На выстаўцы жывапісу ў мінскай галерэі Міхаіла Савіцкага сустрэліся малады пейзажыст, выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў Антон Вырва і вядомы пісьменнік Віктар Карамазаў. Суразмоўцы спыніліся каля карціны «Крычаў», разглядвалі іншыя палотны, на якіх адлюстраваны Сож. Абодва мужчыны з Магілёўшчыны, з-пад Крычава, яны з асаблівым пачуццём успрымаюць родную прыроду, умеюць нетаропка назіраць за ёю, ствараючы вобразы ў фарбах і словах.
В. Карамазаў, сучаснік Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, стварыў цэлы пласт у беларускай літаратуры, прысвечаны жыццю і творчасці мастакоў. Нястомны даследчык сёння цікавіцца працамі маладых творцаў і піша пра іх. Напрыканцы мінулага года В. Карамазаў выдаў ужо восьмую кнігу пра беларускіх жывапісцаў «Пад крыжам». У яе ўвайшлі навелы «Ван Гог», «Бабіна лета», «Макі» пра сучасных пейзажыстаў А. Вырву, Міколу і Марыю Ісаёнкаў.Чытаць далей…
Каб спасцігнуць жыццёвыя пуцявіны мастакоў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Антона Бархаткова, Гаўрылы Вашчанкі, Мікалая Неўрава, пісьменнік неаднойчы выпраўляўся ў працяглыя вандроўкі. Ён падарожнічаў па Магілёўшчыне, наведваючы вёску Крынкі на беразе Друці ў пошуках сядзібы бацькоў Бялыніцкага-Бірулі, бываў на Віцебшчыне на возеры Няшчэрда, вандраваў па Цвярской губерні і надоўга спыняўся ў Гарусаве, дзе жыў Біруля і дзе яшчэ раней маляваў сваю карціну «Над вечным спакоем» Ісак Левітан. В. Карамазава захаплялі вандроўкі з ружжом і палітрай Бірулі, ён шукаў дом С. Жукоўскага ў Старой Волі. З 1996 г. пісьменнік ладзіў пленэры памяці В. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, праводзіў літаратурныя чытанні ў Шклове, Бабруйску, Крычаве, Мсціславе.
Віктар Філімонавіч лічыць сябе ў глыбіні душы лясным чалавекам, таму што давялося яму пажыць і папрацаваць у лясніцтве ў вёсцы Лімень на Чэрыкаўшчыне. Хаця тады ён ужо скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і меў досвед працы ў раённым друку.
– У Крычаве была мая хата, родныя магілы, жыла старэнькая маці, там мае пачаткі і працягі ўсіх сцяжынаў зямных і пачуццяў, маральныя падмуркі, – успамінае пісьменнік. – Шмат значыць для мяне Лімень, вёсачка пад Чэрыкавам. У 1918 – 1924 гг. там знаходзілася школа-камуна, якую ўзначальваў Мадэст Лепяшынскі. Там вучыліся будучы кампазітар Ісак Любан і прафесар Іван Гутараў. Пасля вайны ў Лімені існавала школа леснікоў, быў запаведнік баброў і вальер высакародных аленяў. Егеры вялі догляд і навуковыя даследаванні. Я пасябраваў з леснікамі, у 1986 г. напісаў там раман «Пушча» і паляўнічыя апавяданні. Потым лес і вёска аказаліся ў зоне радыяцыйнага забруджання.
– Летась адзначалася 145-годдзе Бялыніцкага-Бірулі. Раскажыце, калі ласка, як вы зацікавіліся яго жыццём?
– Рэдактар «Нёмана» Анатоль Кудравец папрасіў напісаць эсэ пра пейзажыста. Я пайшоў у архіў і знайшоў цікавыя запісы пісьменніка Войніча, які пасля вайны меў намер пісаць кнігу пра мастака, збіраў яго рукапісы. Там былі ўспаміны Бірулі пра дзяцінства, Крынкі, Бялынічы, Друць. Гэтыя старонкі паказалі мне шлях да мастака. За восем гадоў вандровак па слядах Бірулі я сустрэў шмат людзей, якія яго шчыра любяць, чуюць. Найбольш іх сустракаў сярод люду простага, неказённага, у асяроддзі мастакоў, леснікоў, паляўнічых – людзей прыроды. Пейзажысты, якія жывуць у правінцыі, – яго духоўныя дзеці.
На выстаўцы ў Мюнхене пра Бірулю гаварылі як пра майстра серабрыста-перламутравага паветра, якое маўчыць і звініць, нібы жальба струны. Ён заўсёды шукаў таямніцы жывапісу ў прыродзе, у ёй знаходзіў разгадкі жыцця чалавека, лёсу. Як бывалы паляўнічы, ведаў, што кожнае імгненне ў прыродзе дае новы ключык да зямных сакрэтаў, а падабраць адзіны патрэбны ключык – гэта значыць упільнаваць сваё імгненне, чакаць і дачакацца, схапіць на пэндзаль і пакінуць на палатне.
Напісаўшы аповесць пра Бялыніцкага-Бірулю «Крыж на зямлі і поўня ў небе», я зацікавіўся творчасцю яго сябра Станіслава Жукоўскага з Пружанаў. Потым напісаў аповесць «Брат мой духоўны» пра Антона Бархаткова, які лічыў сябе вучнем Бірулі.
– Віктар Філімонавіч, а як вы спасцігаеце асобу мастака?
– Цяжка пісаць пра мастакоў, якія жылі і памерлі, таму што ў нас няма архіваў. Але мне не патрэбная ўся біяграфія мастака. Мне трэба быць моцна ўражаным яго творчым, духоўным подзвігам або яго трагедыяй, ёю запаліцца, у яе ўвайсці і яе разгадаць. Гэта можна зрабіць маючы ўсяго некалькі даставерных фактаў з жыцця, але такіх, што даюць дастатковую і лагічную прастору для псіхалагічнага мастацкага аналізу. Такая праца патрабуе майго ўласнага жыццёвага вопыту не менш, чым жыццёвага вопыту літаратурнага героя. І гэта, падкрэслю, не ёсць выдуманая праўда. Пад ёй грунт больш моцны, чым пад нейкім асобным біяграфічным і гістарычным фактам.
У аповесці «Зямля Фердынанда», што ўвайшла ў новую кнігу «Пад крыжам», я даследаваў праблему адрыву мастака ад родных каранёў, спрабаваў спасцігнуць, чаму Фердынанд Рушчыц перастаў маляваць і пераключыўся на выкладчыцкую дзейнасць. Я зразумеў гэтую драму і даў адказ у аповесці. Мастак павінен трымацца свайго асяроддзя, сваёй глебы, сваіх традыцыяў, школы. Як толькі ён пачынае мяняць іх, то губляе сваю непаўторнасць.
– А як вы расчыталі трагічны лёс выдатнага рускага мастака Мікалая Неўрава?
– У 1964 г. у якасці карэспандэнта «Магілёўскай праўды» я накіраваўся з Друцка ў Лыскаўшчыну, што пад Круглым. Абыходзячы па сівым купніку заліты вадой бальшак, я выйшаў на вясковыя могілкі і там спыніўся перад вільготным курганком з дошчачкай на крыжы і надпісам на ёй «Мікалай Васільевіч Неўраў». У маі 1996 г. непадалёк Лыскаўшчыны праходзіў пленэр пейзажыстаў, і мы з А. Бархатковым выкраілі дзень, каб пабываць на магіле Неўрава. Я не ставіў за мэту ахапіць у сваім творы ўсё жыццё Неўрава. Мне хацелася ўбачыць мастака такім, якім ён быў у нашай вёсцы, – рэалістам-народнікам, чалавекам высокай культуры, вялікай душы і мужнай шчырасці, творча актыўным, убачыць мастака ў асяроддзі тагачаснай прыгнечанасці і пакоры, выявіць яго рэакцыю на небяспеку, якая прывяла Неўрава да трагічнага сыходу з жыцця. У Лыскаўшчыне і ў суседніх вёсках захавалася памяць пра мастака, і гэта дазволіла мне стварыць яго вобраз у рамане «Мастак і парабкі».
Гутарыла Эла Дзвінская