Праз Слуцкую браму ў «Маё Пяцікніжжа»
Сёлета выйшаў з друку паэтычны зборнік Яўгена Гучка «Маё Пяцікніжжа (З разарванага кола вершаў розных гадоў)». Як сведчыць анатацыя, «кніга змяшчае некаторыя з лірычных вершаў пейзажнага, любоўнага, патрыятычнага, грамадзянскага і іншага пісьма», створаных аўтарам у розныя перыяды творчай дзейнасці.
Слова «некаторыя» хай не ўводзіць чытача ў зман пры вызначэнні колькасці паэтычных твораў, змешчаных у 800-старонкавай кнізе. Ды справа, урэшце, не ў колькасці, а ў тым, што на гэтых старонках ёсць што пачытаць, над чым задумацца і аб чым паразважаць. Да гэтага, па-мойму, запрашае і сам аўтар, напісаўшы, што кніга «Усім, сабе і нікому прысвячаецца».Чытаць далей…
Я. Гучок склаў «Маё Пяцікніжжа» з наступных кніг: «Ёсць дама…», «Сум аблокаў…», «Не ўпісаўся ў паварот», «Законы неба не адмяняюцца… (Нябесная Беларусь)», «Асарці…». «А душа пачынаецца праз любоў да Айчыны…», «Труна – гэта ўсё-такі лодка, якая кудысьці плыве…», «А чалавек – Сусвет таксама…» – вершаваныя радкі, што паказваюць тэмы, закранутыя аўтарам. А яшчэ сярод тэмаў – дабро і зло, маральнае аблічча чалавека, яго стаўленне да жыцця, узаемаадносіны творцы і грамадства, лёс роднай мовы ды іншыя.
Творы ў кнізе размешчаныя без захавання храналагічнага прынцыпу. Аўтар не зважаў на даты іх стварэння, а «больш кіраваўся прынцыпам фіксавання дынамікі душы лірычнага героя; праўда, прынцып гэты часам таксама вызначаецца неаднароднасцю і супярэчлівасцю, а таксама рухам, антырухам і вяртаннем у зыходнае. Дык і жыццё наша мае такі кшталт».
Жыву я на два светы –
На гэты і на той…
І тут, і там прыкметы,
Як цяжка быць сабой.
Скразной ніткай праз усю кнігу праходзіць вобраз Бацькаўшчыны – Беларусі. Новыя адценні гэтага вобразу паказаныя ў мінулым, сучаснасці і будучыні роднага краю. Аўтар не цураецца рэзкіх выказванняў, бывае, што і «фарбы згушчае», але ўсё гэта – не даніна модзе, не для прыгожага слоўца. Чытаеш – і адчуваецца (кажу пра сваё ўспрыманне) непрыкрыты боль за лёс Айчыны, шчырае сыноўскае жаданне дабра ёй і дабрабыту – яе грамадзянам.
Асабліва гэта праявілася ў паэме-эсэ «Законы неба не адмяняюцца (Нябесная Беларусь)». У вершах-трохрадковіках, што склалі паэму-эсэ, якую я назваў бы паэмай-маналогам, паэмай-роздумам, аўтар выказаў мару пра Нябесную Беларусь, да якой, праўда, нам ой як далёка. Бо:
Жыве Беларусь!?. Жыве нібыта!
Але пакуль што гарбаціцца,
П’е «чарніла» і зельц жуе.
Супастаўленне з рэальным жыццём таго, пра што піша Я. Гучок, асаблівага аптымізму не дадае. Відавочна, што шлях да Нябеснай Беларусі – не прагулка па мінскім праспекце Незалежнасці. І тым не менш, на думку аўтара,
Як будзеш цвёрда стаяць за Айчыну зямную,
Дык мецьмеш мажлівасць
Увайсці у яе – Нябесную.
Паэму-эсэ «Законы неба не адмяняюцца (Нябесная Беларусь)» нельга чытаць похапкам, як, дарэчы, і многія іншыя творы Я. Гучка. Яна патрабуе чытання няспешнага, удумлівага, асэнсаванага. Пры такім падыходзе, не выключаю, чытач не ва ўсім пагодзіцца з аўтарам, магчыма, у яго ўзнікне жаданне паспрачацца. Але ж чым гэта дрэнна?
Нататкі пра кнігу Я. Гучка «Маё Пяцікніжжа» будуць няпоўныя, калі не скажу, што ў ёй нямала радкоў прысвечана яго роднай Случчыне. У паэме-эсэ «Законы неба не адмяняюцца (Нябесная Беларусь)» аўтар выказаў упэўненасць, што
Даўно б Беларусь адбылася б тут,
Каб з усіх яе гоняў, абсягаў усіх
Рушыў люд да слуцкіх паўстанцаў.
У гэтым жа творы ён згадвае ўраджэнцаў Случчыны Фабіяна Шантыра, Юрку Лістапада, Уладзіміра Тэраўскага, Яна Пятроўскага. У іншых частках зборніка – слуцкага краязнаўцу Рыгора Родчанку.
На вокладцы кнігі Я. Гучка вы ўбачыце выяву Слуцкай брамы ў Нясвіжы – помніка архітэктуры XVIІ стагоддзя, што стаіць на дарозе, якая злучае Нясвіж са Слуцкам. У XVIII стагоддзі яна была перабудаваная, а ў XX – адрэстаўраваная. Так што, калі ласка, праз Слуцкую браму завітвайце ў паэтычны свет Я. Гучка. Не пашкадуеце.
Анатоль ЖУК