Гісторыя Агратурызм Адметнае паселішча

Адметнае паселішча

-

- Рэклама -

Скарына – вёска старавераў

 Сёння дабрацца да вёскі Скарына Жлобінскага раёна з рай­цэнтра можна на машыне хвілінаў за сорак-пяцьдзясят. Сюды вя­дзе ня­дрэнная дарога. Зусім іншая справа была ў XVIII ст., калі ў гэтых мясцінах з’я­віліся першыя пасяленцы. Ім трэба было пра­бірацца праз не­крануты густы лес і не­бяс­печныя балоты. Як па­ведаміла нам ураджэнка Скарыны Кацярына Грыгаровіч, з якой мы па­знаёміліся ў вёсцы, яна сама памятае, што нават у 1960-я гг. бацькі не пускалі сваіх малых дзяцей адных гуляць нават недалёка ад вёскі – можна было пра­валіцца ў бяз­донную багну. «Адразу ж за вёскай зямля хадуном хадзіла», – успамінае нашая су­бяседніца.

Працягваючы экскурс у гісторыю, адзначым, што далёкія продкі сённяшніх ска­рынаўцаў былі лю­дзьмі не­звычайнымі. Дабіраліся яны сюды з далёкай Расіі, якая для беларусаў та­ды, як і сёння, была за­межжам. І новую ра­дзіму гэтыя эмігранты шукалі не ад добрага жыцця на сваёй Бацькаўшчыне – там улады жорстка пера­следавалі іх за веру. Гэта была тая значная частка рускіх людзей – старавераў, якія не захацелі прыняць царкоўную рэформу патрыярха Нікана, пачатую па ініцыятыве цара Аляксея Міхайлавіча (1645 – 1676). А на беларускіх землях, якія тады былі ў скла­дзе Рэчы Паспалітай, ім гарантавалі, як сёння прынята казаць, «свабоду сумлення».Чытаць далей…

На новым месцы спачатку сяліліся хаця і недалёка адзін ад аднаго, але асобна, на хутарах. Але ў канцы 1920-х  гг. савецкая ўлада пачала знішчаць хутар­скую сістэму і ствараць кал­гасы. У 1929 г. быў створаны кал­гас і ў Скарыне – імя Кутузава (пазней у выніку аб’­яд­нання некалькіх дробных кал­гасаў узнік вялікі – імя Варашылава з цэнтрам у Шчадрыне, пера­ем­нікам якога сёння з’яў­ляецца сель­гас­прад­прыемства «Шчадрын­скае»).

Skaryna_01– Як жылі нашыя продкі на хутарах, мы ведаем па ўспамінах сваіх дзядоў і баць­коў, – кажа К. Грыгаровіч. – Гэта былі моцныя адна­асобныя гаспадкі. Працаваць на іх было каму, бо сем’і тады былі шма­тдзетныя. У цэнтры гаспадаркі стаяў вялікі дом, абнесены магутным часта­колам, як гэта было прынята ў Расіі. У дадатак часта­кол быў аб­кла­дзены дровамі. Атрым­лівалася свайго роду крэпасць-гаспадарка. Унутры падворка было чыста, ад варот да дома вялі вы­машчаныя камянямі дарожкі.

– А ці захаваліся ў памяці жыхароў Скарыны звесткі аб тым, з якой менавіта часткі Расіі прыйшлі сюды іх продкі? – па­ціка­віліся мы ў нашай субяседніцы.

– З Пскоўскай зямлі. Адкуль гэта вядома, спытаецеся? Справа ў тым, што ў 1970-х гг. у нашай вёсцы працавала на­вуковая экс­педыцыя з Мінска. Дык вучоныя сцвяр­джа­лі, што абразы, якія пры­неслі з сабой нашыя продкі, належаць да стара­жытнай Пскоў­скай ікана­піснай школы. На­вед­валіся ў Скарыну і іншыя «экс­педыцыі», якія так­сама выдавалі сябе за навуковыя. Ім нашыя давер­лівыя бабулькі «на рэстаўрацыю» па­ад­давалі шмат сваіх сямейных абразоў, ды так і не дачакаліся іх. Таму сёння ў скарынаўцаў засталося вельмі мала стара­жытных абразоў. А яшчэ доказам таго, што нашыя продкі былі ўра­джэнцамі Пскоўшчыны, могуць быць паданні, якія пера­даюцца ў вёсцы з пакалення ў пакаленне. Яны сведчаць, што бежанцы, каб трапіць на беларускія землі, пера­праўляліся праз Заходнюю Дзвіну, якая ў тыя часы была мяжой паміж Пскоў­скімі землямі тага­часнай Расіі і Рэччу Паспалітай. Калі была пагоня, дык таго, хто не па­спеў да­брацца да сярэ­дзіны ракі, хапалі і вярталі назад, а таго, хто па­спяваў да­плыць да гэтай мяжы, ужо не чапалі.

Skaryna_03Скарына ніколі не была шмат­люднай. Як сведчыць усе­расійскі пера­піс насель­ніц­тва 1897 г., у вёсцы (яна тады на­зы­валася Скарынаўская Слабада) пражывала ўсяго 122 чалавекі. Найбольш было жыхароў у 1959 г. – 190 чалавек. І гэта ня­гле­дзячы на тое, што 18 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны (іх імёны згад­ваюцца ў гісторыка-дакументальнай хроніцы Жлобіна і Жлобінскага раёна «Памяць»). Але потым, ужо на памяці К. Грыгаровіч, вёска пачала паступова пусцець. У 1980-х гг. закрылі пачатковую школу, потым – магазін. У 2004 г. у Скарыне за­ставалася толькі 28 па­стаянных жыхароў. Сёння – усяго некалькі чалавек, ды і тых дзеці на зіму забіраюць да сябе ў горад – у Бабруйск.

Skaryna_02Дарэчы, у Бабруйску жыве і К. Грыгаровіч. А на малую ра­дзіму яна пры­яз­джае, каб ад­пачыць тут душой і паказаць сваім унукам мясціны, у якіх прайшло яе дзяцінства. А вось яе старэйшая сястра Вульяна з мужам Рыгорам жывуць у Скарыне стала, хаця так­сама маюць кватэру ў Бабруйску. З імі мы су­стрэліся на бацькоў­скім па­дворку Фраловых – гэта про­звішча сясцёр Кацярыны і Вульяны ў дзявоцтве. Фраловы – мясцовае прозвішча, стараверскае. Стара­верскае прозвішча мае Вульяна і па мужу – Пад­шывалава. Праўда, сам Рыгор лічыць сябе карэнным бабруйчанінам (ён прафесій­ны вайсковец, да выхаду ў ад­стаўку служыў у многіх месцах былога Савецкага Саюза, тры гады ваяваў у Афганістане). Але Пад­шывалавы ёсць у суседніх з Скарынай вёсках, так­сама стара­верскіх, у тым ліку і ў Салоціне. Большасць нашчадкаў стара­вераў са Жлобіншчыны ў 1970 – 1990-я гг. пера­бралася мена­віта ў Бабруйск.

– А чаму вы вырашылі вярнуцца ў вёску? – спыталіся мы ў Пад­шывалавых.

– Тут нам лепей, чым у горадзе, – кажа Вульяна. – Тут мы як са­праўд­ныя паны: зямлі свабоднай колькі хочаш. Трымаем карову, каня, козаў, гусей, курэй і іншую жывёлу, апрацоўваем агарод. Таму ў нас прадукты харчавання свае – экалагічна чыстыя і смачныя. Канечне, працаваць да­во­дзіцца шмат. Але для нас гэта не ў цяжар, а на­ад­варот – у радасць. Родная зямля дае сілы і здароўе…

Skaryna_04– А сувязь з «вялікай зямлёй» падтрымліваем праз родных, якія за­сталіся ў гора­дзе, – дадаў Рыгор, – ды праз аўта­лаўку і пера­соўнае ад­дзяленне паштовай сувязі, якія пры­яз­джаюць у вёску некалькі разоў на ты­дзень. А большага нам ад «цывілізацыі» і не трэба…

 Мікалай ШУКАНАЎ, г. Жлобін

Фота Мікалая СЕМЯНЦА

 На здымках: уверсе – Кацярына Грыгаровіч з аўтарам артыкула; маленькі Мац­вей на вуліцы дзяцінства сваёй бабулі Кацярыны; у цэнтры – Вульяна Падшывалава з сямейнай рэліквіяй – старажытным абразом у гонар Покрыва Божай Маці, пацямнелым ад часу; унізе – Рыгор Падшывалаў са сваёй памочніцай – кабылай Зоркай.

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам