Народныя сакратары, наркамы, міністры…
Не – «хлеба і цырку», а вольнымі быць,
не – ласкі чужацкай, а собскага права!
Пракляцце – хто ворагу будзе служыць,
а праўду і волю баронячым – Слава!
Ларыса Геніюш
У гэтыя дні, калі ўрачыста адзначаецца юбілей – 100-годдзе Міністэрства замежных спраў Беларусі, – мы павінны не проста ўспомніць і пералічыць, а ўславіць і ўганараваць тых, хто ахвяраваў сваё жыццё ў імя Беларусі, «згарэў, як свечка» за яе свабоду і незалежнасць. Гэта былі розныя па сацыяльным паходжанні, веравызнанні, веры, адукацыі, ідэалагічных поглядах людзі, але ўсіх іх яднала адно – любоў да Радзімы і свайго народа, сапраўдны патрыятызм.
Як правіла, усе яны нарадзіліся на беларуска-польскім ці беларуска-літоўска-латышскім памежжы, што дазволіла ім ужо ў юнацкія гады зразумець самабытнасць і адрозненне нашай культуры і мовы ад іншых. Вельмі цікавую думку мы знаходзім у Юзафа Пілсудскага, які аднойчы параўнаў Польшчу з абаранкам, дзе ў цэнтры – дзірка, а ўсё лепшае – па краях.
Практычна ўсе героі нашага артыкула – гэта маладыя людзі, якія яшчэ не дасягнулі, вобразна кажучы, нават узросту Ісуса Хрыста, гарачыя, рамантычныя, пасіянарныя, менш за ўсё заклапочаныя асабістым лёсам. Крах старога ладу жыцця, рэвалюцыйная віхура падзеяў прывялі да таго, што з глыбіні простага народа ў Яе Вялікасць Гісторыю рашуча ўступалі і самаахвярна ўдзельнічалі сапраўдныя героі, волаты нацыянальнага духу. Цікава адзначыць, што стваральнікі нацыянальнай знешняй палітыкі практычна ўсе адначасова былі і кіраўнікамі нацыянальных урадаў, як савецкіх, гэтак і бэнээраўскіх. У розных гістарычных абставінах яны называліся народнымі сакратарамі, наркамамі, міністрамі, што не ўплывала на галоўную мэту іх дзейнасці – дасягненне незалежнасці Айчыны.