Гісторыя Агратурызм Невядомая старонка нашай гісторыі

Невядомая старонка нашай гісторыі

-

- Рэклама -

Нескароныя

Выпадкова знойдзеная ў інтэрнэце «Докладная записка ПП ОГПУ по БССР о борьбе с бандой кулаков. 5 августа 1931 г.» № 7, адрасаваная намесніку старшыні Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) пры СНК СССР Ягоду, мала сказаць, уразіла. Гэты дакумент быў рассакрэчаны толькі ў 2013 г., да гэтага часу пра гэта ніхто не гаварыў і не пісаў.

Чытаць далей…

Раскулачаныя і сасланыя ў Сібір, беларускія сяляне не пакінулі пасля сябе ўспамінаў і мемуараў, бо ў большасці сваёй былі людзі малапісьменныя. Яны не пісалі пратэстаў, скаргаў, просьбаў на памілаванне, гінулі ў лясах, па дарозе ў ссылкі, потым у халодным Сібіры. У суседніх з Беларуссю краінах сёння стаяць помнікі нескароным – тым, хто загінуў за права жыць і працаваць на сваёй роднай зямлі; мы ж па-ранейшаму мала што ведаем пра гэтыя гістарычныя падзеі.

Дакладная запіска № 7 пра такіх, нескароных, з вёсак Хойніцкага і Брагінскага раёнаў, уважліва прачытаная мною некалькі разоў, яшчэ раз пацвердзіла думку, што простыя сяляне нікога не хацелі ні забіваць, ні параніць, яны сталі ахвярамі бяздумнай рэпрэсіўнай палітыкі сталінскай дзяржавы.

Намеснік ПП (Палітычнага Прадстаўніцтва) АДПУ па БССР Іван Гродзіс на дзвюх старонках падрабязна піша справаздачу: быццам з канца чэрвеня 1930 г. у Гомельскі Аперсектар ПП АДПУ БССР сталі паступаць звесткі пра тое, што на мяжы Хойніцкага і Брагінскага раёнаў была арганізаваная банда мясцовых кулакоў, якія збеглі з ссылкі, у колькасці 15 – 20 чалавек, і якія добра ўзброеныя, нічым сябе не выяўляюць, хаваюцца ў лясах і вярбуюць у сваю банду яшчэ не высланых кулакоў і цвердазаданнікаў – сялянаў-аднаасобнікаў, якія працуюць па строга вызначаным дзяржаўным плане-заданні.

Пры праверцы гэтыя звесткі пацвердзіліся, прычым было ўстаноўлена, што банду ўзначальвае сасланы вясной 1930 г. i збеглы з ссылкі кулак вёскі Пудакоў Паселіцкага сельсавета Хойніцкага раёна Аляксандр Жураўскі, 48-і гадоў, і яго памочнік, таксама збеглы з ссылкі кулак вёскі Мікулічы Брагінскага раёна Рыгор Біран. 30 ліпеня для ліквідацыі банды ў Хойніцкі раён была накіраваная аператыўная група з работнікаў Асобага аддзела ПП АДПУ БССР і Гомельскага аперсектара, і 2 жніўня быў кінуты ў раён атрад чырвонаармейцаў Гомельскага дывізіёна войскаў АДПУ ў колькасці 30-і чалавек на чале з камандзірам дывізіёна. Чырвонаармейцы былі ўзброеныя вінтоўкамі, ручным кулямётам Дзегцярова і двума аўтаматычнымі пісталетамі Томсана.

Калі чырвонаармейцаў заўважылі бандыты, яны залеглі і адкрылі па канваірах стральбу; тут жа да канваіраў падаспеў камандзір дывізіёна з астатнімі чырвонаармейцамі, і паміж бандытамі і чырвонаармейцамі завязалася перастрэлка, у выніку якой апынуліся забітымі: Аляксандр Жураўскі – галава банды (памёр праз 30 хвілінаў пасля ранення, будучы параненым трыма кулямі ў правую нагу навылёт, чатырма кулямі ў плячо, адной у шыю і адной у горла – да апошняга моманту адстрэльваўся), яго брат Канстанцін Жураўскі, Фёдар Зеляноўскі і Цімафей Найдзёнаў; захоплены жывым Аляксей Біран, паранены ў правую нагу вышэй калена. З боку чырвонаармейцаў забітых і параненых няма.

Такім чынам, за час правядзення аперацыі было забіта шэсць бандытаў, параненыя два, узятыя жывымі шэсць, у тым ліку тры жонкі бандытаў і бацька кіраўніка банды, якія былі з імі; арыштавана членаў арганізацыі, укрывальнікаў і памагатых банды – 21 чалавек; захоплена зброі: вінтовак рускага ўзору – шэсць, адна вінтоўка сістэмы Рэмінгтан, два абрэзы, рэвальвер сістэмы «наган», вінтовачных патронаў – 201 і наганаўскіх – 15.

Сёння зразумела, што гэтых людзей пазбавілі жыцця толькі таму, што камусьці трэба было напісаць справаздачу аб ліквідацыі банды – «отчитаться», што яны не «ўпісаліся» ў генеральную лінію партыі. Праз восем гадоў расстраляюць як ворага народа і самога І. Гродзіса, у 1938 годзе ў Лубянскай турме скончыць сваё жыццё і Ягода, для якога так старанна і падрабязна была напісаная дакладная запіска. «Банда» складалася з тых, хто не хацеў пакідаць сваю зямлю, узараную потам і крывёю. Праводзячы гэтыя акцыі, улады не задавальняліся канфіскацыяй рухомай і нерухомай маёмасці. Сяляне аддавалі калгасам усё, што ў іх было, былі згодныя выконваць усе заданні бальшавіцкай улады, але іх усё роўна ссылалі на верную пагібель у Сібір.

І хоць у дакладной запісцы пазначана, што «за час правядзення аперацыі было забіта шэсць бандытаў, параненыя два, узятыя жывымі шэсць, у тым ліку тры жонкі бандытаў і бацька кіраўніка банды, якія былі з імі ў бандзе; арыштавана членаў арганізацыі, укрывальнікаў і памагатых банды – 21 чалавек», вядома, што ўсе, хто хаваўся ў лесе ад ссылкі ў Сібір, назаўтра раніцай былі расстраляныя без суда і следства і закапаныя ў лесе. Да гэтага часу невядома, дзе знаходзіцца гэтая брацкая магіла.

Сёння ўжо не засталося ў жывых нікога, хто хаваўся тым летам у Рафанскім бары, памерлі і іх дзеці. Сярод тых, хто быў сведкам тых жудасных падзеяў, была сямігадовая дзяўчынка Вольга Канстанцінаўна Жураўская (Гуц) з вёскі Пудакоў Хойніцкага раёна, якая ў сем гадоў засталася круглай сіратою з гадавалай сястрычкай на руках. Яна пражыла доўгае жыццё (1923 – 2012), часта ўспамінала, як яны, кулацкія ці, як яшчэ іх называлі, бандыцкія дзеці, перажылі голад 1933 года, вайну, пасляваенную разруху і пасляваенны голад, але чамусьці часцей за ўсё ўспамінала калектывізацыю як самыя жудасныя гады свайго жыцця: «Яшчэ ў канцы 1929 года мой тата, Канстанцін Жураўскі, даведаўся, што будзе вясной раскулачаны, таму, не доўга думаючы, падаўся да свайго знаёмага сябра ў Харкаў, дзе ўладкаваўся на працу ў краму. Ён працаваў сумленна і старанна, таму праз некаторы час яму прапанавалі нават месца загадчыка крамы. Але патрэбныя былі дакументы, якіх на той час у вёсках на рукі не выдавалі. З надзеяй разжыцца якімі-небудзь дакументамі ён і вяртаўся ў вёску летам 1930-га года. На той час яго жонка Ганна і старэйшы пятнаццацігадовы сын Міхаіл, які ўжо лічыўся працаздольным, яшчэ ўвесну былі раскулачаныя і сасланыя ў Сібір. Чацвярых малодшых дзяцей, самай меншай з якіх было ўсяго два месяцы, забралі родныя і суседзі. Усё, дзеля чаго Канстанцін жыў і працаваў, было знішчанае і растаптанае. Яму нічога не заставалася, як пайсці ў лес, дзе знаходзіліся яго бацька, маці, брат са сваёй сям’ёй і іншыя блізкія яму людзі, сасланыя вясной у Сібір і па дарозе збеглыя. Там ён і загінуў 3 жніўня 1930 г. пад час аперацыі па ліквідацыі банды.

Мама мая, жонка Канстанціна Жураўскага Ганна, па дарозе цяжка захварэла, і яе знялі з цягніка. Праз некаторы час, пад восень, яна, зусім хворая і схуднелая, усё ж такі дабралася да роднай вёскі. Яна яшчэ не ведала, што ўжо няма ў жывых яе мужа і ўсёй яго радні. Даведалася, калі яе як бандыцкую жонку ніхто не хацеў пускаць у сваю хату ні пажыць, ні пагрэцца, каб не наклікаць бяду. Так яна і памерла восенню 1930 г. і пахаваная ў вёсцы Пудакоў. Яе бацька, а мой дзед Іван, таксама быў ссыльным: вясной 1930 года яго саслалі ў Сібір, але яму ўдалося збегчы. Ён ішоў пешшу шэсць месяцаў, вярнуўся дадому, залез на печ і заснуў вечным сном, так і не сказаўшы ніводнага слова сваім жонцы і дачцы».

У 1990-х гг. В. Жураўская звярталася ў рэабілітацыйную камісію Гомельскага аблвыканкама, каб вярнуць добрае імя сваіх бацькі і маці, але ёй прыслалі адказ, што ніякіх дакументаў у архіве не захавалася. Але яна ўсё жыццё верыла, што ні маці яе, ні бацька ні ў чым не павінныя людзі, яны нікога не паранілі і не забілі. «Што б я ні рабіла ў сваім далейшым жыцці, чым бы ні займалася, я заўсёды пыталася сама ў сябе: ці спадабалася б гэта маёй матулі. Хоць і пражыла я са сваёй маці ўсяго 7 гадоў, яна заўсёды заставалася для мяне прыкладам сумленнай, працавітай і самаадданай жанчыны».

Усе пяцёра дзяцей Канстанціна і Ганны Жураўскіх выжылі. Сыны Павел і Міхаіл (Адам) ваявалі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былі неаднарозава ўзнагароджаныя медалямі, аб чым можна даведацца з наградных лістоў. Адам, каб трапіць на фронт добраахвотнікам, змяніў імя і імя па бацьку і стаў Міхаілам Міхайлавічам Жураўскім, вельмі хваляваўся, што не мабілізуюць яго як сына ворага народа. Старэйшы Міхаіл прайшоў не адзін круг там, дзе смяротнасць складала 150 выпадкаў на тысячу чалавек, але выжыў, будаваў Камсамольск-на-Амуры, працаваў рыбаком у Хабараўскім краі. Праз 35 гадоў пасля ссылкі ўпершыню наведаўся ў родную вёску Пудакоў, але ўжо нікога і нічога там не пазнаў і яго таксама ніхто не прызнаў, з сабой на Далёкі Усход узяў на памяць жменьку роднай зямлі.

Гэта гісторыя ўсяго адной сям’і, а ў БССР за 1930 – 1932 гг. раскулачаных сем’яў было звыш 15 тысячаў, і ў кожнай ёсць свая гісторыя, зусім не падобная на гісторыю калектывізацыі з савецкіх падручнікаў.

Валянціна ГАРБАЧЭЎСКАЯ, г. Брэст

Папярэднi артыкулАд памяці людской…
Наступны артыкулГісторыя адной вёскі
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам