Гісторыя Агратурызм У Пуацье да Ходзькі

У Пуацье да Ходзькі

-

- Рэклама -

Хачу падзяліцца з чытачамі «Краязнаўчай газеты» радаснай для мяне і ўсіх сяброў Маладзечанскага дабрачыннага фонду «Спадчына М.К. Агінскага» навіной. Экспедыцыя ў французскі горад Пуацье на магілу Леанарда Ходзькі адбылася!

Нагадаем чытачам, што Л. Ходзька (1800 – 1871) – ураджэнец вёскі Аборак Маладзечанскага раёна. Гэта шматгранная і да канца яшчэ не ацэненая асоба. Ён вядомы найперш як асабісты сакратар кампазітара і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Таксама Л. Ходзька вызначыўся як гісторык, выдавец, пісьменнік, архівіст. І не толькі. Менавіта ён адкрыў для Заходняй Еўропы польскую нацыянальнасць Мікалая Каперніка, ён быў ініцыятарам таго, каб на Трыумфальнай арцы ў Парыжы былі пазначаныя таксама імёны слаўных генералаў і афіцэраў Рэчы Паспалітай і ваяроў Вялікага Княства Літоўскага.

Правёўшы большую частку жыцця ў вымушанай эміграцыі, Ходзька збіраў дакументы, што тычыліся Рэчы Паспалітай, г.зн. Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі, у тым ліку 125 тамоў гістарычных матэрыялаў. Многія творы, напрыклад, мемуары М.К. Агінскага, двухтомнік вершаў А. Міцкевіча, кнігі М. Бакуніна, І. Лялевеля ён выдаў сам; напісаў біяграфію Тадэвуша Касцюшкі, «Генеалогію князёў Агінскіх…», «Гісторыю польскіх легіёнаў» і іншыя творы, склаў шматлікія гістарычныя і палітычныя карты. Акрамя таго Ходзька змагаўся за свабоду і на Радзіме, якую пакінуў, і ў Францыі – быў удзельнікам французскіх рэвалюцыяў 1830 г. і 1848 г.

Але ў біяграфіі нашага земляка застаецца яшчэ шмат белых плямаў. І адною з іх было месца яго пахавання. Дата смерці Леанарда Ходзькі, 12 сакавіка 1871 г., – гэта крытычны момант гісторыі Францыі: нямецкія войскі акупавалі краіну, праз некалькі дзён народ паўстаў і абвясціў Камуну. Што ў тыя дні быў чалавечы лёс? Пясчынка ў віры гістарычных падзеяў… Куды толькі ні звярталіся сябры фонду «Спадчына М.К. Агінскага», шукаючы магілу Л. Ходзькі: у Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі, у Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», у Нацыянальную бібліятэку Беларусі ды інш. Нарэшце з дапамогаю Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і асабіста Першага Дарадцы Пасольства Эльзы Піньёль мы атрымалі пакет дакументаў з горада Пуацье, якія пацвярджалі: магіла Леанарда Ходзькі знойдзеная!

І вось доўгачаканая экспедыцыя, ці, дакладней, экскурсія па маршруце Згожэлец – Рэймс – Парыж – Ла-Рашэль – Пуацье. Па розных прычынах не ўсе сябры фонду змаглі паўдзельнічаць у вандроўцы, таму з намі ехалі, як кажуць, людзі з боку (але з добрага боку, бо культурна-гістарычны складнік вандроўкі выклікаў у іх толькі прыхільнасць і зацікаўленасць). Сабраліся ў аўтобусе святары і паэты, мастакі і прадпрымальнікі, музыканты, журналісты, настаўнікі…

Мы выехалі з Маладзечна ўначы 20 мая. 5 гадзінаў на мяжы – і пад гукі знакамітага паланэзу М.К. Агінскага (гэта традыцыя нашага фонду) пераехалі мост праз Буг. Пасля першага і самага працяглага, сутачнага, адрэзка шляху наш аўтобус у поўнай цемры праз лес у ваколіцах г. Згожэлец на мяжы Польшчы і Германіі набліжаўся да кемпінга «Райско». Тады гэтая назва здавалася нам здзекам са змораных людзей. Прыгажосць мясцінаў мы ацанілі толькі ранкам: высокі пагорак у квецені рададэндранаў акружаны горнай ракой і сасновым борам, лугамі і празрыстымі ручаямі. Але трэба было спяшацца.

Наступны прыпынак быў ужо ў Францыі – Рэймс, дзе каранаваліся французскія манархі, найбуйны горад вінаробнага рэгіёна Шампань. У Рэймсе ёсць чатыры помнікі сусветнай спадчыны са спісу ЮНЕСКА, праўда, мы паспелі агледзець толькі адзін – Рэймскі сабор. І зноў хутчэй наперад – у гэты ж дзень нас чакаў Парыж.

Chodz'ka_01Вось тут і разбегліся ў розныя бакі групы па інтарэсах; аматараў прайсці па слядах Леанарда Ходзькі ды іншых эмігрантаў з Беларусі аказалася не так шмат. Нашая невялікая група накіравалася на левы бераг Сены, у сярэднявечны Лацінскі квартал. Найперш мы пайшлі ў храм Святога Севярына, дзе пакланіліся іконе Маці Божай Вастрабрамскай работы нашага земляка Валенція Ваньковіча. Затым наведалі два найстарэйшыя парыжскія ўніверсітэты – Сарбону і Калеж дэ Франс. Два «калегі-антаганісты» знаходзяцца побач і да гэтага часу ўражваюць сваімі кантрастнымі асаблівасцямі. Сарбона цяпер нібыта ў аблозе з-за небяспекі тэрактаў: уваходы перагароджаныя кратамі і пільна ахоўваюцца. Пасля некалькіх няўдалых спробаў дамовіцца з ахоўнікамі перад намі нечакана ўзнік хлопец у вышыванцы. Артур, так назваўся наш новы знаёмы, толькі нядаўна вярнуўся з Украіны і ласкава згадзіўся нам дапамагчы. З ім мы здолелі прайсці ў сярэдзіну гэтага замкнутага чатырохкутніка, прайшлі тры ўзроўні аховы, а на чацвёртым усё ж спатыкнуліся. Нам ветліва патлумачылі, што памяшканне бібліятэкі, дзе працаваў Л. Ходзька, цяпер перабудаванае, бібліятэка знаходзіцца ў іншым месцы, і нам самім будзе нецікава туды заходзіць. Адзіным суцяшэннем было тое, што начальнік аховы, адклаўшы ўбок усе свае ключы і тэлефоны, асабіста сфатаграфаваў нас у двары ўніверсітэта.Chodz'ka_02

Chodz'ka_03Затое Калеж дэ Франс, які ўзнік у 1530 г. як вольны ўніверсітэт у процівагу Сарбоне з яе дагматызмам і «закасцянелай» праграмай і ў якім і цяпер няма экзаменаў і не выдаюцца дыпломы, сустрэў нас шырока адчыненымі варотамі і дзвярыма. Мы накіраваліся проста ў бібліятэку, каб даведацца, ці захаваліся тут звесткі пра выкладчыкаў універсітэта сярэдзіны ХІХ стагоддзя Адама Міцкевіча і Аляксандра Ходзьку – траюраднага брата Л. Ходзькі. Праз пару хвілінаў бібліятэкар Ралан знайшоў у электронным архіве гэтыя звесткі. У знак падзякі нашая паэтка Таіса Трафімава прадэкламавала верш, прысвечаны А. Міцкевічу, хаця Ралан увесь час нагадваў нам, што ў бібліятэцы нельга гучна размаўляцьJ. Пасля мы пайшлі да Вышэйшай горнай школы, дзе вучыўся яшчэ адзін наш зямляк – Ігнат Дамейка, якога лёс занёс ажно ў Чылі. Там ён стаў рэктарам універсітэта ў Сант’яга, нацыянальным героем, а спіс яго прыродазнаўчых адкрыццяў і названых у яго гонар аб’ектаў заняў бы вельмі шмат месца…

Вечарэе. Прамінуўшы астатнія «беларускія» мясціны, ідзем на вуліцу Сеўр, 13. А 9-й гадзіне непадалёк Эйфелевай вежы нас будзе чакаць аўтобус. Таму трэба паспець знайсці дом, дзе жыла ўдава Л. Ходзькі Алімпія Малішэўская, а магчыма, і ён сам да ад’езду ў Пуацье. На жаль, старога дома няма, новы, відаць, пабудаваны ў 1920 – 1930-х гг. А на месцы дома бібліятэкара Сарбоны знаходзіцца… бібліятэка. Супрацоўнік Эмануіл ласкава запрашае ўвайсці. Абменьваемся візітоўкамі, фатаграфуемся на памяць. Бібліятэка знаходзіцца пры выдавецтве, можа, і кнігі нашых паэтаў калі-небудзь убачаць свет у Парыжы.

Стомленыя, але задаволеныя, мы вяртаемся да аўтобуса. Нас чакае начны пераезд у Ла-Рашэль – горад-крэпасць, горад-курорт на Атлантычным узбярэжжы. Тут адным хочацца ўбачыць акварыум з акуламі, другім – старадаўнюю крэпасць і форт Баярд, трэцім – купіць новы капялюшык.

Начуем у прыгарадзе Пуацье, а раніцай едзем на Шпітальныя могілкі, на магілу Леанарда Ходзькі. Дарэчы, паехалі ўсе, у горадзе ніхто не папрасіўся выйсці.

Chodz'ka_04І вось – мы каля помніка, на якім напісана «Леанарда Ходзькі з Аборка». Пачуццё, напэўна, такое, як у альпініста, які ўзышоў на вяршыню, – і ўсё, далей няма куды… Прынамсі, пакуль што.

Каля магілы ўсім хацелася падзяліцца сваімі пачуццямі: чыталі вершы, спявалі, казалі прамовы. Ксёндз Сяргей прачытаў малітву, кожны, хто ўзяў у Аборку на месцы, дзе стаяў дом Леанарда Ходзькі, крыху зямлі, высыпаў яе каля магілы. Узялі з сабою дадому і крыху жвіру з могілак як часцінку памяці аб нашым суайчынніку.

Потым была дарога дадому: нераскрытая загадка Арлеана, начлег у хостэле (і гэты бок жыцця трэба ведаць), шыкоўны Люксембург. А ў аўтобусе былі жарты і песні, конкурсы і прызы, шкадаванне, што ўсё заканчваецца і жаданне хутчэй вярнуцца дадому…

 Валеры БУРЭНЬ, сябар фонду «Спадчына М.К. Агінскага»

 На здымках: ікона Маці Боскай Вастрабрамскай у царкве Сен-Севярын; удзельнікі экспедыцыі ў двары Сарбоны; у бібліятэцы Калеж дэ Франс; каля магілы Леанарда Ходзькі ў Пуацье

Папярэднi артыкулБібліяноч? Нова, крэатыўна, карысна!
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам