Гісторыя Агратурызм Аграсядзіба па-беларуску

Аграсядзіба па-беларуску

-

- Рэклама -

Аб новым і беларускім – для айчынных аграсядзібаў

 Апошнім часам агратурызм у нашай краіне набывае ўсё большую папулярнасць. Але не дастаткова толькі набыць стары дамок у вёсцы (варыянт: пабудаваць новы) ды абладзіць тэрыторыю вакол яго, каб запрашаць сюды турыстаў на выхадныя або на некалькі дзён, распісваючы прыгажосць краявідаў і рамантыку вясковых вечароў, пах сырадою і зеляніну бору, багацці ракі ды аўтэнтыку сялянскага побыту… Апошнім часам беларускія аграсядзібы пачалі шукаць новыя падыходы ў сваёй працы.

29 лютага непадалёк мястэчка Ракаў, што на Валожыншчыне, для гаспадароў сядзібаў у рамках рэалізуемай ініцыятывы «Валожынскі раён – тэрыторыя крэатыўнай эканомікі» прайшоў трэнінг «Стварэнне рэгіянальных крэатыўных турпрадуктаў у Валожынскім раёне на аснове інтэрпрэтацыі культурнай і прыроднай спадчыны». Адбыўся ён у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца ЕС і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Арганізавала мерапрыемства Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» (кіраўнік Валерыя Кліцунова). На сустрэчы было тры дзясяткі ўдзельнікаў з розных месцаў Валожынскага раёна; арганізатары ласкава запрасілі таксама прадстаўнікоў ГА «Беларускі фонд культуры», Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў і «Краязнаўчай газеты».Чытаць далей…

Для пачатку – пра некаторых удзельнікаў. Трэнінг праходзіў у «Сядзібе “Ганка”», якую стварылі Анатоль Ганец і яго жонка Ларыса. Цяпер гэта сямейны занятак. Зрэшты, пра іх сядзібы і працу падрабязней распавядзем у адным з наступных нумароў газеты. Вядомы музыка Алесь Лось мае свой «Хутар “Дудар”». «Засценак Скрыплеў» стварыў іншы музыка, фалькларыст Васіль Грынь. Непадалёк – у вёсцы Вялікая Дайнава – жыве і працуе народны майстар Юлія Літвінава. Уладзімір Бацян і Таццяна Міхневіч маюць сядзібу «Бацян». Дзмітрый Наканечны з Замасточча стварыў сваю базу «За мосточком». Муж і жонка Васіль і Марына Шакуны – гаспадары «Налібоцкіх Васількоў» (дарэчы, муж некалі працаваў ляснічым, займаў у раёне кіроўныя пасады). Вядомы даследчык беларускай кухні Алесь Белы мае сядзібу «Марцінова гусь». Канстанцін Літвінюк стварыў сядзібу «Літвінка». Асобна варта сказаць пра Уладзіміра і Крысціну Фраловых, якія прадстаўлялі сядзібу «Свет пчолаў», якую стварылі бацькі маладога чалавека, а цяпер эстафету пераймае моладзь.

Agrasiadz_ 016 Agrasiadz_ 017Тон гутарцы задала старшыня Праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» В. Кліцунова. У выступленні, якое называлася «Крэатыўная эканоміка і турызм», яна звярнула ўвагу на тое, што цяпер у свеце ідзе тэндэнцыя да папулярнасці індустрыі ўражанняў. І тады варта казаць пра адыход ад стасункаў «кампанія – кліент», а скарыстоўваць мадэль «рэжысёр уражанняў – глядач (або госць)». Добрым прыкладам тут можа быць кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі», слоган якога гучыць як «Незабыўны смак традыцыяў». Наведнікі такога фэсту не толькі пазнаёмяцца з кухняю Мотальшчыны, але і пачуюць мясцовыя музыку ды песні, дакрануцца да гісторыі, пабачаць традыцыйныя адзенне і рамёствы, а ў выніку – у іх з’явіцца адчуванне натуральнасці і гармоніі з прыродай. Немалаважна, што на падобных мерапрыемствах, святах, іпрэзах арганізатары прадумваюць, як задзейнічаць усе пяць органаў адчування. Відаць, таму нарадзіўся тут і жартоўны дэвіз фестывалю: «Пазайздросціць і бігмак смаку мотальскіх прысмак!»

Agrasiadz_ 068– Турысту сёння патрэбна нешта пабачыць, нешта зрабіць сваімі рукамі, нешта набыць (гэта могуць быць ежа, сувеніры, напоі ці нешта іншае), — зазначыла В. Кліцунова. – Каб у рэгіёне развіваўся турызм, неабходныя вялікая колькасць установаў, аб’ектаў, куды можа прыехаць падарожнік, прасоўванне рэгіёна, сумесная, скаардынаваная праца розных сядзібаў ды цікавых мясцінаў рэгіёна.

Добрым прыкладам у пошуку адметнасцяў для свайго рэгіёна выступоўца назвала фэст «Дрыбінскія шапавалы», сядзібы «Стравусіны куточак» у Кобрыне і «Яблочный sa-рай», а таксама абрады «Жаніцьба Цярэшкі» на Лепельшчыне і «Цары» на Капыльшчыне, куды ўжо ахвотна штогод едуць турысты. Ёсць у краіне і іншыя цікавыя прыклады.

Agrasiadz_ 028Эксперт грамадскага аб’яднання Наталля Барысенка-Клепач распавяла аб фармаванні крэатыўнага турпрадукта. Прыклады, што прыводзіла яна, узятыя ў замежжы, але падобнае можна ажыццявіць і ў нашай краіне. І звяртае ўвагу, што агульнай тэндэнцыяй у свеце становіцца адмова ад сучасных гаджэтаў: тэлефоны, смартфоны, планшэты адключаюцца і пакідаюцца на ўваходзе.

Вось прыклад нестандартнага падыходу да геаграфічнага становішча. На востраве Сардзінія не ўсе паселішчы маюць выхад да мора, але шукаюць свае адметнасці і цікавосткі. Нехта робіць акцэнт на мясцовых песнях, традыцыях, хтосьці – на легендах, кухні. У Галандыі, што ў нас асацыюецца з дамбамі ды ветракамі, вялікаю папулярнасцю карыстаюцца чайныя дамкі, дзе можна даведацца пра гісторыю чаю, навучыцца зварваць яго ды прывільна ўжываць. У ЗША папулярныя гарадскія фермы, дзе створаны куточак жывой прыроды, дзе малеча можа зблізку пабачыць тую ж свойскую жывёлу. А для аматараў там прапануюць занурыцца ў дзікую прыроду. Зрэшты, зазначыла эксперт, і ў Беларусі апошнім часам набываюць папулярнасць тыя ж фотатуры ў беларускую глыбінку. Збіраюцца сябры і едуць у аддаленыя вёскі фатаграфаваць пейзажы, мясцовых жыхароў, тамтэйшыя адметнасці, помнікі, іншыя цікавосткі.

Спн. Барысенка-Клепач прапанавала студэнтам факультэта міжнародных адносінаў Белдзяржуніверсітэта прыдумаць свае праекты для ажыццяўлення іх у беларускіх умовах. Фантазія моладзі аказалася бязмежнаю і разнастайнаю. У адным з праектаў цэнтрам своеасаблівага паселішча стаў калодзеж, вакол якога размешчаныя гародчык, стайня з поні, возера, лес – кожнаму выбіраць на свой густ. Віртуальная аграсядзіба «Green-Towne» – для аматараў экалагічна чыстага харчавання, свежага паветра, хто любіць зліцца з прыродаю. Іншы прадэманстраваны праект – паселішча над зямлёю, дзе на дрэвах абладжаныя невялікія гатэльныя нумары, а пастаяльцы могуць наведвацца адно да аднаго па падвясных мастках. Быў і больш нетрадыцыйны праект – «Каралеўства Рохан», дзе прапануецца атмасфера трылогіі Дж. Толкіна «Уладар пярсцёнкаў».

Agrasiadz_ 034Пра новы для нашай краіны від турыстычных забаваў распавяла спецыяліст «Адпачынку ў вёсцы» Алена Ветрава. Гэта – квэст. Ён больш вядомы па камп’ютарных гульнях, дзе даецца заданне, што герой павінен зрабіць, дзе пабываць, што пабачыць, што знайсці і куды з адшуканым скарбам выйсці. У рэальнасці можа быць нешта падобнае, кажа адмыслоўца. Можна ў квэсце прапанаваць турыстам абысці паселішча, пабываць каля ўсіх найбольш цікавых ды значных мясцінаў, знайсці адгадкі на зададзеныя пытанні і ўрэшце скончыць вандроўку, маючы ў руках «скарб». Відавочна, як бачыцца, скарб той больш, чым матэрыяльны: новыя веды, новыя ўражанні, нават – новыя навыкі.

Далей сваімі ідэямі ды напрацоўкамі падзяліўся гаспадар сядзібы «Засценак Скрыплеў» В. Грынь. Пачалося ўсё з таго, што некалі ў вёсцы набыў адзін дом даваеннай пабудовы, адрамантаваў яго і наладзіў турыстычны побыт. Цяпер мае 2 га зямлі на беразе Заходняй Бярэзіны. І пачаў 1 красавіка адзначаць сваё свята – Дзень засценка. Рэч у тым, што 1 красавіка 1557 г. з ініцыятывы каралевы Боны Сфорцы была зацверджаная Устава на валокі, пачалася аграрная рэформа. Паводле яе «за сцяной» панскай сядзібы з’явіліся сядзібы, што пачалі называцца засценкамі, а жыхароў іх мы ведаем як засцянковая шляхта. Дарэчы, адзін з нашчадкаў такой шляхты жыве і сёння непадалёк сядзібы сп. Грыня. Арганізуецца тут і фольк-летнік «Ад панядзелка да панядзелка», ладзіцца эка-кэмпінг, ёсць фольк-хостэл, трымае свойскую гаспадарку. Сядзібу ўжо аблюбавалі тэлевізіёншчыкі і кінематографы. Залетась тут здымалі дакументальны фільм «Паўстанне 1863», летась – мастацкую стужку «Марта не даведаецца ніколі», а таксама рэаліці-шоў «Панаехалі». Ёсць тут і элемент, што называецца модным словам «кластар», а сам гаспадар даў азначэнне «суседства і талака». Па неабходнасці аб’ядноўваецца з сябрамі з іншых сядзібаў (А. Ласём, Ю. Літвінавай, А. Белым ды іншымі, запрашае Тамару Каляду з Дубінскага сельскага цэнтра культуры) не толькі працаваць, але і сустрэць, пазабаўляць гасцей неякай сядзібы. Бо таленты і магчымасці ў кожнага розныя, а супольна атрымліваецца адметнае відовішча.

Agrasiadz_ 050Пасля абмеркавання выступленняў і дыскусіі адбылася сустрэча з кіраўніцтвам БФК і рэдакцыяй нашай газеты. Старшыня фонду, галоўны рэдактар «КГ» Уладзімір Гілеп і намеснік старшыні фонду Анатоль Бутэвіч распавялі пра арганізацыю і газету, пра магчымасці ў супрацоўніцтве ў галіне агратурызму, у яго папулярызацыі, аб задзейнічанні той самай «культурнай і прыроднай спадчыны», што заяўленая ў назве трэнінгу, а таксама – аб нацыянальным складніку, аб рэгіянальных асаблівасцях, якія могуць быць цікавыя не толькі айчынным турыстам, але і замежным. Такім чынам, мяркуецца прадоўжыць супрацу дзвюх арганізацыяў і выдання дзеля папулярызацыі нацыянальных турыстычных маршрутаў, выпрацоўцы новых формаў у адметна беларускім ключы.

Скончылася сустрэча прэзентацыямі ініцыятываў, што рэалізуюцца ў Валожынскім раёне. Прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Карына Салавей прапанавала выступ «Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму на Валожыншчыне», а прадстаўнік Мінскага веласіпеднага таварыства Павел Гарбуноў падзяліўся напрацоўкамі ў развіцці інфраструктуры велатурызму ў раёне для ўстойлівага развіцця мясцовай супольнасці.

 Лявон ПАЛЬСКІ, фота Уладзіміра ПІРАГА

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам