Гісторыя Агратурызм Аграсядзіба па-беларуску

Аграсядзіба па-беларуску

-

- Рэклама -

Арганічны адпачынак на «Зялёнай Гулянцы»

Пагодным вераснёўскім днём у аграсядзібе «Верас», што ў Зэльвенскім раёне, не­падалёк вёсак Казловічы і Сынкавічы, адбылася «Зялёная Гулянка», або на англійскі ма­нер – «Organic Party». Гэта адно з мерапрыемстваў праекта БГА «Адпачынак у вёсцы» «Ту­рыстычная дэстынацыя “Зэльвенскі дыярыуш”: узмацненне партнёрства, развіццё крэа­тыўных ініцыятываў і адраджэнне спадчыны», што фінансуецца Амбасадай ЗША у Рэспубліцы Беларусь. Свята было арганізаванае ў супрацы з сядзібай «Верас», Зэль­вен­скім райвыканкамам, Беларускім саюзам дызайнераў і грамадскай арганізацыяй «Школа маладога фермера».

Дзясяткі наведнікаў гулянкі не толькі знаёміліся з цудоўнымі куточкамі аграсядзі­бы Ірыны і Міхаіла Макеяў. У праграме было некалькі тэматычных блокаў. Блок «Еш ар­ганічна!» прапаноўваў смачную экалагічна чыстуе ежу і традыцыйныя рэцэпты і спосабы прыгатавання. А таксама замест «фаст-фуда» прапаноўвалася сталаванне няспешнае – «slow food». Блок «Працуй арганічна!» заклікаў будаваць дамы з улікам зялёных тэхна­ло­гіяў, энергаэфектыўнасці, скарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і г.д. Цудоў­ная магчымасць адпачываць на прыродзе, у гармоніі з прыродай (аграэкатурызм), стасункі з мясцовымі жыхарамі, носьбітамі беларускай культуры – блокі «Адпачывай арганічна!», «Стварай арганічна!».Чытаць далей…

Кіраўнік арганізацыі «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова перакананая:

– Людзей, якія стварылі ў нашай краіне выдатныя аграсядзібы, трэба «даставаць з баразны», бо яны таленавітыя, прыгожыя. Гэта ўвогуле гонар нашай нацыі. Сёлета арга­нізацыі спаўняецца 15 гадоў. Мы плануем 26 лістапада правесці баль у сядзібе Агінскіх у Залессі. Будуць і сукенкі «да падлогі», і фракі, смокінгі. Каб вы ведалі, як людзі пера­ўва­са­бля­юц­ца!..

Зрэшты, і сама сядзіба «Верас» – годны прыклад руплівай працы гаспадара, які можа на пустэчы стварыць і месца адпачынку, і шыкоўныя палеткі ды сад. Нават не верылася, ходзячы сцяжынкамі сядзібы, што якіх пару-тройку дзесяцігоддзяў таму тут былі пустэча, няўдобіца і забалочаная мясціна. І кожнага Макеі радыя прывітаць шчырымі словамі. І. Макей зазначыла:

– Надвор’е такое, што трэба працаваць. Але на свята прыехалі фермеры з розных куткоў Беларусі: з Віцебска, Магілёва, Валожыншчыны… Вялікі ўсім дзякуй. І нашай Валерыі Анатольеўне, якая падштурхоўвае рабіць нешта новае, іначай мы бачыліся б раз на два гады… Хочацца, каб вам тут спадабалася, каб вы прыязджалі да нас. З дзецьмі, з унукамі… Мы робім усё, каб было болей дзяцей на сядзібе.

ZHulanka_02ZHulanka_03Паркавыя скульптуры цудоўна дапоўнілі і створаныя да «Зялёнай Гулянкі» на невялікім сядзібным востраве інсталяцыі ад сяброў Беларускага саюза дызайнераў. Тут з’явіліся дзівосныя расліны і незвычайныя істоты з дрэва ды металу, а цэнтральнымі аб’ектамі Выспы сталі драўляныя статуі, што нечым нагадваюць скульптуры вострава Пасхі. Кіраўнік саюза Зміцер Сурскі так патлумачыў задуму:

– Асяроддзе змусіла нас стварыць нешта нефарматнае. Наш праект вырашылі назваць «Эка-невідаль, або Выспа Пасхі». Працавалі сябры нашага саюза Таццяна Гомза, Жанна Марозава, Валянцін Борзды, Уладзімір Зайчанка, Алесь Міхалевіч, Аляксандр Обадаў, Ігар Халадзінскі. З намі былі маленькія дзеці, якія нас натхнялі.

ZHulanka_06У розных кутках аграсядзібы размясціліся рамеснікі, гандляры, якія знаёмілі на­вед­нікаў са сваімі вырабамі: хтосьці пячэ хлеб паводле старадаўніх рэцэптаў, хтось збі­рае і аднаўляе рэгіянальныя стравы з бульбы, збірае зёлкі і прадае гарбату… Багата ці­каўных было каля «харчовай кропкі» Уладзіміра і Вікторыі Рабковых. Дзіва што! Яны пра­паноўвалі старадаўнюю страву «слімакі па-бургундску». Сёння можа нехта ўсміхнуцца, маўляў, тое не беларускае. Але ж вінаградных смаўжоў завезлі на нашыя землі яшчэ ў часы Радзівілаў, і гатавалі іх у нашых сядзібах часцяком. Рабковы стварылі першую ў Беларусі слімаковую ферму і частуюць землякоў далікатэсным прадуктам.

ZHulanka_08 ZHulanka_09ZHulanka_05Працаваў пад час гулянкі і свой універсітэт – «Універсітэт зялёнай філасофіі». Там адбываліся прэзентацыі кніг, расповеды пра музычную культуру Беларусі, пра адра­джэн­не старадаўніх рэгіянальных страваў. Гаспадар аграсядзібы «Марцінова Гусь» Алесь Белы (Кухмістр Верашчака), каардынатар праекта «Наша Страва», аўтар і ўкла­дальнік кніг «Энциклопедия белорусской кухни», «Belarusian Cookbook», «Літвінская кух­ня» прадставіў сваё новае выданне пра традыцыйныя алкагольныя напоі «Сакатала бо­чачка». Даследчык распавёў пра гісторыю розных напояў, звярнуў увагу на традыцыі іх вы­рабу і ўжывання на тэрыторыі беларускіх земляў, а таксама зазначыў: «Выдаўшы кні­гу, я не выступаю за алкагалізацыю. Варта памятаць, што і як, пры якіх нагодах ужы­ваць, каб гэтае не было на шкоду». Адметным было выступленне вучняў Князеўскай СШ Зэльвенскага раёна «Крамянецкі вузельчык». Яны распыталі жыхароў сваёй і наваколь­ных вёсак аб мясцовых стравах і стварылі адмысловую кнігу. А таксама прапанавалі па­каш­таваць некаторыя. Хіба не цікавае спалучэнне бульбы з творагам у «Бульбяшніку тварожным»? А ці ведае хто, што за страва «Сіла парабка»? Дзеці патлумачылі: «Чала­век, які распавёў нам пра “Сілу парабка”, казаў, што калі юнаком батрачыў у пана, то для яго было вялікім шчасцем, калі гаспадыня падавала на стол натаркаваную бульбу з цыбуляй, аздобленую салам і запечаную ў печы». Выступілі ў незвычайным універсітэце таксама гаспадар аграсядзібы «Альхова» Яўген Красноўскі (распавёў пра досвед правя­дзен­ня рэгіянальнага кулінарнага конкурсу ў Ваўкавыскім раёне), кіраўнік «Франс Групп», магістр эканамічных навук, афіцэр ордэна сельскагаспадарчых заслугаў Францыі Яўге­нія Бунос (падзялілася досведам экспарту фермерамі прадуктаў у Францыю), гаспадар сядзібы «Хутар Дудара» Алесь Лось (ягоны выступ меў назву «Ад дуды да скрыпкі: спасцігаем саміх сябе»).

ZHulanka_04– Адзін са слоганаў мерапрыемства – «Зялёная філасофія», – зазначыў прафесар, філосаф, гаспадар сядзібы «Млынок» Георгій Грыбаў. – І створаны за 15 гадоў у нашай краіне сектар агратурызму паказаў, што Беларусь багатая на крэатыўных, тале­на­ві­тых людзей, якія могуць на няўдобіцы, як тыя Макеі на балоце, стварыць нешта ўнікальнае. Гэта людзі, якія змаглі знайсці гармонію чалавека, прыроды і культурных каштоўнасцяў. І галоўнае – яны вучаць падобнымі мерапрыемствамі, як трэба правільна адпачываць (а не толькі працаваць); змястоўны адпачынак – таксама каштоўнасць, якую трэба берагчы, якой трэба карыстацца, трэба ўмець паказваць прыклад.

ZHulanka_07Добрым дапаўненнем да свята сталі выступленні самадзейных артыстаў Зэльвеншчыны і спевака Змітра Вайцюшкевіча, чый выступ стаў своеасаблівым музычным спектаклем з маналогамі, пераўвасабленнямі.

ZHulanka_01І яшчэ хочацца даць слова Анатолю Ганцу, уладальніку сядзібы «Ганка» на Валожыншчыне:

– Хочацца, каб такія імпрэзы праходзілі па ўсёй Беларусі, на многіх аграсядзібах. Цудоўна, што гэты накірунак – агратурызм – развіваецца і аб’ядноўвае многіх людзей. Я па сваім Валожынскім раёне заўважыў, што пачало шмат людзей выязджаць з горада на пастаяннае жыхарства ў сельскую мясцовасць, знаходзіць там захапляльную справу, займацца ёю і развіваць свой рэгіён, як і мы імкнемся рабіць у Валожынскім раёне. Як кажуць на Валожыншчыне: «Хай вам усім прэ!»

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ, фота аўтара

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам