Навіны Будзем памятаць мы…

Будзем памятаць мы…

-

- Рэклама -

 Імпульс, увасоблены ў чалавеку

Цягам некалькіх гадоў рубрыку «Традыцыі і сучаснасць» у нашай газеце вёў вядомы журналіст, музычны крытык Вітаўт Мартыненка. А займаўся музычнай журналістыкай ён цягам усяго жыцця. Працаваў у газеце «Чырвоная змена», супрацоўнічаў з рознымі выданнямі, дзе пісаў пра музыку – перш айчынную, а таксама пра замежную, распавядаў пра найлепшыя ўзоры для выканаўцаў.

Да месца тут прыгадаць і яго паплечніка Анатоля Мяльгуя, з якім супрацоў­ні­чаў ад пачатку 1980-х гг.; выдалі своеасаблівыя энцыклапедыі «Праз рок-прызму» і «222 альбомы беларускага року і ня толькі…». Акрамя таго Вітаўт займаўся перакладамі тэкстаў песень на беларускую мову, пісаў вершы і прозу, фантастычныя апавядан­ні, транслітараваў і выдаў пераклад рамана Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis», зроб­ле­ны ксяндзом Пятром Татарыновічам (у 1956 г. у Рыме першае выданне выйшла па-беларуску лацінскім шрыфтам). Апошняя кніга Вітаўта – зборнік дыскусіяў «Rock on-line».

29 верасня В. Мартыненку споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння. З гэтай нагоды калегі ды музы­кі зладзілі канцэрт памяці творцы. Спецыяльна да канцэрта выдадзены зборнік пе­сень, напісаных на яго вершы або ім перакладзеных. Напярэдадні падзеі жур­налістка Анастасія Дубовік распытала дзеячаў культуры розных пакаленняў пра асобу Вітаўта. Прапануем чытачам вытрымкі з тых інтэрв’ю.

Лявон Вольскі (музыка):

– Я пазнаёміўся з Вітаўтам у сярэдзіне 1980-х. Ён тады працаваў у газеце «Чырво­ная змена», вёў музычную калонку. Падыход у Вітаўта да гэтай працы быў просты і бескампрамісны: калі выканаўца пяе па-беларуску – значыцца, гэта выдатны ар­тыст. Бескампрамісны падыход ён пранёс, як сцяг, праз усё жыццё – у сваіх кнігах, крытычных артыкулах, у жывых зносінах. Гэта была поўная нязломнасць. Ка­гось­ці яна палохала, для кагосьці была дзіўнай на мяжы з вар’яцтвам. Бо ўсе мы ў розныя часы былі гатовыя ісці на розныя кампрамісы, а быць нязломнымі змагарамі было не прынята.

Сяргей Скрыпнічэнка (музыка, дызайнер):

– Я сустрэў Вітаўта Мартыненку выпадкова ў клубе філафаністаў у 1989 г. Так называлася пляцоўка на ганку ДК глуханямых, дзе абменьваліся і набывалі кружэлкі. Мяне зацікавіў дзіўны дзядзька, у якога на куртцы ззаду было напісана «беларус». У 1989 г. гэта выглядала крыху недарэчна і як мінімум выклікала пытанне. Я адразу з ім пазнаёміўся…

Мартыненка быў выбітны чалавек, апантаны сваімі незвычайнымі поглядамі на мяжы з хваравітасцю. Яму было цяжка, таму што ў яго дзейнасці да адраджэння бе­ларускасці – і без таго сацыяльна складанай рэчы – дадавалася захапленне бела­рускамоўнай музыкай, якой было насамрэч вельмі мала, прычым вельмі доўгі час.

Пры ўсім Мартыненка быў цалкам пазітыўным чалавекам. Безумоўна, музычная дзейнасць была яго прызваннем. Ён з тых, хто працаваў на ніве адраджэння, прычым, здымаю капялюш, ён займаўся гэтым абсалютна шчыра, не для выгодаў і насуперак прыватным інтарэсам.

Сяргей Васілюк (лідар украінскага гурта «Тінь Сонця»):

– Мы пазнаёміліся з Вітаўтам Мартыненкам у 2007 г., калі «Тінь Сонця» ўпер­шы­ню гралі на фестывалі «Купальскае Кола» ў Мінску. Там жа мы выканалі «Песьню Чу­гайстра» ў беларускім перакладзе спадара Мартыненкі. Мы дагэтуль ніколі не бачы­ліся, хаця і перапісваліся. Ён быў вельмі адкрытым чалавекам, з ім было цікава пагутарыць – і пра музыку, і пра жыццё нашых брацкіх народаў. Ён шчыра сімпатызаваў Украіне, я заўжды перажываў за беларусаў.

Праз некалькі гадоў ён пераклаў яшчэ адну нашую песню «Дорога в ліс», што ўвайшла ў альбом «Танець Серця». З таго часу мы бачыліся на кожным нашым канцэрце ў Мінску.

Было вельмі сумна, што Вітаўт так хутка пайшоў з жыцця… Калі гэта здарылася, я не доўга думаючы кінуў усё і ўзяў квіток на Мінск. Думаю, ён нават чуў, як мы спявалі «Александрыну», узгад­ваючы яго. Удзячны лёсу, што быў з ім знаёмы.

Адам Глобус (празаік, паэт, мастак):

– Чалавек застаецца ў памяці, калі пра яго складаецца пэўная міфалагема. А мі­фа­лагема складаецца пра чалавека толькі ў тым выпадку, калі ён здзейсніў пэўную колькасць подзвігаў. Я вылучыў для сябе найістотнейшыя подзвігі В. Мартыненкі.

Па-першае, ён са стандартнага савецкага Віктара стаў Вітаўтам. Лічы, пазначыў сябе княскім імем, прызначыў у каралі. На мой погляд, гэта вельмі мужны ўчынак – перайсці з просценькага дваравога Віцькі ў велічнага Вітаўта.

Па-другое, ён хадзіў у куртцы, на спіне якой было напісана «беларус». Цяпер гэта падаецца звычайным. А тады Мартыненка быў першым, адзіным, пазначаным не проста чалавекам, а менавіта беларусам.

Па-трэцяе, мы разам стваралі «Тутэйшых» – арганізацыю маладых беларускіх пісьменнікаў, якія літаральна ахвяравалі свой час, здароўе і жыццё дзеля таго, каб жыла беларуская мова і развівалася сучасная беларуская літаратура.

Ну і больш лірычны подзвіг Мартыненкі – яго вядомае ўсім захапленне рок-н-ролам. Ён быў не проста аматарам рок-н-рола, але і яго прапагандыстам. Ён напісаў першую рок-энцыклапедыю. Нават прыдумаў спецыяльны тэрмін «стод-рок», які характарызаваў менавіта беларускі рок.

Андрэй Плясанаў (музыка, мастак, рэжысёр):

– У 1999 г. мы сустрэліся на канцэрце, і я папрасіў Вітаўта зрабіць некалькі пера­кладаў маіх песень на беларускую мову, а таксама даць мне пару ўласных вершаў, каб я паспрабаваў напісаць на іх музыку. У далейшым ён перакладаў для мяне яшчэ і ўкраінскія вершы. Напэўна, я адзіны ў Беларусі музыка, які напісаў большую колькасць сваіх песень на вершы Вітаўта, і ён аўтар амаль усіх перакладаў маіх песень.

Мы сябравалі з Вітаўтам з 2000-га да самай яго смерці і бачыліся практычна праз дзень. Ён быў калекцыянерам беларускамоўнай музыкі, і дзякуючы яму мно­гія з тых, хто хадзіў на канцэрты, не толькі даведваліся пра гэтую музыку, але і набывалі яе.

Вітаўт Мартыненка і яго сябар Анатоль Мяльгуй здолелі зрабіць тое, што ніхто не здолеў зрабіць лепш, – яны напісалі выдатныя кнігі, якія ператварылі беларус­ка­моўную незалежную музыку ў беларускае музычнае мастацтва.

Уладзіслаў Наважылаў (лідар метал-гурта «Gods Tower»):

– Мы з Мартыненкам асабіста пазнаёміліся даволі позна, апошнім часам перасяка­ліся толькі на канцэртах, таму нават нармалёва паразмаўляць часу не было. Ві­таўт – чалавек з каласальным гістарычным багажом, які мае адказы шмат на якія пытанні, досыць харызматычны, але просты ў камунікацыях – на мой погляд, менавіта такім і павінен быць рок-журналіст. Нават кароткія размовы з ім былі глыбокімі, бо ты адказваў на яго пытанні, а гледзячы ў яго вочы, міжвольна хацелася сказаць як мага болей.

Алег Хаменка (музыка, культурны дзеяч):

– Вітаўт Мартыненка адыграў у беларускай музычнай журналістыцы надзвычайна значную ролю. На мой погляд, куды больш значную, чым, напрыклад, той жа Арцём Троіцкі ў рускай. Я добра памятаю газету «Чырвоная змена», дзе, напэўна, упершыню з’явілася сапраўдная аналітыка замежнай музыкі яго аўтарства.

Інфармацыйная падрымка выдання нашых гуртоў на плытах студыі гуказапісу «Мелодия», першы афіцыйны рок-клуб «Няміга», першая кніжка пра беларускую рок музыку ў Нью-Ёрку, фэст «Тры колеры».., усяго не пералічыць. Вітаўт насіў куртку з надпісам «Я – беларус!»… Цяпер гэта празаічна, а тады гэта быў вельмі смелы выклік грамадству. Калі нехта думае ці разважае пра тое, «які ён, вобраз сучасных герояў?» – то для мяне гэта відавочна.

Сяргей Сахараў (галоўны рэдактар часопіса пра Мінск «CityDog»):

– На пачатку 1990-х імя Мартыненкі было ключавым у беларускай музычнай журна­лістыцы. Ён меў каласальны ўплыў на людзей, быў сапраўднай легендай. Ён спра­ба­ваў зрабіць з рокавых беларускіх музыкаў, якіх у той час фактычна не было, гуч­ных «поп-зорак» у заходнім значэнні гэтага слова. Было адчуванне, што нешта можа змяніцца, і неўзабаве з’явіцца нацыянальная музыка. Мартыненка пастаянна казаў, што нацыянальная музыка = беларуская му­зы­ка, яна не можа быць руска- ці англамоўнай. Я запомніў яго чалавекам, які цвёр­да адстойваў такую пазіцыю. Яго кнігі, рэцэнзіі, су­месныя з Супрановічам складанкі – каштоўны культурны падмурак беларускай му­зы­кі, які назаўжды застанецца ў гісторыі. Прычым Мартыненка – чалавек, які не проста спрычыніўся да агульнага руху, а дзякуючы якому гэты падмурак увогуле стварыўся. Ён быў культурным імпульсам.

Віталь Супрановіч (музычны прадзюсар, арганізатар канцэрта ў памяць В. Мартыненкі):

– Для мяне Вітаўт Мартыненка – не проста сябар, настаўнік, але і чалавек, які спры­чыніўся да з’яўлення беларускага року. Гэты чалавек разам з Анатолем Мяль­гуем у 1980-х гадах рабіў сапраўдную музычную рэвалюцыю, засноўваючы першыя беларускія рок-клубы і фестывалі.

Невядома, як бы сёння выглядала нашая музыка, калі б не было Вітаўта. Але ён быў, і мы маем выбітных беларускіх артыстаў, аншлагавыя канцэрты і беларусаў, якія ведаюць і слухаюць сваё.

 Анастасія ДУБОВІК

Папярэднi артыкулБеларускія характары і мясціны
Наступны артыкулДзень горада
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам