Музыка роднай зямлі
Супрацоўнікі Смаргонскай раённай бібліятэкі правялі 16 кастрычніка прэзентацыю кнігі Веры Вайцюль «А музыка гучала». Кніга вершаў паэткі пабачыла свет сёлета.
В. Вайцюль нарадзілася ў вёсцы Сялец на Смаргоншчыне. Скончыла Войстамскую школу, тры гады вучылася ў Віцебску на краўчыху жаночага адзення. Цяпер працуе ў Смаргонскім аддзеле дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. Першыя вершы Вера пісала яшчэ ў пятым класе. Пазней яе творы пачалі друкаваць у газетах «Светлы шлях», «Гродзенская праўда», «Міліцэйскі веснік»; у каталіцкім месячніку «Ave, Maria»; у альманаху «Смаргоншчына літаратурная», спецыяльна выдадзеным у 2009 годзе да Дня беларускага пісьменства. Напісала некалькі сцэнарыяў для суполкі дзяцей-інвалідаў «Агеньчык надзеі», якім апякуецца.Чытаць далей…
Вершы Веры Іосіфаўны напоўненыя ўсёабдымным каханнем і прыгажосцю. Каханнем да Бога, да роднай зямлі і мовы, да бацькоў і блізкіх, да прыроды і ўсяго навакольнага свету. Усё, што яна бачыць і адчувае, увасабляецца ў радкі. Мова аўтара цікавая самабытнымі словамі адметнага сваёй гісторыяй рэгіёна.
Трэба дадаць, што кнігу рыхтавалі тры паэткі: рэдактар зборніка – Данута Бічэль-Загнетава, Ала Клемянок – карэктар, а Таццяна Скарынкіна прапанавала вокладку з выявай карціны італьянскага мастака Melozzo da Forti «Анёл грае на скрыпцы».
На працягу імпрэзы гучалі вершы Веры Іосіфаўны, якія чытала яна сама і госці. Шмат цёплых словаў удзячнасці за творчасць было выказана аўтарцы гасцямі, сябрамі і роднымі людзьмі. Музычна суправаджаў імпрэзу народны вакальны гурт «Кантабиле».
Мерапрыемства пакінула пасля сябе добры настрой і вялікую радасць у вачах тых, каму было прысвечанае.
Зоя ВАРСОЦКАЯ, намеснік дырэктара Смаргонскай раённай бібліятэкі
Вера ВАЙЦЮЛЬ
Мой горад
Эпохі хроніка… на шэрым палатне
гісторыя падмурак планавала,
стамлялася рука, пот ліўся па ілбе,
натхненне песня жніўня навявала.
Дрымучыя лясы, шляхі на «гоні»,
Паселішча – сівой гісторыі трактат.
Вялля навіну несла ў Прынямонне,
Рыпеў пад коламі
да стольнай Вільні тракт.
Часы ляцелі. Шчыравалі людзі.
У скрухах не гублялі светлых мар:
Заможным, незвычайным горад будзе,
сам свайго лёсу пан і гаспадар.
Святкуеш залатое пяцьсотгоддзе,
святочна-ўрачысты горад-юбіляр.
У мнагаліка-шчасным карагодзе
Руплівых дум прымі вялікадушны дар.
Высокіх, чыстых аблачын спакою,
святлосці песням пажадаю я.
Не знацца з ліхалеццем і бядою.
Смаргонь – надзея, вера і любоў мая.