Гісторыя Агратурызм Аднаўляецца спадчына... пакуль у макетах

Аднаўляецца спадчына… пакуль у макетах

-

- Рэклама -

Страчаная спадчына ў макетах

 Так здарылася, што бібліятэкі трапілі ў лік установаў, жыццё якіх патрывожыла вынаходніцтва камп’ютара і інтэрнэту. Атрымалася, што бібліятэка і інтэрнэт сталі канкурэнтамі. Тым не менш, як і раней, кнігі маюць статус найважнейшых крыніцаў ведаў, сёння многія з іх пераведзеныя ў лічбавы фармат, і гэта палягчае доступ людзей да інфармацыі ў абыход бібліятэкі. Але гэта зусім не азначае, што бібліятэкі выпрацавалі свой рэсурс і не патрэбныя сучаснаму грамадству. Людзі не сталі менш чытаць, якраз наадварот, і менавіта бібліятэкі здольныя прывесці ўвесь інтэрнэтаўскі кніжны і інфармацыйны хаос у сістэму.

Чым можна прыцягнуць сучаснага чытача ў бібліятэку, чым заахвоціць? Кожная бібліятэка ў гэтым напрамку ідзе сваім шляхам, Навагрудская раённая ж робіць акцэнт на развіцці выставачнай дзейнасці з элементамі музеефікацыі.Чытаць далей…

У нас з’явілася задума зрабіць «турыстычным аб’ектам» і Навагрудскую раённую бібліятэку, каб распавядаць прыезджым, ды і сваім жыхарам, пра тыя аб’екты, што цяпер засталіся толькі ва ўспамінах ці яшчэ на гравюрах, малюнках, фотаздымках і, вядома, у кнігах. Гэтую тэму падказала сама гісторыя Навагрудка і яго ваколіцаў. Летась бібліятэка распачала праект па стварэнні макетаў старадаўніх будынкаў Навагрудчыны, многія з якіх па розных прычынах сёння ўжо не існуюць, таму праект атрымаў «Страчаная спадчына». За паўтара года зробленыя макеты палаца і бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах, вузкакалейнай чыгункі Наваельня – Любча, партызанскай стаянкі каля вёскі Чарэшля і рыначнай плошчы Навагрудка пачатку ХХ ст.

Makiety_03Імя Іаахіма Ігнацыя Літавора Храптовіча вядомае не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У канцы 1776 г. у маёнтку Шчорсы быў пабудаваны палацава-паркавы ансамбль. Вакол палаца раскінуўся пейзажны парк плошчай больш за 40 гектараў з сістэмай штучных азёраў. Тут жа знаходзілася мноства іншых пабудоваў: перад цэнтральным вадаёмам размяшчаўся дом кіраўніка маёнтка, асобна стаяў будынак бібліятэкі, якая стала сховішчам больш чым 20 тысячаў кніг на розных мовах, унікальных гістарычных дакументаў.

У гады Першай сусветнай вайны палац згарэў і ўжо не быў адноўлены. Яго выявы засталіся на малюнках Напалеона Орды. Менавіта па іх у Навагрудскай раённай бібліятэцы былі зробеныя макеты палаца і бібліятэкі Храптовічаў, і пакуль дзяржава не пачне рэстаўрацыю будынкаў, гэтыя макеты будуць па-свойму адраджаць і захоўваць гісторыю сядзібы.

Makiety_04Наступны макет – вузкакалейная чыгунка – у наведнікаў бібліятэкі выклікае захапленне, а іншы раз і пытанні, асабліва ў маладых. Сёння чыгункі ў Навагрудку няма, некаторыя нават не ведаюць, што яна была. Гэта амаль забыты факт. Між тым вузкакалейная чыгунка некалі злучала буйны чыгуначны вузел Наваельня на Дзятлаўшчыне з Навагрудкам і далей ішла да мястэчка Любча.

Дарога была пабудаваная ў час Першай сусветнай вайны. Да восені 1915 г. на Навагрудчыне на тры гады ўсталявалася лінія фронту, і ў 1916 г. немцы сталі ўзводзіць вузкакалейную дарогу. Будавалі яе вяскоўцы – амаль ўсё працаздольнае насельніцтва ваколіцаў. У асноўным дарога служыла для падвозу боепрыпасаў ад станцыі Наваельня ў бок Баранавічаў, а таксама Навагрудка і Любчы.

На пачатку 1960-х гг. дарога праходзіла па тэрыторыі дваццаці калгасаў Навагрудскага раёна. У 1961 г. бюро Навагрудскага райкама партыі і выканкам раённага Савета дэпутатаў прынялі рашэнне і нават звярнуліся да абласных уладаў з просьбай паспрыяць у будаўніцтве шырокай чыгункі ад станцыі Наваельня да Навагрудка, бо вузкая каляіна не спраўлялася з вялікай колькасцю грузаў. Але Савет Міністраў БССР не даў дабро, і ў сярэдзіне 1960-х гг. вузкакалейка паступова прыйшла ў заняпад, а потым была разабраная.

Дзе-нідзе сёння яшчэ захаваліся фрагменты чыгуначнага насыпу. А ў бібліятэцы як успамін стаіць макет вузкакалейкі Наваельня – Любча.

Makiety_01Наш горад – адзін з нямногіх у Беларусі, дзе захавалася большая частка ўнікальнай дарэвалюцыйнай архітэктуры.  Асаблівую ролю для мясцовых жыхароў заўсёды мела рыначная плошча. Менавіта вакол яе размяшчаліся тры найвялікшыя святыні горада, якія можна наведаць і сёння: Барыса-Глебская царква, Свята-Мікалаеўскі сабор, дамініканскі касцёл Святога Міхаіла Архангела. Раней непадалёк храмаў знаходзілася і ратуша, у якой засядаў магістрат. Гістарычна так склалася, што да цэнтра горада сыходзіліся дарогі з Гродна, Мінска і Вільні. Сам рынак быў няправільнай трохкутнай формы. Усе пабудовы былі нізкімі, таму ратушу можна было заўважыць здалёк. На жаль, да нашых дзён гэты будынак не захаваўся.

На самой плошчы акрамя культавых пабудоваў і сёння стаіць група дамоў рамеснікаў, а таксама частка гандлёвых радоў пачатку XX ст. Наведванне рыначнай плошчы з’яўляецца абавязковым пунктам ва ўсіх экскурсійных і спазнавальных праграмах па Навагрудку. У бібліятэцы турыстаў чакае макет рыначнай плошчы Навагрудка пачатку ХХ ст. памерам 2,80 х 2,40 м.

Makiety_02Свой след на Навагрудчыне пакінула і Вялікая Айчынная вайна. Са снежня 1943 па ліпень 1944 г. каля вёскі Чарэшля базаваліся партызанскія атрады імя Жданава і імя Свярдлова партызанскай брыгады імя Дзяржынскага, а таксама падпольны Любчанскі райкам партыі. Тое, што страцілася за пасляваенныя гады, знайшло адлюстраванне ў макеце партызанскай стаянкі. Макет быў зроблены першым, і менавіта ён паклаў пачатак выставачнай экспазіцыі.

Усе гэтыя макеты выканаў мастак-афарміцель Навагрудскай раённай бібліятэкі Анатоль Бандзюкевіч. Не памылюся, калі назаву гэта сумеснай з бібліятэкарамі працай, бо супрацоўнікі бібліятэкі шукаюць фотаздымкі і апісанні будынкаў, выступаюць у ролі крытыкаў і дарадцаў. Дарэчы, мы не цураемся і кансультацыяў работнікаў краязнаўчага музея і Дома-музея Адама Міцкевіча, бо хочам, каб усё было гістарычна дакладна. Цяпер рыхтуецца тэкст экскурсіі па экспазіцыі макетаў «Страчаная спадчына», якая, паводле задумы, будзе размешчаная ў асобным пакоі бібліятэкі. Ён мае выхад на вуліцу Замкавую, па якой да руінаў замка праходзяць турыстычныя групы. Магчыма, гэта амбіцыйныя намеры, але мы разлічваем на турыстаў. Вельмі хочацца, каб задуманае здзейснілася. Пажадайце нам поспехаў у гэтым пачынанні!

 Фаіна Малюжэнец, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі

(Цалкам артыкул надрукаваны ў № 20 “Краязнаўчай газеты”)

Папярэднi артыкулФестываль памяці земляка
Наступны артыкулЗагадка для даследчыкаў
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам