Чэмпіёнка з Мядзвядкі
Вёска Мядзвядка – радзіма вядомай беларускай спартсменкі Тамары Шыманскай, якая праславіла карэліцкую зямлю сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Нядаўна наша зямлячка, дзесяціразовая чэмпіёнка СССР, неаднаразовая чэмпіёнка свету, абсалютная чэмпіёнка Еўропы, заслужаны майстар спорту па веславанні на байдарках, адсвяткавала свой юбілей.
Нарадзілася спартсменка ў 1948 г. у шматдзетнай сялянскай сям’і. Дзяўчынка рана страціла маці і з малых гадоў была прывучаная да цяжкай сялянскай працы. Даводзілася ва ўсім дапамагаць бацьку і мачысе: і сена сушыць, і дровы пілаваць, і бульбу капаць, і торф на балоце здабываць. Часам няпроста было спалучаць працу з вучобай, але гэта загартоўвала дзяўчынку і пазней дапамагло стаць чэмпіёнкай у такім відзе спорту, які патрабуе ад чалавека вельмі добрай фізічнай падрыхтоўкі.Чытаць далей…
У 1963 г. Тамара скончыла Мядзвядскую васьмігодку і далей працягвала вучобу ў будаўнічым вучылішчы, дзе ўсур’ёз пачала займацца спортам. На яе добрыя здольнасці і байцоўскі характар звярнуў увагу настаўнік фізкультуры і параіў заняцца веславаннем на байдарках. Дзяўчына трапіла да вопытнага трэнера Юрыя Асмалоўскага і пачала трэніравацца на Свіслачы. Ёй вельмі падабаўся гэты від спорту, і хутка з’явіліся першыя станоўчыя вынікі.
Пасля паступлення ў тэхнікум дзяўчына не развіталася са спортам. У 1966 г. яна прыняла ўдзел ва ўсесаюзных спаборніцтвах, дзе перамагла і стала майстрам спорту. На наступны год на міжнародных спаборніцтвах у Балгарыі Т. Шыманская зноў была першай, пасля чаго атрымала званне майстра спорту міжнароднага класа, пазней паспяхова выступіла на міжнародных спаборніцтвах у Вене.
Але найвялікшага поспеху спартсменка дасягнула ў 1969 г. На чэмпіянаце Еўропы ў Маскве яна тры разы падымалася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару, заваяваўшы залатыя медалі ва ўсіх трох відах жаночай праграмы – на байдарцы-адзіночцы, байдарцы-двойцы і байдарцы-чацвёрцы. На гэтых спаборніцтвах Т. Шыманская стала абсалютнай чэмпіёнкай Еўропы.
А наперадзе былі новыя старты і перамогі. У 1970 г. на чэмпіянаце свету ў Капенгагене (Данія) нашая зямлячка заваявала залаты і срэбраны медалі, пасля чаго атрымала званне заслужанага майстра спорту. Тады ж яе ўзнагародзілі медалём «За працоўную доблесць». Апошні свой залаты медаль Т. Шыманская выйграла на чэмпіянаце свету ў Фінляндыі.
За гэты час яна паспела скончыць Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры і з 1976 г. пачала працаваць трэнерам, пазней заняла пасаду галоўнага трэнера Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па яе ініцыятыве праведзена шмат спаборніцтваў. Цягам шэрагу гадоў у Мінску праходзілі міжнародныя рэгаты на прыз Т. Шыманскай. Нашая зямлячка займала таксама пасаду галоўнага трэнера беларускай нацыянальнай зборнай спартсменаў-паралімпійцаў. У 2000 г. на алімпіядзе ў Сіднеі беларускія спартсмены-паралімпійцы заваявалі 23 медалі, у 2004 г. у Афінах – 29 медалёў, у 2008 г. у Пекіне – 13 медалёў. З вялікім поспехам выступіла на паралімпійскіх гульнях выхаванка Т. Шыманскай Людміла Ваўчок, якая ў Ванкуверы ў 2010 г. заваявала 2 залатыя і 2 бронзавыя медалі, у Пекіне – срэбраны медаль у спаборніцтвах па акадэмічнай грэблі, у Лондане ў 2012 г. – бронзавы медаль.
Славутай зямлячцы і яе дасягненням у спорце была прысвечаная вечарына «На хвалях лёсу», якая адбылася ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Школьнікі, запрошаныя на імпрэзу, змаглі пачуць расповед пра тое, як Т. Шыманская рабіла першыя крокі ў спорце на сваёй малой радзіме і якія якасці дапамаглі ёй стаць чэмпіёнкай. Мне было прыемна падзяліцца ўражаннямі ад сустрэчы са спартсменкай у яе роднай вёсцы Мядзвядка, а таксама расказаць, як цікава было ствараць у Карэліцкім раённым музеі прысвечаную чэмпіёнцы выстаўку «Зорка беларускага спорту» і як цёпла землякі віталі Т. Шыманскую на сустрэчы ў музеі.
Святлана КОШУР