Пескаўскія ўмельцы
У адзін з лістападаўскіх дзён у Пескаўскай сельскай бібліятэцы Мастоўскага раёна прайшло чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання «Зносіны» на тэму «Беларускі нацыянальны касцюм і традыцыйная культура Беларусі».Чытаць далей…
На мерапрыемства былі запрошаныя старшыня раённага савета ветэранаў працы Ірына Сераброўская і старшыня ветэранаў Пескаўскага сельскага Савета Пётр Галушка. Гасцей сустракалі Лявон і Лявоніха. Прысутным была прадэманстраваная калекцыя жаночых і мужчынскіх нацыянальных касцюмаў. Майстар-клас па народных танцах «Кракавяк», «Падэспань», «Лявоніха» правялі аўтар гэтых радкоў і Валянціна Якубік. Актыўныя ўдзельніцы аматарскага аб’яднання і таленавітыя майстрыхі Аляксандра Клімовіч і Валянціна Чубрык паказали вышытыя сваімі рукамі ручнікі, абрусы і сурвэткі, вязаныя вырабы – Таццяна Клімчук і Марыя Іванова, а В. Якубік прадэманстравала калекцыю пакрывалаў, якія выткала яе мама. З нацыянальнымі стравамі (дранікамі, клёцкамі, аладкамі, мачанкай, квасам) пазнаёміла В. Чубрык, а таксама падзялілася рэцэптамі прыгатавання гарбаты з мелісы, мяты, ліпы, шыпшыны і рамонку. Усім спадабаўся верш А. Клімовіч «Жыві, наша любая вёска» ў выкананні аўтаркі. Пад час усяго мерапрыемства гучалі народныя легенды, жарты, прыказкі і прымаўкі, песні. Асабліва ўсіх парадаваў конкурс гарэзных беларускіх прыпевак.
Да мерапрыемства былі арганізаваныя кніжная выстаўка «Беларускі нацыянальны касцюм» і выстаўка народнай творчасці, дзе прадстаўленыя вырабы з керамікі, саломкі, вязаныя вырабы і вышыўка.
Галіна ГАЙДАШ, бібліятэкар Пескаўскай сельскай бібліятэкі Мастоўскага раёна