Гісторыя Агратурызм Аграсядзіба па-беларуску

Аграсядзіба па-беларуску

-

- Рэклама -

Залаты ключык спасціжэння спадчыны

 З удзелам гаспадароў аграсядзібаў, грамадскасці і прадстаўнікоў СМІ, а так­сама – беларускіх і амерыканскіх экспертаў, напрыканцы верасня адбыўся круглы стол «Інавацыйныя падыходы інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны і іх скарыстанне ў турызме: міжнародны і беларускі досвед». Арганізавала мерапрыемства БГА «Ад­пачынак у вёсцы» пры падтрымцы Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.Чытаць далей…

Прывіталі ўдзельнікаў мерапрыемства прадстаўнік Пасольства ЗША ў Бела­ру­сі Ларыса Іванова і праграмны каардынатар Лясной службы ЗША Шыла Слэмп. Апошняя таксама коратка распавяла пра дзейнасць сваёй арганізацыі, аб рэкрэ­а­цыі і турызме на прыродаахоўных тэрыторыях ЗША. У краіне развіццём інфраструктуры для турызму зазавычай займаюцца прыватныя кампаніі. І штогод вандроўнікаў на экамаршрутах становіцца ўсё болей. І рэч тут не толькі ў маркетынгу, але і ў пры­цяг­ненні ў працэс тэрыторыяў, што раней не былі цікавымі для саміх амерыканцаў і замежных турыстаў. «Напрыклад, усе турысты ведаюць Йелоўстоўнскі запа­вед­нік, – зазначыла Ш. Слэмп, – то і едуць туды. А мы б хацелі перанакіраваць навед­нікаў у запаведныя мясціны, што размешчаныя непадалёк. Там не менш цікава».

Старшыня арганізацыі «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова зазначыла, што апошнім часам у свеце шырыцца тэндэнцыя на выбудову індустрыі стварэння ўражанняў. То бок, праз адпачынак, праз забавы чалавеку закладваюцца пэўныя эмоцыі, што застаюцца па наведванні ўстановы. У нашым выпадку – аграсядзібы. Выступоўца зазначыла, што праз інтэрпрэтацыю (а гэта значыць, праз вытлума­чэн­не, трактоўку) можна выйсці да ўсведамлення каштоўнасці спадчыны. І гэта свое­асаблівае мастацтва, якім апошнім часам пачалі авалодваць нашыя суайчын­нікі, з’явіліся гіды-інтэрпрэтатары. «Для дзяцей жа, – зазначыла спн. Кліцунова, – выкладанне фактуры павінна быць не толькі прасцейшай для засваення, але ін­шай, даступнай». Выступоўца прывяла прыклады аграсядзібаў, дзе наведнікі мо­гуць даведацца пра традыцыйную культуру ў нязмушанай форме, напрыклад, «Ху­тар Дудара», «Мир пчёл», «зялёныя маршруты». Выйшла таксама першая кніга аб інтэрпрэтацыі спадчыны (напісала яе В. Кліцунова), у БДУ існу­юць навучальныя курсы.

Акурат для навучання адмыслоўцаў у галіне інтэрпрэтацыі БГА «Адпачынак у вёсцы» сёлета ў Бярэзінскім біясферным запаведніку правяла шматдзённы трэнінг «Інтэрпрэтацыя спадчыны ў “зялёным” турызме», удзельнікі якога пад час круглага стала атрымалі адмысловыя сертыфікаты Нацыянальнай асацыяцыі па інтэр­прэ­тацыі ЗША «Сертыфікаваны гід-інтэрпрэтатар» (цяпер у нашай краіне 19 адмыс­лоў­цаў у гэтай галіне, статус якіх прызнаецца ва ўсім свеце).

Пасля трэнінга ў запаведніку навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» Іван Цесюль абвясціў: «Я пераўвасобіўся з навукоўцы ў раман­ты­ка». Вось пра гэтую рамантыку і поспехі ды праблемы распавядалі далей удзель­нікі круглага стала. Начальнік аддзела турызму Бярэзінскага біясфернага запаведніка Аляксандра Карпава распавяла пра інтэрпрэтацыйныя праграмы ў Бярэзінскім (пра некаторыя з іх пісала і нашае выданне – «Міфалагічная сця­жын­ка», Музей Міфаў). Выкладчыца кафедры турызму і прыродакарыстання Бела­рус­кага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ніна Здановіч пазнаёміла з міфа­ла­гізацыяй прыроды Беларусі на прыкладзе экасцяжыны «Казка Негарэльскага леса» (напрыклад, ладзяць старажытныя святы беларускага календара, адмысловыя ўрокі ды лекцыі, праз міфічных персанажаў распавядаюць аб культуры паводзінаў на прыродзе ды аб жыхарах лясоў і палёў). Аб квэстах, як варыянце інтэрпрэтацыі спадчыны, расказаў Яраслаў Ліхачэўскі, кіраўнік праекта «Shukaj.by» (у Нясвіжы ўдзельнікі разгадвалі таямніцу 12 залатых апосталаў і так даведваліся аб горадзе і родзе Радзівілаў; цяпер працуюць у Бярэзінскім запаведніку). Алег і Наталля Цвір­кі з фермерскай гаспадаркі «Экофлора» падзяліліся досведам інтэрпрэ­тацыйных праграмаў, звязаных з вырошчваннем кветак (праз «гісторыю раслінаў» таксама можна даваць веды пра даўніну і традыцыйную культуру). На інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны малых гарадоў спынілася мастацтвазнаўца-культуролаг Таццяна Бем­бель. Міжнародны культурны фонд «Наследие и время», зарэгістраваны ў Сміла­вічах на Міншчыне, ладзіць падарожжы па знакавых у культуры краіны месцах. Асаб­лівая ўвага надаецца Смілавічам – гэта радзіма мастака Хаіма Суціна, Васілішкам на Шчучыншчыне – радзіме спевака Чэслава Немана, Жалудку непадалёк Шчу­чы­на. Праволдзяцца таксама пленэры ды культуралагічныя імпрэзы. Гаспадар сядзі­бы «За масточкам» у Валожынскім раёне Дзмітрый Наканечны распавёў аб праекце «Птушка ў аб’ектыве» (на Сакаўшчынскім вадасховішчы амаль круглы год можна на­зіраць разнастайных птушак, таму тут распачалі новы праект па птушкаванні, аб чым мы пісалі ў мінулым нумары). Алесь Лось і Алеся Сівохіна з «Хутара Дудара» рас­павялі, як можна праз музычныя інструменты ды іх гісторыю распавесці ад све­тапоглядзе і мастацкіх каштоўнасцях ды густах нашых продкаў (сп. Лось сам вы­раб­ляе традыцыйныя музычныя інструменты, тут створаны адмысловы Музей му­зычных інструментаў). Данута Грынь з аграсядзібы «Засьцянак Скрыплеў» распа­вя­ла пра досвед арганізацыі інтрэрпрэтацыйных праграмаў у аграсядзібе, створанай яе бацькам вядомым музыкам Васілём Грынем (асабліва падрабязна пра адмысловую імпрэзу для выпускнікоў, калі напрыканцы мая Скрыплеў пера­ўтвараецца ў індзейскую рэзервацыю сярэдзіны – канца ХІХ ст.).

Падсумаваннем сустрэчы могуць быць два выслоўі, пачутыя пад час круглага стала. Спн. Кліцунова сказала: «Інтэрпрэтацыя – той залаты ключык, што адмыкне нашую краіну замежнікам, турыстам». Сп. Цвірка ж зазначыў: «Веды – тое, што застаецца, што ніхто не забярэ».

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Дарэчы

26 верасня абвешчаны творчы конкурс на найлепшую ідэю тэматычнага ту­рыс­тычнага маршруту Праграмы «Belarus N». Яго арганізатары – РУП «ВА «Бе­ло­руснефть», БГА «Адпачынак у вёсцы» і камунікацыйнае агенцтва «NEF\TBWA». Га­лоўны прыз – аўтамабіль «Geely Emgrand X7» – атрымае аўтар найлепшага марш­ру­ту. Мэта конкурсу – стымуляваць арганізацыі і аграсядзібы, што зацікаўленыя ў развіцці турызму ў нашай краіне, ствараць арыгінальныя і крэатыўныя маршруты.

Кожны маршрут павінен уключаць хаця б адну аўтазаправачную станцыю «Бе­лоруснефти» і ў назве мець прыметнік, што апісвае яго тэматыку (прыкладам, «Грыбны», ««Азёрны», «Маёнткавы» ды пад.). Акрамя агульнага апісання ідэі і дэта­ляў кожнай кропкі маршруту неабходна праілюстраваць ідэі фота- і відэаматэрыяламі.

Конкурсныя заяўкі прымаюцца да 15 лістапада ўключна на электронны адрас belarusn@beloil.by. Вынікі падвядуць 25 лістапада пад час святкавання 15-годдзя «Адпачынка ў вёсцы». Падрабязней можна даведацца на сайтах http://www.ruralbelarus.by і http://belarusn.by.

 Паводле інфармацыі арганізатараў

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам