Гісторыя Агратурызм Аграсядзібы па-беларуску

Аграсядзібы па-беларуску

-

- Рэклама -

 Будуць ехаць па туманы, па сырадой, па водар зёлак

Сёлета ўвосень грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» адзначыла 15-годдзе, з нагоды юбілею ў сядзібе Агінскіх у Залессі адбыўся святочны баль. А ў снежні арганізацыя сумесна з ААТ «Белаграпрамбанк», Міні­стэрствам спорту і ту­рызму Рэспублікі Беларусь, Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёха­неса Рау, Мясцовым інфармацыйна-асветніцкім фондам «Новая Евразия» і фа­куль­тэ­там міжнародных стасункаў БДУ правяла ІХ міжнародную канферэнцыю «Аграэкатурызм у Беларусі: трэнды і перспектывы».

Пачалася канферэнцыя з цікавага факта, які агучыў намеснік начальніка ўпраў­лення малога і сярэдняга бізнесу «Белаграпрамбанка» Дзмітрый Прымак. 718 г. ад Н.Х., Японія. Непадалёк лекавых крыніцаў, што былі надзвычай па­пуляр­ныя, прадпрымальны чалавек адкрыў гасцініцу. З таго часу 1299 гадоў адна і тая ж сям’я тры­мае гэтую ўстанову. Такі вось прыклад з гісторыі агратурызму (а бадай што – гэта яго пачатак, які быў зафіксаваны).Чытаць далей…

У сваім выступленні аб тэндэнцыях і трэндах беларускіх аграсядзібаў кіраў­нік «Адпачынку ў вёсцы» Валерыя Кліцунова распавяла пра найбольш цікавыя і ад­метныя сядзібы. Сярод іх ферма «ДАК» непадалёк Дзяржынска, дзе гадуюць ко­заў, сядзіба «Верас» на Зэльвеншчыне зладзіла пленэр для дызайнераў «Выспа Пас­хі», сядзіба «Стулы» ладзіць мастацкія пленэры, батлейкі, а таксама займаец­ца папулярызацыяй творчай спадчыны самабытнага разьбяра па дрэве Міколы Та­расюка, фермерская гаспадарка «Королевская голубика» знаёміць наведнікаў з карысцю буякоў ды іх вырошчваннем.

– Апошнім часам нашыя гаспадары ўсё больш увагі надаюць даступнасці аг­рася­дзібаў людзям з абмежаванымі магчымасцямі, – зазначыла выступоўца. – Тут варта назваць ініцыятывы сядзібаў «За масточкам», «Верас», «Ганка», «Мир пчёл» ды іншыя. Цікавая тэндэнцыя, калі пачынаюць запісваць мясцовыя кулінар­ныя традыцыі, прыцягваць да супрацы людзей сталага веку. У рамках міжнарод­ных праектаў з’явіліся новыя маршруты па краіне. Назаву тут фітамаршрут «Во­дар Белавежы» і цэнтр міфалагічнага турызму ў Бярэзінскім запаведніку. Запачат­ка­ваная фітатэрапія ХХІ стагоддзя, з’явіўся новы брэнд «Калі ласка» – людзі ў розных мясцінах збіраюць зёлкі для гарбатаў.

Сваім бачаннем развіцця беларускага агратурызму падзялілася прафесар, каардынатар акадэмічных праграмаў George Mason University (штат Вірджынія) Сюзан Слокум:

– Які маршрут замежнага турыста? Аэрапорт – гатэль – вандроўка па Мін­ску – наведаць нешта непадалёк сталіцы… І што яшчэ? Стаіць задача ўтрымаць цікавасць замежнага турыста. Тут акурат і прыдадуцца аграсядзібы. Неабходна «гарадскіх» турыстаў скіраваць туды. Тым больш і прыязджаюць жа ў асноўным гараджане. Варта прадумаць, што паказаць ім, каб прасунуць вёску, як падаць тую ж натуральную ежу. Тут варта аб’яднаць намаганні гарадскіх турагенцыяў з сельскімі аграсядзібамі, з вытворцамі сельгаспрадуктаў.

Пад час канферэнцыі адбылася панельная дыскусія «Праблемы і перспек­ты­вы развіцця агратурызму ў Беларусі», у якой бралі ўдзел прадстаўнікі аграся­дзі­баў і іх грамадскай арганізацыі, дзяржаўныя чыноўнікі, бізнесоўцы. Размова ішла не толькі пра дасягненні, але і аб тым, што дае новы дэкрэт аб агратурызме, аб пад­трымцы новых ініцыятываў як з боку дзяржавы, гэтак і з боку бізнес-структураў, а таксама аб тых спрэчках, што часамі ўзнікаюць з мясцовымі жыхарамі («Яны мусяць вырашацца на месцы, на міжасабовым узроўні, – зазначыў дэпутат Пала­ты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Барадзе­ня. – Бо калі зойдзе размова пра заканадаўчыя захады, наўрад ці будзе лепей або­двум бакам»). Каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Германіі Дзмітрый Карпіевіч адзначыў, што аграсядзібы сталі каталіза­тара­мі мясцовых супольнасцяў. Тут варта прыгадаць, што і самі гаспадары аб’ядноў­ва­юцца ў кааператывы – не толькі абменьвацца інфармацыяй і прыладамі (тыя ж веласіпеды ды лодкі, або набыць што ўскладчыну для некалькіх сядзібаў), але і су­польна збываць вырашчаную прадукцыю (як прыклад можна назваць «Вало­жын­скія гасцінцы», куды ўваходзяць 18 гаспадарак, кіраўнік Васіль Грынь, агра­ся­дзіба «Засцянак “Скрыплеў”»).

У рамках канферэнцыі таксама адбылася дыскусія ў фармаце «World Café», былі прадстаўленыя найцікавыя ініцыятывы ў галіне сельскага турызму, ладзі­ла­ся секцыя «Агратурызм вачыма моладзі».

Скончылася мерапрыемства на ўрачыстай ноце. Былі названыя найлепшыя аграсядзібы 2017 г., якія атрымалі ўзнагароды. У намінацыі «Такога няма ні ў каго» перамагла сядзіба «На Заречной улице» (Брэсцкая вобласць), «Стыль і гармо­нія» – «Фаль­варак «У Рыся» (Гродзенская вобласць), «Здаровы лад жыцця» – «Хо­рошее место» (Гомельская вобласць), «Захавальнік традыцыяў» – «Поўсвіж» (Ві­цеб­ская вобласць). А ў намінацыі «Грамадскае меркаванне» (фактычна прыз гля­дацкіх сімпатыяў) адзначаныя «Мазычи» з Брэстчыны. Як карысны дада­так – ін­фармацыя пра пераможцаў будзе змешчаная ў каталогу аграэкасядзібаў краіны.

Што ж, бачым не толькі колькаснае павелічэнне аграсядзібаў, але і якасць іх паслугаў расце. Цешыць, што большая колькасць гаспадароў звяртае ўвагу на мяс­цовыя адметнасці, робіць іх сваімі «фішкамі», базуе на іх праграмы. Не варта забывацца тут – Беларусь вялікая як плошчаю, гэтак і этнаграфічнымі рэгіёнамі. А грунт гэтага скарбу – мова і людзі. Адно без другога не будзе працаваць. Не забывайцеся, калегі!

Уладзімір ПУЧЫНСКІ

 Прагнозы ад адмыслоўцаў галіны

Аляксандр Тарасёнак, Беларускі дзяржаўны эканамічын ўніверсітэт, кандыдат геаграфічных навук: «Мяркую, праз 10 гадоў будзем рэгістравацца, плаціць, уліч­ваць толькі праз інтэрнэт. Чакаю, што 50 адсоткаў наведнікаў будзе беларусаў, 20 – ра­сіянаў, па 10 – палякі і ўкраінцы. Прыбытковасць павысіцца прыкладна ў пяць разоў».

Жанна Тарасевіч, Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя М. Куняўскага: «Хачу пабачыць праз 5 –10 гадоў самарэгуляваны сапраўдны бізнес, які любому суб’екту прыносіць прыбытак. І хачу звярнуць увагу агра­ся­дзі­баў: паглядзіце яшчэ ўказ пра грамадскае харчаванне і гандаль на сяле. Ду­маю, гэта яшчэ адзін варыянт вашага развіцця і атрымання прыбыткаў».

Анатоль Ганец, аграсядзіба «Ганка»: «Калі ў нас ідзе такімі тэмпамі раз­віц­цё агратурызму 15 гадоў, то, мяркую, праз 5 з’явіцца вельмі шмат новых ціка­вых праектаў на кожнай аграсядзібе. Думаю, гэта будзе цесная сувязь іх гас­па­дароў і мясцовых уладаў. Мне падаецца, што нашмат болей прыедзе да нас еў­ра­пейцаў, бо іх цікавіць нашая Беларусь: яны проста ў захапленні ад прыга­жос­ці, зеляніны».

Віталь Грыцэвіч, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь: «Калі 3 – 4 гады таму расла колькасць сядзібаў па 200 – 300 на год, то за апошні год дадалося толькі з 60. Думаю, ліч­ба будзе расці, але яна не будзе настолькі вялікаю. Я б даў прагноз, што праз га­доў пяць будзе 2 600 аграсядзібаў (цяпер іх 2300. – «КГ»). Я бачу, што праз 5 – 10 гадоў вырасце якасць паслугаў, а таксама іх колькасць.

Валерыя Кліцунова, «Адпачынак у вёсцы»: «Мы жывем у рэальнай краіне, аб­ставінах, вельмі залежым ад знешняга асяроддзя. Калі будзе змяняцца, ска­жам, палітычная воля, калі не будуць мяняцца ўмовы гульні, калі захаваецца тэн­дэнцыя падтрымкі агратурызму, то я вельмі аптымістычна гляджу. А яш­чэ – калі захаваецца партнёрства: калі банк застаецца сацыяльным парт­нё­рам, калі міністэрства ды іншыя звязаныя з намі органы ўлады падтрымаюць нас, калі рэгіянальныя прадстаўнікі таксама з намі, то ў нас з’явіцца вельмі доб­ры прадукт. Мы будзем цікавыя ў свеце, калі створым свой унікальны канку­рэнт­а­здольны прадукт. Давайце захаваем беларускасць сядзібы, давайце зра­зумеем, што менавіта ў гэтым цікавасць замежнікаў прыязджаць сюды. Вядома ж, улічваць моду на здаровы лад жыцця, на арганічнае харчаванне, памятаць, што турысты едуць па ўнікальны досвед – гэта ўнікальны тавар. Калі ўсё спра­цуе, то я вельмі аптымістычна гляджу на агратурызм».

Папярэднi артыкулЗемлякі ў свеце
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам