Гісторыя Агратурызм Чалавек па-суседстве

Чалавек па-суседстве

-

- Рэклама -

«Сустрэча з цікавым чалавекам»

 Ва ўрочышчы спыняю крок…

Калісьці тут стаяла хата…

Пакрыўся дзірваном грудок,

Ды ў кветніку здзічэла мята.

Вось толькі яблыня адна

Адсюль глядзіць удаль, на поле,

Перапляла ў журбе яна,

Як пальцы рук, старое голле.

Не спіцца па начах старой,

Ды штосьці шэпча на рассвеце,

Як тая маці, ад якой

У горад паўцякалі дзеці.

 Мае дзеці, пяцікласнікі, сядзяць ціха. Ніколі за гэтыя паўгода не бачыла іх такімі ціхмянымі, удумлівымі…

«Дзеці, у нас сёння будзе сустрэча з цікавым чалавекам», – неяк сказала ім пасля ўрокаў. І мы разам пайшлі ў госці да жанчыны паважанага ўзросту, якой крыху за 80.

«Што ж, вам, дзеткі набаяць, пра што пагукаць?» – пытаецца Еўдакія Аляксандраўна Гумоўская. «Пра тое, як жылі раней, як працавалі, як адпачывалі, якія песні спявалі», – адказваю за дзяцей, якія крышку разгубіліся.

Дзеці часта бачылі гэтую ўсмешлівую бабулю па дарозе на пошту, у краму, віталіся з ёю, часам дапамагалі як маглі і ніколі не размаўлялі з ёю, не пыталіся пра яе даўняе дзяцінства, пра маладосць. Чым жыла даўно-даўно гэтая жанчына? Чым жыве цяпер?Чытаць далей…

А Еўдакія Аляксандраўна гасцей любіць. Яна з той жа ўсмешкай, з якой прывыклі бачыць жанчыну аднавяскоўцы, расказвае дзецям пра даваеннае жыццё, пра арганізацыю калгаса ў Баброве, пра тое, як даіла калгасных кароваў у 15-гадовым узросце, а ў 18 ужо «хадзіла за свіннямі». «Свінні мяне завялі ў Маскву на ВДНГ», – робіць выснову Еўдакія Аляксандраўна. «Куды, куды хадзілі свінні?» – не вытрымлівае Леначка, мая самая няўрымслівая дзяўчынка.

І я тлумачу дзецям незразумелае і таямнічае слова – ВДНГ і… куды хадзілі свінні. А гэтым часам гаспадыня падносіць нам скрыначку з беларускім арнаментам – і на дзіцячай руцэ самыя сапраўдныя медалі з той самай ВДНГ, «Пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва».

Вучні перадаюць беражліва з рукі ў руку «рарытэты». «Адкуль у вас такое слова?» – пытаюся ў іх. «Усё, што старое – рарытэт», – тлумачыць мне за ўвесь клас Палінка, мая самая сур’ёзная і ўдумлівая дзяўчынка.

Старэе вёска. Адыходзяць у іншы свет аднавяскоўцы. А з імі – тыя непаўторныя, адмысловыя мясцовыя слоўцы, што некалі казалі толькі ў суседніх вёсках, і больш нідзе-нідзе. І калі слова можа запомніць з вясковага дзяцінства нейкі цяперашні «наваспечаны» гараджанін і перадаць яго дзецям, а тыя – сваім дзецям, то назвы палёў, урочышчаў, былых фальваркаў, дворышчаў і хутароў ужо не верне ніхто. Бо каб ведаць, як называецца гэтае поле ці пералесачак, балотца ці грудок, трэба па ім хадзіць, працаваць на ім. Трэба, каб паказалі на месцы, а не махнулі рукою – там, дзесьці.

А тыя ж, хто могуць паказаць на месцы, ужо не дойдуць туды. І таму гады чатыры таму мы з вучнямі вырашылі: збіраем словы, выразы, праклёны, назвы былых вёсак і хутароў, назвы палёў і ўрочышчаў. «І будзем мы маляваць свае карты», – падказала я некалі сваім першым цікаўным вучням.

Гэта сёння мае дзевяці- і адзінаццацікласнікі расказваюць са смехам, як сядзелі «ў засадзе» з сшыткам і алоўкам каля лаўкі, дзе «пляткарылі» бабулькі; як аднойчы спецыяльна пасварылі дзвюх суседак, каб тыя праз плот адна адну пракліналі, а тым самым далі добры матэрыял для чарговай даследчай працы; як садзіліся да трактарыста пакатацца па палях і папытацца назвы, а той (ну трэба ж такому здарыцца!) ездзіў і ездзіў узад-уперад па адным і тым жа полі – пахаў.

Сёння мы згодныя нават на тое, каб хтосьці махнуў рукою – паказаў «там і там». А мы замалюем на карту самі. Так, мы можам крыху памыліцца. Але ж затое не знікне назва. А можа, яшчэ і легенда ці паданне знойдзецца?

Бабуля Еўдакія памятае, дзе стаяў кожны хутар вакол Баброва. Так цяпер, аказваецца, называюцца палі. Якіх мы толькі назваў не пачулі: і Папкоўшчына, і Раманаўшчына, і Анахаўшчына, і Тарэнтаўшчына. А яшчэ, ёсць Савічава, Козарава і Галаі, Калістратава, Кругліца і Качаніха. Ёсць Гуцарава усадзьба, Вярбіцкія хутары і Леванёнкаў хутар. А адно поле называецца Аніска і Ахрэм. Ну не захавала памяць народная прозвішча братоў-хутаранаў, а толькі іх імёны. А Дармавізна – гэта гара, на якой ні адзін чалавек не паставіў свой хутар. «І дарма тая гара нікому не трэба – пустая яна», – тлумачыць бабуля.

Я запісваю ў сшытак назвы і крадком назіраю за дзецьмі. Яны слухаюць вось ужо трэцюю гадзіну. Значыць, цікава. Значыць, застанецца ў памяці. Значыць, не вырастуць раўнадушнымі з думкаю «хутчэй бы адсюль, хутчэй бы ў горад»…

«А мы пойдзем яшчэ на сустрэчу з цікавым чалавекам?» – пытаецца Слава, мой адзіны хлопчык у класе. І я лаўлю яго думку – сустрэча з цікавым чалавекам. Сапраўды, хай так сёлета называюцца нашы паходы, сустрэчы і размовы. «Так, Славачка, а цяпер мы сходзім да тваіх дзядулі і бабулі», – адказваю яму. «І што яны цікавае раскажуць? – здзіўляецца шчыра ўнук. – Я сто разоў з імі гаварыў – нічога цікавага».

Я так чакала сустрэчы з Аляксеем Фёдаравічам Карусевічам, дзядулем Славы, а ён нам сказаў кароткае: «Не! Не цяпер!» – «А калі?» – «Не ведаю. Пагляджу». Прайшло тры-чатыры дні. Было шкада, я нават ужо і надзею страціла, як раптам… званок у настаўніцкую. «Я чакаю вас сёння».

Гэта пры сустрэчы я даведалася, што Аляксей Фёдаравіч усе дні маляваў на аркушыку карту мясцовасці, падпісваў назвы ўсіх палёў вакол не існуючай цяпер яго роднай вёскі Падаліцы, што тулілася некалі каля вялізнага балотнага масіву Рэпішча-Рымаўшчына. Ён успамінаў легенды і паданні, расказваў днямі сваёй жонцы, каб тая пасля, пры сустрэчы, не дала забыцца ці памыліцца. Нават сваю нявестку, завуча нашай школы, прымусіў «злазіць у інтэрнэт і паглядзець, што там кажуць пра Падаліцы».

І вось мы трымаем у руках пажоўклы двайны аркушык з вучнёўскага сшытка. «Я пачаў гэтую працу даўно, а потым кінуў, – расказвае Аляксей Фёдаравіч, – бо нікому не патрэбная яна. А тут вы. Перадаю вам самае дарагое – памяць».

Пры гэтых словах мае дзеці ўсталі. Самі. Як па камандзе. І ручкі па паперку працягнулі разам. Каб не пачалі адбіраць адно ў аднаго, забрала сама – гэта наша агульная памяць.

Па дарозе да школы пытаюся, як звычайна, што запомнілася. Аказваецца, усё. Бо назваў палёў і ўрочышчаў каля заціснутай балотамі вёсачкі не так і шмат. Але ж якія яны адметныя. І хутароў тут было мала. Спрадвеку была вёсачка. І Макрадзі, і Глінішча, і Міхеева лужына, і Малахаў астроў, і Сцёпачкін равок, і Сабачы востраў, і Конскае кладбішча, і Камень у лужыне запомнілі мае вучні. Што ўжо і казаць пра такія лёгкія назвы, як Ляды, Чортаў ручай, Часцяк ці Чарцягі. Але ж больш за ўсё запомніўся Прырэз.

Прырэз – невялічкае поле адразу за вясковымі могілкамі і зарослай, былой палявой, дарогай да суседняга Залесся. Аказваецца, выкарчаваў Сялява (заможны пан з Губіна, у якога была «бумажная фабрыка») лес, а пні пакінуў. Пачало пускацца расці «абы-што». На агульным сходзе вырашылі сяляне адкупіць зямлю ў складчыну і «давесці яе да ладу». Спадзяваліся, што нядорага ім абыдзецца, бо пні стаяць. Так яно і выйшла: купілі задарма, давялі да ладу, агульна выкарыстоўваць сталі, значыць, прырэзалі. Адсюль – Прырэз.

Дзядуля Аляксей Карусевіч – энтузіяст-аматар. Да былых вёсак Падаліцы і Гарані ён трактарам прыцягнуў вялікія-вялікія камяні і фарбай зрабіў надпісы: «Стой, падарожны, спыніся! Тут была вёска…» І міжволі каля такіх камянёў успамінаецца і вайна, і Чарнобыльская зона… Але ж – наш час…

«Я і не ведаў, што мой дзед такі разумны, – зрабіў выснову Слава. – Вось майму Максіму раскажу!»

Да Таісы Ларывонаўны і Івана Паўлавіча Марозаў мы завіталі «на хвілінку». Здзіўленне наша было шчырым, калі ў руках у гаспадара з’явіўся аркушык, на якім побач з прамой лініяй стаялі загадкавыя літары.

«Я гадоў дзесяць назад сеў і напісаў – успомніў, дзе хто жыў у суседніх вёсках і ў маім родным Гарадцы, – чырванеючы, як дзіця, саромеецца чамусьці свайго ўчынку Іван Паўлавіч. – Толькі замест імёнаў і прозвішчаў – ініцыялы».

Як я люблю вас, мае захавальнікі далёкай і недалёкай гісторыі, словаў, назваў…

«Мы пойдзем яшчэ на сустрэчу з цікавым чалавекам?» – «А вам спадабалася?» – «Усё!» – «Ну тады пойдзем!»

Такі дыялог у нас з дзецьмі заўсёды, пасля кожнай сустрэчы.

Па іх паводзінах, па іх успамінах бачу і веру: не забудуць, захаваюць, перададуць сваім дзецям і ўнукам словы, выразы, назвы мае сённяшнія пяцікласнікі Паліна Жлоба, Вячаслаў Карусевіч і Алена Пліско.

 Надзея ХАВАНСКАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баброўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Лепельскага раёна

 Р.S. А верш пра старую яблыню напісаў дзядуля Славы – Аляксей Карусевіч!

Папярэднi артыкулІніцыятыва бібліятэкі
Наступны артыкулСтарая кніга пра Беларусь
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам