Гісторыя Агратурызм Аграсядзіба па-беларуску

Аграсядзіба па-беларуску

-

- Рэклама -

 Наша матэрыяльнае, нематэрыяльнае і духоўнае

Апошнім часам у нашай краіне з’яўляюцца турыстычныя дэстынацыі – гаспа­дары аграсядзібаў пэўнага рэгіёна аб’ядноўваюцца, каб пракласці агульны турыстычны марш­рут. Прыклад аднога ёсць на Зэльвеншчыне. 27 і 28 студзеня быў зладжаны прэс-тур «Свежына ў Міхася», адно з мерапрыемстваў праекта «Турыстычная дэстына­цыя “Зэльвенскі дыяруш”: узмацненне партнёрства, развіццё крэатыўных ініцыя­ты­ваў і адраджэнне спадчыны», які фінансуецца Пасольствам ЗША ў Беларусі і рэа­лізуецца БГА «Адпачынак у вёсцы». Правесці прэс-тур дапамаглі Зэльвенскі рай­вы­канкам, сядзіба «Верас» (гаспадары Міхаіл і Ірына Макеі), грамадская аргані­за­цыя «Школа маладога фермера» і Князеўская СШ. Цягам вандроўкі кіраўнік БГА Валерыя Кліцунова гаспадарам шэрагу аграсядзібаў і некаторым асобам уручыла своеасаблівы знак «Крэатыўная прастора» – шыльду, што можна прымацаваць на сядзібе, дзе рупяцца ініцыятыўныя людзі. У мінулым нумары мы распавялі пра пачатак маршруту. Сёння наш шлях ляжыць у аграсядзібу «Верас» ды іншыя мясціны.Чытаць далей…

 Як спакон вякоў…

На падворку гасцей сустрэлі гаспадары ды мясцовы гурт народнай музыкі «Званочкі». Аказалася, што Ірына і Міхаіл Макеі не толькі руплівыя гаспадары – яны і выдатныя акцёры. Тут быў разыграны сапраўдны спектакль аб падрыхтоўцы да біцця кабанчыка.

Спакон было і без прымусу –

Свіней трымалі беларусы.

Была дарэчы ім свініна:

Каўбасы, кумпякі, вяндліна.

Не дараўнуецца на’т піца

Да смаку добрай паляндвіцы!.

Vieras_01Гэта ўрывак з п’есы, якую да імпрэзы напісаў мясцовы паэт Валянцін Семяняка (намеснік старшыні райвыканкама), чые паэтычныя радкі не раз яшчэ гучалі ў «Верасе».

Гаспадар і Гаспадыня абмяркоўваюць, калі і як будуць калоць «Борку», каго запрасяць. «Дык схаджу да кума – яго заўсёды запрашаюць», – кажа Гаспадар. «А ты ведаеш, колькі ён бярэ?» – «Ды звычайна бярэ… Толькі ты не шкадуй парсюка – доўга даходзіць будзе». На тым і сышліся. (Калолі свінню звычайна талакою: кум, дарослы сын, муж сястры, бо раней жылі ўсе разам.)

Vieras_02Пасля гэтага ўсе перамясціліся да вепручка. Дзе ўжо ажно тры «кумы» пад­рых­тавалі яго да смалення. «Найлепей прыдатная ільняная траста», – зазначылі яны. Сапраўды, гарэла жарка. «А чым сашкрабаць абпаленае шчацінне?» – хітра­вата запытаўся адзін. Вядома ж, традыцыйна гэта рабілі навостранай касой. І пачынаюць разбіраць. Аўтару гэтых радкоў было цікава даведацца, што адразу абразаюць парсюку ножкіі і кладуць іх пад бакі, каб туша не кулялася (у нас на заходняй Віцебшчыне скарыстоўваюць палены). Потым выразаюць грудзінку, вычэрпваюць кроў апалонікам, аддзяляюць галаву, затым – сэрца і лёгкія, трахею. Звычайна галаву (каб кроў выцягнуў) і кішкі (каб астылі) кладуць на снег. Але ж сёлета на Зэльвеншчыне яго няшмат, то абмывалі халоднаю вадой. Далей – падбрушша (іначай называюць падчаровак). Трэба акуратна выцягнуць і перавязаць мачаточнік, шмат увагі ды ўмення таксама выдаленню кішак. Калі дасталі тоўстую кішку, чыстай анучкай грудная клетка ачышчаецца ад крыві. Знаўцы сцвярджаюць, што здор – самая смаката, хаця ў некаторых месцах яго выкідваюць. Далей – пячонка, ад якой выдаляюць жоўцевы пухір. Потым дастаюць ныркі. Урэшце – аддзяляюць лапаткі з кумпяком. Далей ідзе чарга рэбраў і паляндвіцаў («Цягнуць яе трэба ад хваста да галавы, – зазначае адзін “баец”, – тады палоска самага смачнага мяса выдзіраецца лёгка і роўна»). Каля рабрынаў здзіраюць каўбаснае мяса, рабрыны адсякаюць ад хрыбта. І вось на дзверыне, дзе ляжаў Борка, застаецца вялікі пласт сала, які разразаюць на меншыя пад посуд кавалкі для салення ды зносяць у хату. Апошняя – галава, з якой адразаюць вушы, здымаюць шчакавіну, выразаюць вачніцы. А потым рассякаюць напалам і дастаюць мазгі. Многія прысутныя былі нямала здзіўленыя, што іх у даволі разумнай у прынцыпе жывёліны – са жменю. Здзівіла таксама, што пад час разбірання не было ні сабак, ні хаця б ката, чакаў абрэзкі толькі… певень, які з радасцю прымаў усё, што кідалі яму.

 А ў карчме…

Vieras_03Увесь гэты час без перапынку ў сядзібнай карчме была адмысловая куль­турная праграма. Вучні Князеўскай і Елкаўскай школаў, удзельнікі ансамбля «Званочкі», спявалі ды гралі, танцавалі ды гулялі. І вучылі традыцыйным песням, танцам, гульням усіх ахвочых.

А Макеі зладзілі майстар-клас па прыгатаванні каўбасы «кашанкі».

– Спачатку трэба зварыць грэцкай кашы, – распавялі гаспадары, – насма­жыць скварак і цыбулькі, абавязкова дадаць часнок і прыправы, якія таўклі ў ступцы. Яшчэ трэба пакласці цёртую бульбу – як на дранікі. Уліць кроў. Падрых­таваныя чыстыя кішкі, якія вы павінны завязаць знізу, напаўняюць прыгатаванай масай. Не надта шчыльна, каб было пад сваёй вагою. Печ павінна быць напаленая, без агню. Тады ў патэльні ці ў вялікай блясе ставілі кашанку ў дух. Захоўвалася яна і тыдзень, а як цяпер, то прыгатаваную крывянку можна пакласці ў маразільнік і спячы, калі трэба.

І яшчэ пра некаторыя асаблівасці распавялі Макеі: «Калісь так было – дзеці ўначы спалі, а муж з жонкай удваіх рабілі каўбасы.

Вядома ж, смаленне і разборка парсюка суправаджаецца жартамі, гісторыямі і сваімі прыкметамі ды забабонамі. У кожным рэгіёне яны свае. Нездарма В. Кліцунова лічыць свежаванне вартым быць занесеным у спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў краіны. А вы, сябры, як лічыце? Дасылайце таксама расповеды пра старажытнае традыцыйнае рамяство, гісторыі, звязаныя з ім, пра мясцовыя асаблівасці.

 З чаго зрабіць квас?

Vieras_04Наступнага дня вандроўнікі выправіліся далей. Перад наведваннем чарго­вай сядзібы завіталі ў Сынкавіцкую царкву, дзе адны маглі папрысутнічаць на літургіі, іншыя ад прыхаджанкі даведацца пра гісторыю 500-гадовага храма.

Vieras_05А ў Зэльве нас чакаў гаспадар аграсядзібы «Сад моей мечты» Міхаіл Жыдок, якому дапамагаў сын Андрэй. І адразу невялікую экскурсію па садзе сумясціў з гульнёю – прапанаваў сабраць торбачку зімовых вітамінаў. У розных месцах былі прыхаваныя яблыкі, грушы, ягады… А потым распавёў пра адметнасць сваёй сядзібы – «Зэльвенскія смузі». Іх гатуюць тут жа і з таго, што вырашчанае вакол дома. Пакаштавалі таксама незвычайны аўсяны квас. Рэцэпт, бадай што, выдаваць не будзем – паедзьце да Жыдка, то ён і пачастуе, і навучыць, як дома напой зрабіць.

 У рэзідэнцыі Сапегаў

Vieras_057Урэшце – апошні пункт маршрута. Старадаўняе мястэчка Дзярэчын. Калісьці тут былі палацава-паркавы ансамбль Сапегаў (XVІIІ ст.), касцёл і кляштар дамініканцаў (XVІIІ ст.) і мемарыяльная калона XVІIІ ст. Сёння ж можна пабачыць касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (1910 – 1913), прыдарожную каплічку XVІIІ ст., царкву Святога Спаса (1865) і іўдзейскія могілкі.

Пад час наведвання Зэльвенскага раённага Дома рамёстваў, што месціцца ў Дзярэчыне, пабачылі традыцыйныя строі гэтага рэгіёна, пазнаёміліся з рамёст­вамі, традыцыямі ткацтва. Гасцям прапанавалі зрабіць сваімі рукамі ляльку-абярэг. І калі напачатку хто сумняваўся ў сваіх здольнасцях, то праз паўгадзіны з дапамогаю гаспадароў дома рамёстваў у кожнага ўжо была свая лялечка.

Скончылася вандроўка па маршруце «Зэльвенскага дыяруша» абмер­каван­нем перспектываў развіцця дэстынацыі. Кіраўніцтву раёна было выказана шмат прапановаў ды парадаў. Адна з іх ад «Краязнаўчай газеты» – не абмінаць у турызме і агратурызме мясцовых традыцыяў, паданняў, больш скарыстоўваць тамтэйшыя гістарычныя падзеі і беларускую мову, бо цяперашні турыст (не толькі айчынны) ужо хоча бачыць, чым пэўны край вылучаецца, якія адметнасці мае.

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Фота аўтара

Аўтар выказвае ўдзячнасць БГА «Адпачынак у вёсцы», усім арганізатарам прэс-туру «Свежына ў Міхася» за запрашэнне і спрыянне пад час наведвання Зэльвенскага раёна

Папярэднi артыкулЦуды на стыку рук і агню
Наступны артыкулДзе варта пабываць
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам