай школы.

У трэцяй зале музея ўвагу прыцягвае вялікая экспазіцыя, прысвечаная мастаку М. Бушчыку. Тут экспануюцца 11 карцінаў, падораных музею мастаком, шмат перыядычных выданняў, буклетаў і афішаў з выставак, фотаздымкаў і іншых матэрыялаў, датычных нашага земляка.

Маляўнічы Дзераўноўскі край, багатае гістарычнае мінулае сталі той глебай, якая ўзрасціла мастацкі талент нашага земляка. Даследуючы яго творчасць, мы імкнуліся акрэсліць унёсак Мікалая Уладзіміравіча ў мастацкую скарбонку краю, вызначыць узаемасувязь мастака з жыццём і сваім часам.

У 1988 г. жыхарка Дзераўной Вера Герасімчык перадала ў нядаўна адкрыты школьны музей напісаны алеем партрэт сваёй сваячкі Алены Левяроўскай. Пры гэтым адзначыла, што аўтар патрэта – мастак М. Бушчык, ураджэнец Дзераўной. Жыве мастак у Мінску, але ў вёсцы застаўся яго бацька. Партрэт уразіў нас сціпласцю і адначасова выразнасцю, і мы вырашылі пазнаёміцца з аўтарам. У хуткім часе даслалі мастаку ліст з прапановай аб сустрэчы і ў пачатку 1990-х гадоў усталявалі з ім трывалыя сувязі. 

Buszczyk_01 Buszczyk_02 Buszczyk_03Нарадзіўся М. Бушчык 22 мая 1948 г. Маці працавала ў калгасе, а бацька – у Дзераўноўскім лясніцтве. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў Дзераўной, тут ён пайшоў у школу. Яшчэ ў 5 гадоў Мікола ад рукі намаляваў ідэальна роўны круг. Бацькі вымяралі яго цыркулем, паказвалі суседзям, уражваліся. Суседзям-аднавяскоўцам вельмі падабаліся Міколавы малюнкі на звычайных аркушах паперы.

Сам мастак расказвае: «З дзяцінства, як памятаю, хацелася маляваць. Я не ведаў, што на мастака недзе трэба і можна вучыцца, але нечакана мой дзед па маці прыслаў тэлеграму, што ў Краснадары будуць прыёмныя экзамены ў мастацкім вучылішчы. Я паехаў туды паступаць. Першы раз не паступіў, але прайшоў у мастацкую школу. А на наступны год усё ж паступіў у вучылішча. Пасля яго заканчэння прыехаў у Беларусь, паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на аддзяленне жывапісу. Пасля яе заканчэння застаўся ў Мінску».

З тых часоў мастак жыве і працуе ў сталіцы, але часта бывае і ў сваёй роднай вёсцы. Тут, у Дзераўной, яго карані, і Мікалай Уладзіміравіч гэтага ніколі не забывае. 

М. Бушчык стварае пейзажы, нацюрморты, партрэты. Піша алеем і ў тэхніцы акварэлі. Асабліва цікавыя яго партрэты, для напісання якіх мастаку трэба добра ведаць жыццё сваіх герояў.

Мы вывучылі гісторыю партрэта цёткі мастака А. Левяроўскай і ў выглядзе інсталяцыі «Гісторыя аднаго экспаната» прадставілі на ІІ абласным злёце народных музеяў Гродзеншчыны ў 2013 г. у Любчы.  У 42 гады жанчына засталася ўдавой, адна выхоўвала семярых дзяцей. Перажыла вайну, голад, разбурэнне, а калі ў 1949 г. быў створаны калгас, пайшла працаваць туды. Жылося цяжка, але яна не страціла дабрыні і ураўнаважанасці.

Пасля прадстаўлення карціны ў Мінску партрэт вярнуўся да цёткі Алены. Калі жанчына пайшла з жыцця, яе сваякі перадалі карціну ў школьны музей, і гэты партрэт разам з партрэтам бацькі мастака сталі асновай музейнай экспазіцыі, прысвечанай земляку.

«Акварэль – гэта жывапіс душы. Самае цяжкае – пачуць подых святла, уявіць, як б’ецца ягонае сэрца…», – кажа мастак.

Мы звыкліся: рака заўсёды сіняя, дрэвы зялёныя, снег толькі белы. А М. Бушчык нязвыкла ўспрымае колер, ён бачыць аблокі ружовымі, а снег – блакітным. Менавіта колер больш за ўсё прываблівае мастака ў навакольным асяроддзі. Праз яго М. Бушчык імкнецца данесці да гледача свой погляд на сусвет і дапамагчы кожнаму дасягнуць гармоніі.

Наш зямляк – чалавек філасофскага складу. Зямлю і прастору вакол яе мастак уяўляе па-свойму, ёсць у яго карціны «Прастора-1», «Прастора-2», «Прастора-3».

Мастак быў удзельнікам больш як 170 рэспубліканскіх і міжнародных выставак, зладзіў больш за 30 персанальных. Некалькі твораў знаходзяцца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя І. Стаброўскага.

У Дзераўноўскай школе добра ведаюць імя таленавітага земляка, вучні пішуць даследчыя працы пра яго творчасць. Карціны Мікалая Уладзіміравіча прадстаўленыя ў буклеце школьнага музея і ў альбоме «Падарожжа па Дзераўноўскім краі», выдадзеным Саветам музея. Школьнікі запрашаюць мастака ў госці, ладзяць сустрэчы.

Пасля выставак ды іншых значных падзеяў мастак прывозіць ці дасылае ў музей буклеты, перыядычныя выданні, фотаздымкі, праспекты, афішы і нават свае карціны (зараз іх у музеі 11). На некаторыя выстаўкі ў Мінску Мікалай Уладзіміравіч запрашае вучняў і настаўнікаў школы, а персанальную выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі разам з яго дырэктарам Уладзімірам Пракапцовым адкрывала і кіраўнік музея Дзераўноўскай школы.

Пад уплывам карцінаў М. Бушчыка вучаніца Дзераўноўскай школы Дзіяна Шэндзік напісала верш «Карціна ажыла», дзе ёсць такія радкі:

 …Здаецца мне: карціна ажыла

І рэчкай разлілася па пакоі…

Ад месяцовага блакітнага святла

Паволі крочаць скрозь пейзажы мроі.

 Сёлета ўвесну адбылася чарговая сустрэча з мастаком у Дзераўноўскай школе. Спачатку актывісты музея пазнаёмілі прысутных з жыццём і творчасцю Мікалая Уладзіміравіча, прагледзелі слайд-фільм. Потым сам мастак расказаў пра выстаўкі, у якіх апошнім часам прымаў удзел, – у Мінску, Антверпене, Гаазе ды інш. Тут, у Дзераўной, захавалася бацькоўская хата, куды Мікалай Уладзіміравіч часта наведваецца і марыць, каб яна стала месцам сустрэчы яго сяброў – мастакоў, музыкаў, паэтаў. У сябе на радзіме ён шмат працуе, стварае новыя карціны, пільна назірае за тым, як рухаецца свет, што ў ім адбываецца. Сапраўдны мастак – той, хто з характэрных дэталяў збірае вобраз часу. Так лічыць М. Бушчык.

Знаёмства з творчасцю мастака станоўча ўплывае на фармаванне маральных, патрыятычных і эстэтычных пачуццяў навучэнцаў. Праведзенае намі пісьмовае апытанне вучняў 7 – 11 класаў пацвердзіла гэта. Хто ведае, кім стануць выпускнікі нашай школы, але творчасць М. Бушчыка станоўча паўплывала на іх светапогляд, а знаёмства з самім мастаком, безумоўна, будзе незабыўным.

 Вера ФЯДУТА, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўны захавальнік фондаў народнага музея Дзераўноўскага яслі-сада – сярэдняй школы Слонімскага раёна

Фота Наталлі Патройнай

(Цалкам чытайце ў № 23 “Краязнаўчай газеты”)

Папярэднi артыкулКанферэнцыя ў асіповіцкім музеі
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам