Навіны Кніга з адмецінай энцыклапедычнасці

Кніга з адмецінай энцыклапедычнасці

-

- Рэклама -

Што Аляксандра Грыцкевіч не абдзеленая літаратурным талентам (паэ­та і асабліва празаіка і публіцыста) сведчаць яе кнігі: «Адлюстраванні» (паэзія), 2013 г.; «Рэха вякоў» (пераклады), 2014 г.; «Страта» (проза), 2017 г.; «Хай скрыпачка грае» (паэзія), 2017 г.; «Дзецям» (паэзія), 2017 г. Адразу трэба адзначыць: А. Грыцкевіч – асоба неардынарная. Па бацьку (па мячы) творца паходзіць з таго роду, што і наш слынны светлай памяці гісторык Анатоль Грыцкевіч. Маці – Марыя Мацвееўна – педагог ад Бога, «Заслужаны настаўнік БССР» (1967 г.), «Выдатнік народнай асветы» (1967 г.). Яна аўтар некалькіх кніг і шматлікіх публікацыяў у галіне адукацыі і педагогікі.

Нарадзілася А. Грыцкевіч у мястэчку Вызна (сёння гэта Чырвоная Слабада, Салігорскі раён). Жыццё двух яе дзядоў па бацьку і па маці абарвалася ў Слуцкай турме. Дзед па маці Кірдзей Мацьвеевіч Кузьміч там расстраляны ў 1937 г. як удзельнік Слуцкага паўстання. Дзед па бацьку Васіль Аляксеевіч Грыцкевіч быў арыштаваны як нібыта польскі шпіён у 1938 г. У гэтым жа годзе і ў той жа турме ён і памёр. Рэабілітавалі абодвух у 1989 г.

Hryckievicz-A_01А. Грыцкевіч – рознабакова адукаваны чалавек з устойлівай патрыятычна-грамадзянскай пазіцыяй. Скончыла Ленінградскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «фізіка, матэматыка і астраномія». Вельмі дасведчаная яна і ў пытаннях літаратуры, філасофіі, паліталогіі ды інш. Карацей, вольна пачуваецца ў навуках як прыродазнаўчых, так і гуманітарных. Яе багаж у абсягах гэтых дысцыплінаў не абмяжоўваецца арыентацыяй у дачыненнях мінулых часоў, яна, што называецца, валодае здабыткамі навукі і сённяшняга дня.

А цяпер колькі словаў пра яе адну з апошніх кніг. «Страта» (успаміны, камен­тары і разважанні) выйшла нядаўна ў Смаленску ў выдавецтве «Ноопрэс». «Стра­та» – твор рознажанравы, шматпланавы і многасюжэтны. Калі яго чытаеш (асаб­ліва пра маленства), міжвольна ўспамінаюцца «Шлях з цемры» Янкі Маўра, «Расці, Ганька» Алены Васілевіч і інш. з беларускай літаратуры, а з рускай «Детство, отро­чество, юность» Л. Талстога, «Детство Тёмы» М. Гарына-Міхайлоўскага, «Детство Никиты» А. Талстога і інш., з заходняй літаратуры творы Ч. Дзікенса, М. Твэна, Р. Ра­лана і інш. Я і сам калісьці напісаў паэму ў прозе пра дзяцінства, і ўвогуле мне падабаецца літаратура пра яго. Кніга А. Грыцкевіч не толькі пра дзяцінства і пра сябе. У ёй панарамна падаецца жыццё і яе аднагодкаў, і людзей дарослых, і розных (асабліва педагагічных) установаў.

Кнігу складаюць тры часткі: «Пра лецішча», «Байкі савецкай веранды» і «Страта». Першыя дзве часткі (невялікія памерам – разам займаюць 35 старонак з 290) – пра дачныя клопаты і забаўкі гараджанаў на сваіх лецішчах. А вось «Страта» – самая важкая і важная частка выдання. У ёй аўтарка распавядае пра сваё жыццё з радасцямі і засмучэннямі ад дня абуджэння яе свядомасці і да сённяшнягя дня, ад Вызны цераз Клецк, Новы Пагост, Чашнікі, куды па службе пераводзіўся яе бацька Аляксандр Грыцкевіч. Распавядаецца і пра Лыскі (Чашніцкі раён), дзе аўтарка пазней настаўнічала. Разам з экскурсамі ў сваё мінулае аўтарка часта публіцыстычна па-грамадзянску смела каментуе з’явы і праявы ў грамадскім жыцці як мінуўшчыны, так і цяпершчыны.

Асноўны паказчык «Страты», як і іншых кніг А. Грыцкевіч пры падачы тэкставага матэрыялу, з гледзішча інтэлектуальна-маральнай ацэнкі – безаглядная шчырасць. Яшчэ больш каштоўнай яе робіць стылістычная дасканаласць і чыстая прыродная беларуская мова. «Страта» багата насычаная этнаграфічным матэ­рыя­лам. Тут таксама шмат расповедаў пра фаўну і флору мясцінаў, дзе прахо­дзіла гераіня кнігі. Прываблівымі выходзяць з-пад пяра аўтара пейзажы.

У кнізе шмат гумару і сатыры і, непазбежна, драматычных, а то і трагічных афарбовак розных старонак нашага беларускага жыцця. Тут цэлыя галерэі як ста­ноўчых, так і адмоўных тыпажоў і тыпаў чалавечых. Асабліва запамінаюцца псіха­лагічныя партрэты на фоне местачковага побыту. І ўсё ж гэта ўзятае з паўся­дзён­най рэчаіснасці. І яшчэ «Страта» ў пэўным сэнсе мае адмеціны энцыклапедычнасці.

Аднаго чашніцкага хлопчыка бацькі здолелі адправіць у Артэк – усесаюзны піянерскі лагер на беразе Чорнага мора, а ён адтуль узмаліўся: «Забярыце мяне… тут няма рэчкі…». Рэчкі Вульянкі (Вулы, Улы) – у даўніну адной з частак шляху з варагаў у грэкі і дзе найвышэйшы гетман ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды (1512 – 1584) 26 студзеня 1564 г. перамог галоўнага маскоўскага ваяводу князя Пятра Шуйскага. Да 9000 маскавітаў загінула, столькі ж патанула, уратаваліся ўцёкамі каля 7000. Ліцвіны ўзялі ў палон 12 ваяводаў і абоз з 3000 саней. Шуйскі загінуў. Дык вось, кожная звіліна, кожны перакат гэтай ракі, хто правёў і на ёй сваё дзяцінства, застанецца ў памяці на ўсё жыццё. А самыя шчаслівыя ў яго сны – сны пра яе – Улу (Вулу – Вулянку). Няма сумневу, што ў таго чашніцкага хлопчыка ў падсвядомасці і гэтая славутая рака.

Дарэчы, аўтарка «Страты» празаічныя тэксты часам перамяжоўвае з уласнымі вершамі. Гэта яшчэ больш удакладняе і ўзмацняе яе інфармацыйна-сэнсавыя пазіцыі-пасылы.

Пра «Страту» можна было б сказаць і болей, але няхай чытач сам увойдзе ў прастору гэтага твора, хай не пазбавіць сябе прыемных уражанняў.

І яшчэ. У кнізе змешчана шмат цікавых фота, якія цесна прывязаныя да яе зместу. У афармленні першай старонкі вокладкі «Страты» выкарыстаная рэпрадукцыя з карціны вядомага мастака Алеся Пушкіна «Страта». Вось жа адсюль і назва кнігі А. Грыцкевіч. Змест-сімвал карціны мастака і пераважна змест кнігі нашай аўтаркі ў чымсьці супадаюць.

Праўда, як у большасці добрых справаў, заўсёды можна знайсці і які-небудзь прыкры момант; такі момант прысутнічае і ў «Страце». Тут сустракаюцца граматычныя (асабліва марфалагічныя) памылкі (канчаткі). Гэта паказчык і таго, што ў выдання не было карэктара, ды і рэдактар пільна не зазірнуў спачатку ў рукапіс, а пасля і ў карэктуру.

Ёсць у кнізе і недакладнасць: Музей камянёў знаходзіцца не ў Лошыцы, а ва Уруччы ІІ (у Мінску на вуліцы Шугаева, і называецца – Музей валуноў).

А напрыканцы немагчыма не павіншаваць аўтарку «Страты» і яе чытачоў са з’яўленнем кнігі, якая ніколькі не саступае, а часам і пераўзыходзіцькнігі яе любімай маскоўскай пісьменніцы Людмілы Уліцкай, і пажадаць далейшых творчых здзяйсненняў і ўдачаў.

 Яўген ГУЧОК, паэт, публіцыст

Папярэднi артыкулЗ’езд экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам