Гісторыя Беларускае ліставанне Станіслава Манюшкі

Беларускае ліставанне Станіслава Манюшкі

-

- Рэклама -

Не хвалюйцеся: сенсацыі не прадбачыцца. Перад вамі не беларускія пісьмы славутага кампазітара, а толькі іх пераклад. Тое, што Беларусь павінна была займець яшчэ ў мінулым стагоддзі. Мы па-ранейшаму прыпазняемся…

…Аўтографы паэтычныя і нататкі будныя… Аўтографы нотныя і пасланні ліс­тоўныя (жыццёвыя)… Першыя прызначаюцца і расчытваюцца літаратура- ды му­зы­казнаўцамі, іншымі даследнікамі-гісторыкамі, каб і праз стагоддзі, пераўва­со­біўшыся ў рыфмаваныя строфы або ў гукі, чараваць слухачоў Гармоніяй. Тым, чым вабіць, палоніць, на чым трымаецца і чым захапляецца Сусвет.

Другія – звычайныя лісцяняткі, напісаныя найчасцей похапкам (пакуль не ад’ехаў паштовы дыліжанс), з пільнай нагоды нешта паведаміць, узгадніць, папя­рэдзіць. Як пры святле васковых свечак вырываюць яны трапяткія абліччы ча­ла­вечых натураў і той эпохі, калі паўставалі. Знаёмячыся з першай часткай (1826 – 1851) карэспандэнцыі Станіслава Манюшкі (1819 – 1872), фізічна адчуваеш: як яно цяжка й невыносна, змагаючыся з зямнымі турботамі, бедамі, жыццёвым бру­дам, ствараць Вечнае. Як няпроста імкнуцца стаць лепшым за рэчаіснасць «паў­ноч­на-заходняга краю», на якую асудзіў нашых продкаў (паняволеных, але не­скароных) акупацыйны рэжым.

У другім томе ліставання, як прычакаем, паспаліты чытач сам зразумее: па­сля студзеньскага паўстання кампазітар з’ехаў у Варшаву таму, што над Віслай прапанавалі жытло і працу – забяспечаны кавалак хлеба для сямейнікаў. Такой шчодрасцю тут, на разрабаванай радзіме, яго ніхто не мог узнагародзіць. Гіста­рыч­ная «Літва» чарговы раз страціла сына. Польшча набыла еўрапейскага творцу.

Упершыню з аўтографамі Манюшкі я сутыкнуўся, калі ўлетку 1985 года наведаў архівы старажытнага Львова. Адшуканая на абсягах нэнькі-Украіны (на той час выехаць у Варшаву-Кракаў, Рым-Прагу, Парыж ці Упсалу – карацей, за «жалезную заслону» было нерэальна) жменька невядомых лістоў кампазітара выразней пацвердзіла Караткевічава: «…Так многія адыходзілі да суседзяў…». Ролю Манюшкі ў нацыянальнай музычнай культуры пісьменнік акрэсліў трапна: «Калі беларус слухае оперу “Галька” С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй … выразную беларускую песенную аснову. І праўда, вялікі кампазітар нарадзіўся ў Убелі пад Мінскам, выхоўваўся на народнай песні, напісаў аперэту “Ідылія” (тэкст да яе склаў адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры В. Дунін-Марцінкевіч)… Ён увогуле напісаў на словы Марцінкевіча чатыры творы, і гэта, уласна, пачатак оперы беларускай» (раздзел «Голас забароненай Бацькаўшчыны» ў непаўторным эсэ «Зямля пад белымі крыламі»).

І трэба быць беларусамі, каб за ўсё мінулае ХХ стагоддзе так і не займець эпісталярнай спадчыны кампазітара…

І гэта трэба быць беларусамі, каб, маючы ў сябе цудоўны нацыянальны тэа­тр оперы і балета – пакідаць яго безыменным. Аднак перш чым тэатр угана­ра­ваць Манюшкавым імем – належыць у сваім рэпертуары мець хоць нейкія яго творы. Як дуду надзьмеш, так дуда i грае. Манюшка ў нацыянальнай оперы «не йграе аніяк». Маўчанне доўжыцца дзесь з 1969 – 1970 гг., ад 150-годдзя кампа­зітара. Нядобра яно абуджацца-прычашчацца да родных крыніцаў раз на вяку.

Таму апошні папрок: гэта трэба быць беларусамі, з абсалютнай абыякавасцю не толькі да свайго роднага, цяпер бэшчанага, але і да крэўнай даўніны, каб ленавацца нахіліцца ды паслухаць біццё сэрца матухны-гісторыі. Учуць у грукаце кланаваных ансамблевых «песняроў» ХХІ стагоддзя пракаветнае ніхто з гледачоў проста не здольны. Мýзыка – галіна мастацтва, якая адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых мастацкіх вобразах У скавытанні залётных вакалаў (валютных шакалаў) найчасцей не знойдзеш анічога спалучанага з нашым меласам. Ці, як раней казалі нашыя продкі, «пад тую музыку толькі яблыкі красці». І крадуць – дзеля існавання жонак-каханак і сабе на абаранак…

Можа, досыць ужо з нас ананімных паэмаў? Абстрактных сталічных праспектаў? Безыменных тэатраў? Хоць бы перад 200-годдзем з дня нараджэння С. Манюшкі сказаць гучна, хто ён для нас, і што зрабіў кампазітар для славы роднай зямлі…

Так выкрышталізаваўся для мяне частковы адказ, чаму ўсе суседзі вакол (Літва, Польшча, Расія, Украіна) могуць пахваліцца манюшкаўскімі аўтографамі, а ў нас не захавалася анічога: яшчэ з аповедаў хатніх запомнілася, што «за сталін­скімі саветамі» кожны папяровы аркушык, спісаны «польскімі літарамі» нішчыўся, а кнігі прымаліся падалей, каб не мець падставаў быць абвінавачанымі ў захаванні «фашыстоўскіх» дакументаў…

«Ліставанне» паўстала на падставе капітальнага выдання «Збору пісем», пад­рыхтаванага В. Рудзінскім з дапамогай М. Стакоўскай: «Moniuszko Stanisław. Listy zebrane. Przygotował do druku Witold Rudziński przy współpracy Magda­leny Stokowskiej. Kraków, 1969». У ім на блізу 700 фаліянтных старонках пада­дзена больш за 800 аўтэнтычных матэрыялаў, што выйшлі з-пад пяра кампа­зіта­ра: лісты, дакументы, артыкулы. Збор гэты да сёння непераўзыйдзены і не ўзнаў­ляўся. Гартаючы ліста­ван­не, у якое адабрана 106 пісем, няраз прыгадаецца трапнае бальзакаўскае: «Лісты – люстэрка душы». Унікальнасць кожнай эпісталярнай кнігі ў тым, што чы­тач яскрава пабачыць не толькі душу галоўнага героя (у нашым выпадку кампазі­тара С. Манюшкі), але і душу далёкай эпохі Дуніна-Марцінкевіча і Сыра­комлі, Кіркора і Міладоўскага… Карацей, некалькі дзесяцігоддзяў пазамінулага стагоддзя.

 Язэп ЯНУШКЕВІЧ

(Далей чытайце ў №№ 14-15 “Краязнаўчай газеты”)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам