Гісторыя Агратурызм Аграсядзіба па-беларуску

Аграсядзіба па-беларуску

-

- Рэклама -

Наша матэрыяльнае, нематэрыяльнае і духоўнае

 Апошнім часам у нашай краіне набірае моц унутраны турызм. І спрыяюць таму айчынныя аграсядзібы. Зрэшты, паглядзець на гожасці нашага краю, на адметнасці прыязджаюць і замежныя турысты. Пакрысе галіна набірае моц. Але ж не заўсёды магчымасцяў аднае сядзібы стае, каб зацікавіць ды затрымаць гасцей. Таму па краіне з’яўляюцца турыстычныя дэстынацыі. А калі больш зразумела – дык гаспадары аграсядзібаў пэўнага рэгіёна (суседзі і сябры) аб’ядноўваюцца, каб пракласці агульны маршрут. Прыкладам, паглядзяць яны ў адным месцы, як даглядаюць козаў, у іншым – паназіраюць за птушкамі, паловяць рыбу ў трэцяй сядзібе, заедуць начаваць ды пакаштаваць мясцовых страваў у трэцяй гаспадарцы, а назаўтра – у дарогу, да новых аграсядзібаў з іншымі цікавосткамі.

Прыклад аднога з маршрутаў ёсць на Зэльвеншчыне. З ім і пазнаёмімся. Ды й нагода якая! 27 і 28 студзеня быў зладжаны прэс-тур «Свежына ў Міхася». Гэта адно з мерапрыемстваў праекта «Турыстычная дэстынацыя “Зэльвенскі дыяруш”: узмацненне партнёрства, развіццё крэатыўных ініцыятываў і адраджэнне спадчыны», які фінансуецца Пасольствам США ў Беларусі і рэалізуецца БГА «Адпачынак у вёсцы». Арганізацыі правесці прэс-тур дапамаглі Зэльвенскі райвыканкам, сядзіба «Верас» (гаспадары Міхаіл і Ірына Макеі), грамадская арганізацыя «Школа маладога фермера» і Князеўская СШ.

 Чытаць далей…

Дзявятка арыгінальных

Вандроўка насіла збольшага кулінарны характар. Дзіва што! – ехалі разбіраць кабанчыка, на свежыну. І першы прыпынак быў у прыдарожнай кавярні «Леснічоўка». Яна знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад вёскі Сынкавічы, на трасе Р99, і належыць фермерскай гаспадарцы Макеяў. Там вялікую дэлегацыю журналістаў і тураператараў сустрэлі музыкаю ды караваем. І паказалі само кафэ, якое не просты «аб’ект прыдарожнага сэрвісу», але яшчэ і спазнаваўчы аб’ект.

Zelva_06— Калі ў 1920-я гг. на Міншчыну прыйшлі бальшавікі, — зазначыў М. Макей, — тут была ўлада Польшчы, і сюды перабралася частка роду Чапскіх.

Адзін з іх, Эмерык Гутэн-Чапскі, у канцы 1923 г. пасяліўся ў Сынкавіцкім лясніцтве і працягваў працаваць на розных пасадах. Пра некаторых прад­стаў­ні­коў выбітнага роду можна прачытаць у «Леснічоўцы» падрабязней, пабачыць іх партрэты на адмысловых стэндах. Ды й банкетная зала аздобленая ў стылісты­цы пачатку 1930-х., а на сценах – карцінкі тагачаснага шляхецкага жыцця.

Zelva_01Zelva_04А летась з удзелам вучняў Князеўскай школы прайшла кулінарная экспедыцыя, быў абвешчаны раённы конкурс «Гатуем сваё». Затым у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася абарона страваў і дэгустацыя. Журы абрала 9 найлепшых, што будуць занесеныя на гастранамічную карту Зэльвенскага раёна. А ўзнагароджанне адбылося пад час прэс-тура ў аграсядзібе «Верас». Пераможцы распавялі пра свае стравы, а таксама пачаставалі імі прысутных. Сертыфікаты пераможцаў атрымалі Алена Кеўлюк (страва «Курыца ў гарбузе»), Марына Мазец («Верашчака»), Ала Сідорык («Вушкі з грыбамі»), Ірына Макей («Пянёк з Леснічоўкі»), Таццяна Бяляўская («Пызы па-галынкаўску»), Галіна Каўбаска («Галышы»), Святлана Галаўко («Бульбяня камы з грыбамі»), Алена Мулярчык («Дзярэчынскія прысмакі»), Алена Ламека («Каўдык»).

 Князеўская пяцёрка ды іх настаўнікі

Вучні Князеўскай сярэдняй школы сустрэлі гасцей у фае шчырымі словамі вітання і песнямі. Прычым, як потым прызнаваліся настаўнікі, гэта быў іхні экспромт: «Проста перад пачаткам падышлі ды запыталіся: можна, мы заспяваем? Яны ў нас ва ўсім ініцыятыўныя, актыўныя».

У фае размясціліся фотавыстаўкі «Мой свет вёскі ў асобах» (выявы аднавяскоўцаў) і «Маўклівыя сведкі гісторыі» (сабраныя здымкі архітэктурнага багацця краю). А потым вучні прадставілі новы праект – «Тэрыторыя здароўя». Калі хто прыедзе, маладыя гаспадары краю прапануюць турыстам насычаную праграму – знаёмства з помнікамі архітэктуры «Крамяніцкага вузельчыка» (так называюць яны вёскі вакол Князева і Крамяніцы), расповед пра традыцыі, знаёмства з традыцыйнымі стравамі, якія самі запісалі ад старажылаў ды выдалі ў выглядзе брашуры, магчымасць парыбачыць ды зварыць юшку, надыхацца чыстым паветрам, з ветрыкам праехацца на веласіпедзе ці лыжах… І атрымаць сертыфікат, што «я тут быў/была».

Zelva_00Слухаеш гэтых захопленых дзяцей – і дзіву даешся. Не смартфонамі ды інстаграмамі адзінымі жыве моладзь, не наракае, што ў вёсцы («удалечыні ад шумных гарадоў») не сумуе, а знаходзіць сабе занятак. Занятак не толькі цікавы для сябе, але цікавы і карысны аднагодкам, землякам. Цягам некалькіх гадоў вучні з настаўнікамі ездзяць па вёсках, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі, збіраюць рэцэпты, легенды, робяць фотаздымкі. І ўжо спадчыну памнажаюць і пакідаюць наступнікам. А вы кажаце: адыходзяць носьбіты традыцыяў. 15-гадовая моладзь, гэтая слаўная пяцёрка (Каця Саўко, Марыя-Малгажата Лудзіч, Маргарыта Мазец, Віка Валюк, Валодзя Ягораў) ды іх настаўнікі (Валянціна Семяняка і Вольга Наруш з калегамі), – сапраўдныя носьбіты, якія перадаюць веды продкаў. І не важны тут узрост – важны ўнутраны свет.

Але ж колькі не распавядай аб прысмаках – іх варта пакаштаваць. Што гасцінныя гаспадары і зрабілі. Больш за 20 страваў было прапанавана ўдзельнікам прэс-тура. Былі тут і больш звыклыя бабка («Сіла парабка»), грыбы салёныя ды грыбы ў тлушчы, свініна вэнджаная, але найбольшую ўвагу прыцягнулі некалькі страваў. «Галушкі па-валькевіцку», «гарбузянка», курыца з гарбузом ды рысам, не пакінулі абыякавымі бадай што нікога. А ці каштавалі вы печыва з салам? Едзьце ў Князева, там, можа, і рэцэпт дадуць, не толькі пачастуюць ім…

Zelva_05Далей накіраваліся ў Крамяніцу, дзе пабачылі касцёл. Яшчэ ў 1617 г. ула­дар гэтых мясцінаў шляхціц Мікалай Вольскі, віцебскі кашталян, запрасіў з Кра­ка­ва ў мястэчка латэранскіх канонікаў. Тут паўсталі касцёл, пры ім шпіталь для бед­ных і бібліятэка (з больш як тысячаю рэдкіх кніг). Пасля паўстання 1831 г. кляш­тар быў закрыты. А касцёл у стылі рэнесансу працуе і сёння. Захаваўся надгробак XVII ст. М. Вольскага і ягонай жонкі Барбары, а таксама разны алтар 1-й пал. XVII ст., абразы сяр. XVIII – пач. XIX ст. Пра храм і мінуўшчыну гэтых мяс­ці­наў як сапраўдны экскурсавод распавяла нам Каця Саўко. Яна актыўна ўдзельнічае не толькі ў школьных мерапрыемствах, але і ў касцельных.

 3 500 крылатых экспанатаў

У ціхай вёсачцы Варонічы Сяргей Мікановіч стварыў сядзібу «Старая Весь». Біёлаг і эколаг, ён некалі працаваў у раённай ахове прыроды. Але выра­шыў падацца ў агратурызм. І за аснову ўзяў сваё захапленне з маленства – ка­лек­цыя бабачак, жукоў ды іншай жамяры. У ёй – больш за тры з паловаю тысячы адзінак. Каго толькі няма! Раней і не задумваўся аўтар гэтых радкоў, што тых жа прусакоў-тараканаў у нашых краях з дзясятак відаў, не меней і розных стра­ко­заў… А сярод найулюбёных для Мікановіча і рэдкіх экспанатаў створанага ім «Музея бабачак і пчалаводства» – мятлушка бражнік мёртвая галава.

Zelva_02На, здавалася б, невялікай плошчы можна «завіснуць» на некалькі гадзінаў. Тут ёсць пасека, дзе гаспадар раскажа і пакажа, як мёд збіраюць пчолы. У доме доўга можна раглядваць калекцыю. Зрэшты, матылі тут паўсюль, нават на фіранках, шпалерах і… рулонах туалетнай паперы. А ўлетку прапануе экскурсію ў размешчаны непадалёк (з ініцыятывы таго ж Мікановіча) рэспубліканскі біялагічны заказнік «Мёдухово». Ён жа стварыў тут невялікую экасцяжынку, дзе можна пабачыць разнастайнасць раслінаў заказніка.

Zelva_03Калі стаміўся – тут і заначаваць можна. «Каб вы ведалі, як тут спіцца добра! – кажа Сяргей Іванавіч. – Тут некалькі жылых дамоў з 7 пастаяннымі жыхарамі. А 9-й вечара як выключаюцца ліхтары на вуліцы, то жыццё замірае, цішыня – спі ў асалоду!» Ды і паехаць можна не з пустымі рукамі: на сядзібе прапануюць набыць прадукты пчалярства, а таксама мыла з мёдам, аздобленае мятлушкамі ды богаўкамі.

…А наш шлях – у аграсядзібу «Верас», дзе свінчуку Борку ўжо «вынесены прысуд». Там нам пакажуць, як беларусы разбіралі кабанчыка. Потым жа наведаемся ў Сынкавічы і Дзярэчын. Але пра гэта – у наступным нумары.

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Фота аўтара

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам