Ноч кніжных гурманаў у Пружанах
Інтэлектуальны адпачынак для гараджанаў «Ноч кніжных гурманаў» з нагоды Дня бібліятэк наладзіла Пружанская цэнтральная бібліятэка імя М. Засіма. Святочны настрой стварыла своеасаблівае афармленне, над якім працавалі мастак Ала Ільяшэвіч і бібліятэкар Раіса Зінчук. Рэпрадукцыі карцінаў у стылі кававага мастацтва ператварылі фае ў стылізаваную кавярню, дзе кожнаму госцю прапаноўваўся кубачак з чароўным напоем. Такі ж водар даносіўся з абанемента, дзе разгарнулі выставу «Чытанне з водарам кавы», прэзентацыю-віктарыну якой правяла Вольга Кумакова. Высветлілася, што маладыя людзі лепш ведаюць пра гэты прадукт, а таму і салодкіх прызоў ім дасталося больш.Чытаць далей…
Атрымаўшы падарункі, кнігаманы рушылі на другі паверх, дзе іх чакала «Гаворачая кніга». На працягу гадзіны былі сумесна «прачытаныя» некаторыя старонкі з кніг М. Мітчэл, Ч. Дзікенса, С. Джыа, А. Бензерука. Гераіняў гэтых твораў выканалі бібліятэкары. Таццяна Аліфер стала тэмпераментнай і напорыстай Скарлет О’Хара, В. Кумакова – чыстай і шчырай англічанкай Мэры Пірыбінгл, Наталля Супруновіч – мэтанакіраванай і ў той жа час летуценнай Джун Андэрсен, Вольга Дзімітруковіч – сціплай і «маленькай» Марынай Сяргееўнай. Паэтаў І. Бродскага, М. Турсун-Задэ, Л. Мялежка, Е. Лось, М. Лужаніна, Я. Янішчыц прадставілі Таццяна Гуторкіна, Марына Каршункова, Наталля Красько, Іна Антаноўская, Наталля Чэчка. З задавальненнем свае любімыя паэтычныя радкі прачыталі і наведнікі мерапрыемства. Выдатным дапаўненнем да кожнага твора было выступленне саксафаніста Сяргея Більшэвіча. Пявучы тэмбр інструмента магічна дзейнічаў на слухачоў, і многім здавалася, што дай ім крылы і яны пад рытм вальса завіруюць над горадам. Але трэба было заставацца на месцы, бо далейшая праграма была не менш цікавай.
У літаратурнай гасцёўні першае сольнае выступленне даваў Уладзімір Грышкевіч. Пад гітару гучалі ўласныя вершы і песні пра маці, радзіму, каханне.
У гэты ж час працавала майстэрня народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай, і ахвочыя мелі магчымасць займець уласны партрэт.
Завяршылася вечарына прэзентацыяй «Буктрэйлеры для кніжных гурманаў». Такая своеасаблівая рэклама дазволіла прыцягнуць увагу да значных твораў, што пакідаюць след у душы.
Вольга МАКАРЧУК
Фота: Іна АНТАНОЎСКАЯ, Надзея КАЗЛОЎСКАЯ