24 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адзначала 70-гадовы юбілей актрыса Галіна Дзягілева, дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зьніч». Тэатральна-канцэртная імпрэза «Мне светла…» была таксама прымеркаваная да 80-годдзя Белдзяржфілармоніі.
У першым аддзяленні гледачы пабачылі прэм’ерны монаспектакль «Мама» паводле вершаў Рыгора Барадуліна і п’есы «Маці» Карэла Чапэка. Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык, а таксама выканаўца – Галіна Дзягілева.
Спектакль вельмі ўразіў гледачоў. Юбілярка атрымала шмат кветак, ёй казалі шчырыя, цёплыя словы старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алена Анісім, доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ермалінская, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў.
У другім аддзяленні гледачы ўбачылі святочны канцэрт, які вёў тэатральны рэжысёр Валеры Анісенка. Удзел бралі заслужаны артыст Беларусі, акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра і тэатра «Зьніч» Алесь Кашпераў, добра вядомая нам усім былая старшыня ЦК прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева, Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Міхайлавай, салісты філармоніі Аляксандр Музыкантаў і Святлана Старадзетка, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «Равеснік», якім самааддана кіруе Таццяна Семчанка. Асабіста мне вельмі прыйшлося даспадобы, як чытаў вершы на беларускай мове акцёр Беларускага тэатра юнага гледача і тэатра «Зьніч» Мікола Лявончык.
Літургічны хор «Голас душы» мінскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены ўрачыста выканаў твор «Беларусь мая»
Фінальным акордам стала віншаванне ад Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята». І гэта не выпадковасць: саліст ансамбля Вячаслаў Статкевіч цягам дваццаці гадоў з поспехам выконвае ў тэатры «Зьніч» музычна-паэтычны монаспектакль «У краіне светлай, дзе я ўміраю» паводле вершаў Максіма Багдановіча.
Аляксей Шалахоўскі