Гісторыя Агратурызм Асоба ў краязнаўстве

Асоба ў краязнаўстве

-

- Рэклама -

 Пра шчасце, пра песню і пра боль Верхнядзвіншчыны

Паэт, гумарыст і краязнаўца Антон БУБАЛА нарадзіўся 27 кастрыч­ні­ка 1942 г. у вёсцы Гісялёва Асвейскага (цяпер Верхнядзвінскага) раёна ў сялянскай сям’і. Праз архівы ўдалося здабыць дакумент, які сведчыў, што ўвесну 1943-га 5-месячны Антон стаў вязнем Саласпілскага канцлагера. Праз гэты лагер прайшла і ўся яго сям’я.

Скончыў Дрысенскую школу з залатым медалём.Чытаць далей…

Яго біяграфія насычаная геаграфічнымі назвамі, між якімі не дзясяткі – сотні кіламетраў. Мяркуйце самі. У 1963 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт Даўгаўпілскага педінстытута (цяпер Даўгаўпілскі ўніверсітэт, Латвія), а ў 1972 г. завочна геаграфічны факультэт у Камсамольску-на-Амуры (Расія). Такім чынам, Антон Францавіч – настаўнік матэматыкі, фізікі і геаграфіі. Служыў у арміі пад Ноўгарадам (Расія), працаваў настаўнікам, завучам у школах у Латвіі, г. Амурску, у родным раёне і Верхнядзвінску. Нейкі час працаваў у аддзеле прапаганды і агітацыі райкама камуністычнай партыі, тры гады быў супрацоўнікам раённай газеты «Дзвінская праўда», узначальваў аддзел культуры райвыканкама. З 1995 г. настаўнічаў у Сенькаўскай базавай школе, большым часам жыў у вёсцы Мотужы (бліжэй да састарэлай маці).

Паэтычныя задаткі А. Бубалы развіліся найперш дзякуючы маці, а потым першай настаўніцы Веры Осінай з Сар’і (мястэчка непадалёк Асвеі) і настаўніцы рускай літаратуры Яўгеніі Лопух з Верхнядзвінска. Пачаў друкаваць вершы з 1972 г. у раздзеле «Дзвінскія заранкі» раённай газеты.

Bubala_01А. Бубала актыўны турыст, займаецца грамадскай дзейнасцю. Але найбольшую вядомасць мае як краязнаўца. Бадай, на Верхнядзвіншчыне (гістарычных Дрысеншчыне ды Асвейшчыне) найбольш дасведчанага ў гісторыі і краязнаўстве гэтага краю адшукаць складана. Ён займаўся зборам матэрыялаў і ўкладаннем двухтомнай хроніка-дакументальнай кнігі «Памяць» Верхнядзвінскага раёна, быў адным з ініцыятараў і актыўным стваральнікам раённага краязнаўчага музея, дзе цяпер і працуе.

Пра сваё захапленне краязнаўствам і турызмам А. Бубала так распавёў у ін­тэрв’ю для абласной газеты «Витебские вести»: «Такі ген ёсць у арганізме, напэў­на, кожнага чалавека. Спачатку асэнсоўваеш сябе як нешта ў сусвеце – вось мая хатка, вуліца, лясок, рэчка, затым цікавішся – а што там далей? У залежнасці ад абставінаў хтосьці з часам пераключаецца на іншыя рэчы, а для некага спазнанне свайго краю становіцца галоўным інтарэсам. З чытанкі для пачатковых класаў памятаю тэкст “Адкуль цячэ Серабранка?”. І ў нашым раёне рэчка з гэткай назвай ёсць, прыток Свольны. Захацелася даведацца, дзе яе пачатак. Аказалася, на Расоншчыне, з крыніцы Серабранкі, там цяпер капліца і купальня ўсталяваныя».

Не кінуў Антон Францавіч захапленне турызмам, ладзіць вандроўкі з сябрамі і аднадумцамі. Да месца назваць некаторых: у Бігосаве гэта настаўніца Алена Хо­дас, у Каханавічах – урач Пятро Квяцінскі са сваім народным клубам «Белыя варо­ны», у Валынцах – настаўніца Наталля Лкотка з мужам. Ён перакананы: «Турызм спры­яе цікавасці да мінуўшчыны, дорыць добрыя эмоцыі ад стасункаў з прыродай, трэніруе фізічна і маральна, таму некалі мы з жонкай бралі ў паходы дзвюх дачок і сына. Цяпер улюбёны ў Беларусь, Верхнядзвіншчыну і наш зяць-басніец, і нашыя ўнукі. Багатая гісторыя, прыцягальныя краявіды, ёсць на чым выхоўваць нашчадкаў».

Любіць сп. Бубала забрацца ў лясныя нетры ці ў балота, здараецца, што і ў зімовы час начуе з сябрамі ў паходзе. Паляўнічазнаўца Ула­дзі­мір Юдзін з турыстычнага комплексу «Красны бор», што на Віцебшчыне, падараваў яму бахілы-ўсюдыходы «з прыбамбасамі», Наталля Лакотка – сядалку для адпачынку на снезе. Самаробнага турысцкага рыштунку таксама хапае. З меліяратарам Генадзем Давыдзёнкам краязнаўца шукае мясціны, дзе раней былі вёскі або хутары. «Дойдзем – запалім касцёр памяці, памолімся», – кажа краязнаўца.

З нядаўніх ягоных клопатаў – лёс занядбанай архітэктурнай спадчыны: «У Верх­ня­дзвінскім раёне на нашых вачох літаральна расцягваецца па цагліне най­старэйшы помнік архітэктуры, апісаны ва ўсіх энцыклапедыях і каталогах. Гаворка пра Асвейскі шпіталь манастыра сясцёр міласэрнасці, пабудаваны ў 1759 г. Някідкі звонку будынак заўсёды прыцягвае ўвагу экскурсантаў сваім імпазантным размяшчэннем. Тым больш, акрамя яго, ад былой велічы стара­жыт­най Асвеі ў мястэчку нічога не засталося. За гэты будынак удвая крыўдна ад таго, што ён спраўна выконваў свае функцыі цягам чвэрці тысячагоддзя, а пасля пабу­довы новай бальніцы ў Асвеі стаў раптам нікому не патрэбны. Але ж гэтыя сцены прастаяць яшчэ не адно стагоддзе!» І такіх помнікаў, мясцінаў, за якія баліць сэрца Антона Францавіча, на Верхнядзвіншчыне багата. Ці пачуе той боль хто іншы, той, хто ўратуе непаўторную веліч старажытнай Дрысеншчыны?

 Падрыхтаваў Уладзімір ПУЧЫНСКІ

(Цалкам чытайце ў № 40 “Краязнаўчай газеты”)

На фота аўтара: А. Бубала, Г. Давыдзёнак і П. Квяцінскі пад час вандроўкі ў Лявонпалі (2003 г.), Мёрскі раён

ГА «Беларускі фонд культуры» і «Краязнаўчая газета» віншуюць Антона Францавіча з юбілеем. Шчыра зычым рупліўцу здароўя, моцы і гэткай жа маладой няўрымслівасці. Няхай зімы ў жыццёвым паходзе не марозяць, леты не выснажваюць, а вакол гуртуюцца аднадумцы.

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам