Гісторыя Агратурызм 700 нумароў за 15 гадоў

700 нумароў за 15 гадоў

-

- Рэклама -

Краязнаўчы маяк наш – газета

 Выданні, як людзі. Гэта як у натоўпе: спачатку ўсе здаюцца падобнымі, а зірнеш больш уважліва, зробіш намаганне на збліжэнне, праявіш добразычлівую, непадробную ўвагу – і табе адкрываецца новы свет.

У нашай раённай бібліятэцы шмат падпісных выданняў рознага спектра і чытацкага прызначэння, «Краязнаўчая газета» сярод іх – адзіная, знакавая ў края­знаўчым інфармацыйным полі. Іншыя газетна-часопісныя выданні, падобныя да песенек-аднадзёнак, хутка выходзяць з моды і страчваюць цікавасць чытачоў. «Края­знаўчая газета» адразу, літаральна з першадруку, трывала прапісалася ў чытальнай зале бібліятэкі і з першай сустрэчы стала для мяне і маіх калегаў не выпадковым спаткаемцам, а добрым сябрам. Заваражыла родным словам, пры­час­ціла праўдай спадчыны, магнітам прыцягнула ўвагу нават пры сваім някідкім афармленні, спраўджваючы народную мудрасць: інтэлігентнасць і знешні гля­нец – зусім розныя паняцці. Выдаўцы знайшлі свой адметны твар, умеюць падаць матэрыял так, каб было і цікава, і дакладна, і праўдзіва. На выдавецкім рахунку газеты – 700 адметных нумароў. З такімі набыткамі не сорам­на выходзіць у шырокі свет!Чытаць далей…

 Krutalevicz_01– Каго любіш?

 – Люблю Беларусь!

 – То ўзаемна!

Гэтыя словы гучалі паролем для паплечнікаў К. Каліноўскага. Прыхільнасць да «Краязнаўчай газеты» з’яўляецца паролем для кожнага адукаванага чалавека, хто жадае даведацца пра сябе больш за тое, што нам распавядалі на ўроках гіс­торыі, хто ідзе па жыцці з азбукай краязнаўства на вуснах і ў сэрцы. Края­знаў­ства – крывяносная сістэма грамадства, якая дае яму жыццёвыя сілы, памяць – душа стагоддзяў.

Цікавасць да мінуўшчыны, да сваіх каранёў уласцівая кожнаму адукаванаму чалавеку, таму краязнаўчыя даследаванні – неад’емны складнік дзейнасці біблія­тэк. На час дэбюту «Краязнаўчай газеты» нашая бібліятэка праводзіла грунтоўную краязнаўча-пошукавую дзейнасць. Бярэзінскія бібліятэкары-краязнаўцы былі за­ўва­жаныя на папулярным сёння штогадовым рэспуб­ліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». Лагічна, уз­нік­ла жаданне падзяліцца досведам, і ў 2005 годзе ў 20-м і 48-м газетных нумарах з’я­віліся допісы бярэзінскіх рупліўцаў. У 2007 годзе такіх публікацыяў набралася ажно 7. І цяпер «Краязнаўчая газета» – унікальны летапісец краязнаўства краіны – служыць рупарам краязнаўчай працы бібліятэкараў, і нашыя дзелавыя стасункі мац­неюць год ад года. Паважаная газета дазваляе нам, чытачам, быць не бяз­думнымі спажыўцамі, а творцамі – саўдзельнікамі газеты, рэалізуючы сваё жа­дан­не стаць аўтарам выдання, ствараць газету разам. Дзякуй, што не размінуліся ў жыцці!

Вашая газета – жыватворная скарбонка беларускай мовы, яна вучыць нас ду­маць і разважаць па-беларуску, даказваючы, што для нацыянальнай інтэліген­цыі гэта не выпадковая дэкарацыя, а жыццёвая і паўсядзённая неабходнасць. Са­праўдная беларуская мова, якая пануе на старонках газеты, падкупляе кожнага, хто ўсведамляе крытычнасць сённяшняй сітуацыі, калі пануе імкненне пераймаць заморскія пасрэднасці, цурацца свайго, пісаць на сваёй мове з памыл­ка­мі, а чужыя словы перапісваць аршыннымі літарамі і вывешваць у самых людных месцах… У газеце ёсць усё звыклае нам: прастата з традыцыйнасцю, надзённая афарыстычнасць і гістарычная сапраўднасць. Выданне адлюстроўвае зрухі і пе­ра­ломы ў грамадстве, не ўтойваючы, не абыходзячы забароненыя тэмы, узнаў­ляе страчаныя абліччы выбітных беларусаў. Краязнаўчыя сенсацыі – далёка не галоўнае для газеты. Галоўнае – маштаб разважанняў пра жыццё і пра мінулае, праў­да і сіла. Кожны артыкул выстрэльвае, спяшаецца да чытача, шукае выйсце да людзей. Газета не падзяляе агульных бадзёрых нотак ўра-патрыятызму з гу­дзен­нем у адзіную ідэалагічна-прапагандысцкую дуду: калі выдаюць чорнае за белае, выйграе шэрасць. У газеце відавочна выбудоўваецца лейтматыў-трыяда: «Сваё мілей, чым пазычанае. Ведаць роднае – справа годная. Любі сваё і пава­жай чужое!» Чалавек, які не мае моцных нацыянальных каранёў, непазбежна неш­та страчвае. Як страчвае і той чалавек, які засяроджваецца толькі на сваім на­цыя­нальным, ці як казаў А. Адамовіч, местачковым. Трэба, каб чалавек каранямі быў на гэтай зямлі, а кронай імкнуўся ў зеніт. Тады яго лісце будзе так шапацець, што гэты пошум будзе чутны і зразумелы ўсім.

Выдаўцы газеты – неабыякавыя людзі, апантаныя справай Адраджэння, вер­ныя прыхільнікі Бацькаўшчыны, зберагальнікі святыняў роднага краю. Ініцыя­тыва і неабыякавасць дазволіла вам рэалізаваць унікальны выдавецкі праект га­зеты грамадскага аб’яднання. Галоўны рэдактар Уладзімір Гілеп – сапраўдны сын Айчыны, чалавек вялікага грамадскага і патрыятычнага доўгу, духоўна багатая асо­ба з абвостраным пачуццём адказнасці за тое, што прадстаўлена на старон­ках газеты, не страчвае краязнаўчага імпэту, даючы прыклад маладым. Рэдка­ле­гія газеты – творчы калектыў аднадумцаў, арганічнае спалучэнне сталых і мала­дых. Сярод іх творцы прыгожага пісьменства Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпя­ро­віч, Алесь Карлюкевіч, Адам Мальдзіс.

Прыцягваюць увагу бібліятэкараў газетныя публікацыі «Кніжны гонар Бела­русі», «Кніга з адметнасцю энцыклапедыі». На мой погляд, газету ўпрыгожылі б і раз­настаілі рубрыкі: «Малавядомае пра вядомых» (дзеячаў культуры, асветы і інш.), «Фотаздымак з гісторыяй», «Імя – брэнд Беларусі», «Калейдаскоп святаў, аб­радаў, фестываляў Беларусі», серыі «Местачковыя забавы», інфармацыйная афі­ша «Летапіс святаў беларускай пісьменнасці», мясцовы дыалект і фальклор (кон­курс на лепшую прыпеўку), дзіцячы побыт… Да Года малой радзімы дарэчы пры­йш­ліся б рубрыкі «Гарады як людзі, людзі як гарады», «Малая радзіма вялікага чалавека».

Дзякуй, шаноўныя, што жывяце беларушчынай, падымаеце чытача ў духоўным развіцці! Газета без чытача – як гадзіннік без стрэлак. Будзем і надалей чытаць вашую газету шчыльнай сябрынай, і мала-памалу не стане глухіх да сваіх нацыянальных традыцыяў грамадзянаў. Жадаем, каб і надалей разняволеным радком рунела словаў сяйво, не ржавела пяро і памкненні сказаць запаветнае.

 Найлепшай родненькай газеце,

Што матчынаю грэе мовай,

Жадаем шчыра даўгалецця!

Няхай яго вялікасць Слова

Жыве пад вашаю рукою,

Бруіць, звініць, пяе крыніцай,

Каб піць з яе і не напіцца

Нам, верным чытачам, ніколі!

 

Натхнення, творчага запалу

І росту тыражоў, вядома,

Каб любая газета стала

Сваячкаю ў кожным доме.

Запальвала вясёлкі звонкіх мрой

І вызначала шлях да прыгажосці,

Дарыла мудрасць змене маладой,

Каб тая не была ў бацькоўскай хаце госцем.

 Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Папярэднi артыкулПрапаную версію паходжання назвы
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам