Са спадчынай продкаў у будучыню
Жыццё імкліва ляціць наперад. І здабываючы кожны дзень нешта новае для сябе, мы непрыкметна губляем тое святое, спрадвечнае, што нашыя продкі называлі непарыўнай повяззю часоў, – нашу спадчыну. А яна выяўляецца як у людзях, так і ў прадметах штодзённага побыту мінулых стагоддзяў.
Супрацоўнікі Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту распрацавалі цыкл музейна-педагагічных інтэрактыўных заняткаў «Са спадчынай продкаў у будучыню». Ён уключае ў сябе розныя тэмы. Гэты напрамак працы – важная частка дзейнасці музея. Заняткі прадугледжваюць працу з дзецьмі рознага ўзросту з выкарыстаннем музейных прадметаў.Чытаць далей…
Цыкл музейных інтэрактыўных заняткаў уяўляе сабою вандроўку ў мінулае нашых прабабуляў і прадзядуляў. Заняткі «Каляда-калядкі, збірайцеся, рабяткі» распавядаюць пра традыцыі калядавання ў Беларусі, знаёміць з вуснай народнай творчасцю, прысвечанай гэтаму святу. Заняткі «Вясна прыйшла! Цяпло знайшла!» праходзяць у форме гульні. Вучні разам з супрацоўнікамі музея «гукаюць вясну» так, як рабілі нашыя продкі. Усё гэта падмацаванае фальклорным матэрыялам. Заняткі «Ой, рана на Івана…» праводзяцца ў забаўляльнай форме і знаёмяць з традыцыямі святкавання Купалля. Заняткі «Прыйшоў Багач – кідай рагач…» уяўляюць сабой музычнае мерапрыемства ў народным стылі з гульнямі, песнямі, конкурсамі.
Усё, што мы робім,і спрыяе вывучэнню беларускай абраднасці, фальклору, знаёмяць з прыладамі працы, хатнім начыннем, вырабамі рамёстваў. Можна сто разоў гаварыць пра талент, працавітасць, дасціпнасць і мудрасць беларусаў, але лепш, калі дзеці самі пачуюць песні, пагуляюць у гульні нашых продкаў. Тады яны пераканаюцца, што прыгожыя словы пра наш народ не выдумка, што нам ёсць чым ганарыцца.
Дзінара ХАРОШКА, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея