Гісторыя Агратурызм Ураджэнец Мазыршчыны, які ўдасканальваў рускую мову

Ураджэнец Мазыршчыны, які ўдасканальваў рускую мову

-

- Рэклама -

Старажытная мазырская зямля кранае душы і сэрцы многіх людзей сваёй непаўторнай прыгажосцю. Мы ганарымся месцам, адкуль зрабілі першыя крокі ў вялікае жыццё і дзе знайшлі сябе, ганарымся сваімі землякамі, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі Мазыршчыны, праславілі яе.

Хочацца ўспомніць і нашых землякоў – вядомых навукоўцаў. Гэта доктар біялагічных навук, акадэмік Пётр Ракіцкі, доктар тэхнічных навук, акадэмік Міхаіл Мацапура, доктар сельскагаспадарчых навук Алена Захарава, браты Гусакі – кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксей Адамавіч, кандыдат філалагічных навук Сяргей Адамавіч і доктар фізіка-матэматычных навук Мікалай Адамавіч, а таксама доктар філалагічных навук Канстанцін Былінскі.

На жаль, імя нашага земляка прафесара К. Былінскага амаль забытае на радзіме. Яго дзейнасць не атрымала належнага асвятлення ў публіцыстыцы, галіновых энцыклапедыях, таму мы вырашылі запоўніць гэты прабел і пачалі шукаць матэрыялы пра вучонага. Даследавалі шырокі масіў дакументаў, прадстаўлены ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і шэрагу расійскіх бібліятэк, звярталіся таксама да ўспамінаў людзей, якія блізка ведалі нашага земляка і працавалі з ім, да асабістых архіваў яго сваякоў, разглядалі навуковыя артыкулы, датычныя прафесара Былінскага. Вось што мы здолелі высветліць.

К. Былінскі нарадзіўся 10 жніўня 1894 г. у сяле Міхалкі Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Мазырскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і протаіерэя Іакінфа Пятровіча Былінскага – настаяцеля мазырскага сабора і законавучыцеля Мазырскай гімназіі. Маці Аляксандра Андрэеўна Перапечына скончыла Парыцкае жаночае Святой Марыі Магдаліны вучылішча духоўнага ведамства, памерла пры родах апошняга дзіцяці, якое пажыло нядоўга. Іакінф Пятровіч застаўся адзін з непаўналетнімі сынамі, старэйшым з якіх быў Канстанцін.

З 1903 г. Кастусь вучыўся ў Мазырскай гімназіі, якую скончыў з залатым медалём у 1912 г. Паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, а пасля заканчэння першага курса перавёўся ў Маскоўскі ўніверсітэт. У 1916 г., таксама з адзнакай, Канстанцін скончыў універсітэт і стаў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Маскоўскім археалагічным інстытуце.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. Канстанціну Іакінфавічу, як і іншым лінгвістам, давялося вырашаць важную задачу – выкараненне непісьменнасці. Неабходна было выпрацаваць методыку выкладання рускай мовы для дарослых на рабфаках, у савпартшколах, агульнаадукацыйных школах, школах галоўпалітасветы, працоўных універсітэтах.

З 1920-х гг. Канстанцін Былінскі выкладаў рускую мову на Прачысценскам рабфаку (на той час самым буйным у Маскве), вёў заняткі ў вячэрнім працоўным універсітэце пры 2-м Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, дзе ўзначальваў метадычную прадметную камісію па рускай мове, працаваў у сістэме завочнай адукацыі і ў інстытутах павышэння кваліфікацыі пры розных па профілі навучальных установах.

Магчыма, у гэты час Канстанцін Іакінфавіч ажаніўся з Яўгеніяй Сінябрухавай. У 1923 г. у іх нарадзіўся сын Канстанцін. Наогул, сям’я для К. Былінскага мела велізарнае значэнне: ён і браты Георгій, Рыгор і Іван падтрымлівалі стасункі, перапісваліся, сустракаліся ў бацькоўскім доме ў Мазыры, разам адпачывалі ў Геленджыку.

З 1931 г. прафесар Былінскі загадваў кафедрамі беларускай мовы і літаратуры ва Усесаюзнай планавай акадэміі, на Цэнтральных газетных курсах пры ЦК УКП(б). З сярэдзіны 1930-х гг. К. Былінскі – пастаянны лектар курсаў павышэння кваліфікацыі пры Аб’яднанні дзяржаўных кніжна-часопісных выдавецтваў, на базе якіх пасля быў створаны рэдакцыйна-выдавецкі інстытут. У 1939 г. наш зямляк быў уключаны ва Урадавую камісію па ўпарадкаванні арфаграфіі і пунктуацыі рускай мовы, а затым – у склад падкамісіі, якая падрыхтавала чатыры рэдакцыі «Зводу арфаграфічных і пунктуацыйных правілаў».

Вялікая Айчынная вайна прынесла ў сям’ю Былінскіх шмат гора. У ліпені 1941 г. быў прызваны ў армію сын Косця. Яго накіравалі курсантам у Ташкенцкае пяхотнае вучылішча, а затым на фронт, дзе быў паранены і 13 студзеня 1943 г. выбыў у шпіталь. Што адбылося потым, можна толькі меркаваць. У 1943 г. бацькі атрымалі паведамленне, што іх сын прапаў без вестак.

Страта сына для К. Былінскага была цяжкім ударам, але ён шмат працаваў. Яшчэ ў 1938 г. яго запрасілі ва Усесаюзны радыёкамітэт у якасці пазаштатнага кансультанта, а з 1942 г. наш зямляк стаў кансультантам па сектары выпуску і працаваў у тым ліку і з Юрыем Левітанам. У іх былі добрыя стасункі, Левітан бываў у Былінскіх дома. Таксама ў гады вайны Канстанцін Іакінфавіч рэдагаваў зводкі Савінфармбюро, якія склалі 9 тамоў.

З сярэдзіны 1940-х гадоў увагу вучонага ўсё больш прыцягваюць праблемы літаратурнага рэдагавання, распрацоўка навуковых асноваў гэтай практычнай дысцыпліны. Удасканаленне навучальнага курса становіцца адным з галоўных напрамкаў дзейнасці Былінскага, яго аўтарытэт тут быў бясспрэчны. Аднак ён заўсёды падкрэсліваў, што сваёй задачай лічыць толькі рэкамендацыі, як выкарыстоўваць сродкі мовы, і ўмеў перадаць слухачам сваю цікавасць да жывой мовы, заахвоціць іх да сумесных назіранняў і высноваў. Яго лекцыі па літаратурным рэдагаванні былі ўключаныя ў навучальны план рэдакцыйна-выдавецкага інстытута, ператворанага ў 1941 г. у рэдакцыйна-выдавецкі факультэт Маскоўскага паліграфічнага інстытута, дзе Былінскі загадваў кафедрай рэдагавання. Так літаратурнае рэдагаванне набыло статус універсітэцкай дысцыпліны.

У 1944 г. выйшла яго першая кніга па літаратурным рэдагаванні «Асновы і тэхніка літаратурнай праўкі», у 1948 г. – «Асновы літаратурнага рэдагавання і праўкі газетнага матэрыялу». Усяго ў лінгвістычнай спадчыне К. Былінскага больш за 150 працаў, сярод якіх дапаможнікі, даведнікі і навуковыя публікацыі па методыцы выкладання рускай мовы, па правапісе, сінтаксісе, стылістыцы, літаратурным рэдагаванні.

У чэрвені 1952 г. у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава на базе аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта і рэдакцыйна-выдавецкага факультэта Маскоўскага паліграфічнага інстытута быў арганізаваны факультэт журналістыкі. К. Былінскі быў прызначаны загадчыкам кафедры стылістыкі, якой кіраваў да сваёй смерці ў 1960 г.

Канстанцін Іакінфавіч лічыў, што «газетная мова не дапускае вычварнасці, але прастата патрабуе сапраўднага майстэрства». Гэтаму майстэрству ён вучыў сваіх слухачоў, змагаючыся «супраць сухасці мовы, збяднення яе, невыразнасці, непісьменнасці».

 Ніна Цюленева, бібліятэкар сектара краязнаўства Цэнтральнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, г. Мазыр

 P.S. ад аўтара. Пасля адпраўкі ліста адкрыўся цікавы факт. Ва ўсіх крыніцах, да якіх мы звярталіся пад час пошукава-даследчай працы, месцам нараджэння К. Былінскага значылася вёска Міхалкі Мазырскага раёна. Праўнук брата вучонага Багдан Маёраў, які браў непасрэдны ўдзел у нашым пошуку, звярнуўся ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. У метрычных кнігах Аздаміцкай царквы 1888 – 1897 гг. ён знайшоў запіс аб нараджэнні і хрышчэнні К. Былінскага – сяло Аздамічы Мазырскага павета Мінскай губерні.

Напэўна, у гэтым і складаецца галоўная каштоўнасць пошукава-даследчай працы: не толькі па драбніцах сабраць, абагульніць і сістэматызаваць знойдзеныя матэрыялы, але і выявіць неабходную інфармацыю, зрабіць падмацаваныя дакументальна ўдакладненні ў біяграфіі выдатных людзей.

Папярэднi артыкулЖывое сэрца млына
Наступны артыкулБудзем памятаць мы…
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам